БУКЕ́ЕВА Хадзіша
(н. 21.2.1917, г. Казталаўка, Казахстан),
казахская актрыса. Нар. арт. СССР (1964). Скончыла Ленінградскі тэатр. ін-т (1938). Працавала ў Чымкенцкім т-ры, у Т-ры драмы імя М.Аўэзава (Алматы). Лепшыя работы адметныя драматызмам і сцэнічнай выразнасцю: Саўм («Сяброўства і каханне» А.Абішава), Карлыга («Кобланды» Аўэзава), Мехмэнэ Бану («Легенда пра каханне» Назіма Хікмета), Кацярына («Навальніца» А.Астроўскага), Катарына («Утаймаванне свавольніцы» У.Шэкспіра) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1952.
т. 3, с. 325
БУКЕЦІРО́ЎКА,
механічнае прарэджванне шыракарадных пасеваў, калі ў радку на аднолькавай адлегласці застаюцца «букеты» з некалькіх раслін; агратэхн. прыём Выкарыстоўваюць пры апрацоўцы прапашных культур (цукр. буракоў, кукурузы і інш.).
Букеціроўку звычайна праводзяць лапчастым культыватарам упоперак радкоў. Букеціроўку цукр. буракоў пачынаюць у перыяд утварэння першай пары сапраўдных лістоў, кукурузы — 3—4-га ліста, выконваюць на працягу 6—8 дзён. Найб. пашырана схема, калі выраз роўны 27 см, а даўж. «букета» 18 см.
т. 3, с. 325
БУКІНІ́СТ
(франц. bouquiniste ад bouquin старадаўняя кніга),
спецыяліст кніжнага гандлю, які займаецца купляй і продажам твораў друку, што былі ў карыстанні. Букіністы-антыквары — знаўцы старадаўніх і рэдкіх выданняў. Гл. таксама Букіністычная кніга, Бібліяфільства.
т. 3, с. 325
БУКІНІСТЫ́ЧНАЯ КНІ́ГА,
друкаванае ці рукапіснае выданне, якое паступіла ў паўторнае абыходжанне. У сучасным кнігагандлі ў букіністычны ўключаюць гандаль антыкварнымі (выдадзеныя ў перыяд з пач. кнігадрукавання да 1850), букіністычнымі (з 1851 да 1960) і кнігамі апошніх гадоў выдання (з 1961).
т. 3, с. 325
БУКЛЕ́Т
(ад франц. bouclette кольца),
від выдання, зробленага на адным аркушы паперы, сфальцаваным звычайна ў некалькі згібаў, без шыцця (кароткія даведнікі, рэкламныя праспекты і інш.).
т. 3, с. 325
БУКН-ФІЁРД
(Boknfjord),
заліў Паўночнага м., каля паўд.-зах. берагоў Нарвегіі. Даўж. 52 км, шыр. да 25 км, глыб. да 917 м. Шмат дробных астравоў. Порт — Ставангер.
т. 3, с. 325
БУКО́ЛАЎ ПАЎСТА́ННЕ,
антырымскае паўстанне ў Егіпце ў 172 (паводле інш. звестак у 174 ці 175). Назва ад Буколіі — забалочанай мясцовасці ў дэльце Ніла, куды з сярэдзіны 2 ст. ўцякалі сяляне ад цяжкіх падаткаў. Буколы пад кіраўніцтвам жраца Ісідара разбілі рым. легіёны, заваявалі ўвесь Ніжні Егіпет і падышлі да г. Александрыя. Задушана войскамі рым. палкаводца Авідзія Касія, выкліканага з Сірыі.
т. 3, с. 325
БУКО́ЎСКІ
(Bukovskis) Леў Уладзіміравіч (30.5.1910, Рыга — 18.3.1984),
латышскі скульптар. Нар. мастак Латвіі (1976), чл.-кар. АМ СССР (1975). Вучыўся на арх. ф-це Латв. ун-та ў Рызе (1932—35), Фларэнційскай АМ (1938—39). Аўтар помнікаў змагарам рэвалюцыі 1905 на могілках Матыса ў Рызе (1956—59, у сааўт.), мемар. ансамбля Памяці ахвяр фашызму ў Саласпілсе (1961—67, у сааўт., Ленінская прэмія 1970), станковых кампазіцый («На цаліне», 1954—55, «Героі грамадзянскай вайны Э.Берг і А.Жалязняк», 1957) і партрэтаў.
т. 3, с. 325
БУКО́ЎСКІ Уладзімір Канстанцінавіч
(н. 30.12.1942, г. Белябей, Башкірыя),
рускі праваабаронца, палітолаг, пісьменнік. Адзін з першых арганізатараў рас. дэмакр. апазіцыі. За сваю дысідэнцкую і праваабарончую дзейнасць быў выключаны з Маскоўскага ун-та (1961), неаднойчы арыштоўваўся. У 1976 высланы з СССР. Вучыўся ў Кембрыджскім ун-це (1981). У 1982—90 займаўся фундаментальнымі даследаваннямі ў галіне нефрафізіялогіі. Выступіў як адзін з арганізатараў т.зв. Інтэрнацыянала супраціўлення (1983), ініцыіраваў стварэнне ў Нью-Йорку арг-цыі «Цэнтр за дэмакратыю». Ганаровы чл. шэрагу праваабарончых арг-цый. Стварэнне рас. дэмакр. апазіцыі апісаў у аўтабіяграфіі «І вяртаецца вецер...» (выд. ў 1978 за мяжой, у 1990 у Расіі), аўтар артыкулаў пра СССР і інш.
т. 3, с. 325
БУКСІ́РНАЕ СУ́ДНА,
буксір (ад галанд. boegseren цягнуць), самаходнае судна для буксіроўкі баржаў, плытоў і інш. Бываюць: буксіроўшчыкі (перамяшчэнне суднаў з выкарыстаннем троса), штурхачы (перамяшчэнне суднаў штурханнем), кантоўшчыкі (для дапамогі суднам пры швартоўцы да прычала), выратавальнікі (для дапамогі суднам, пацярпелым аварыю). Паводле тыпу рухавікоў можа быць параходам, цеплаходам і электраходам, паводле тыпу рухачоў — вінтавым, колавым, з крыльчатымі рухачамі, паводле месца плавання — рачным, марскім, акіянскім, рэйдавым (партовым).
т. 3, с. 325