Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АНЕМА...

(ад грэч. anemos вецер),

першая састаўная частка складаных слоў, якая па значэнні адпавядае слову «вецер», напр., анемометр, анемахарыя.

т. 1, с. 365

АНЕМАФІЛІ́Я

(ад анема... + ...філія),

анемагамія, ветраапыленне, прыстасаванасць раслін да перакрыжаванага апылення з дапамогай ветру. Адзіны спосаб апылення ў хвойных. Характэрна таксама для многіх кветкавых раслін — злакаў, асаковых, многіх дрэвавых двухдольных раслін (бяроза, асіна, дуб, граб, ляшчына і інш.). У ветраапыляльных раслін звычайна адсутнічае або значна рэдукаваны калякветнік, шматлікія непрыкметныя кветкі сабраны ў суквецці, пазбаўлены афарбоўкі і паху, утвараюць шмат лёгкага сыпкага пылку і інш. Цвіценне часта адбываецца да разгортвання лісця.

т. 1, с. 365

АНЕМАХАРЫ́Я

(ад анема... + ...харыя),

перанос пладоў, насення, спораў і інш. зачаткаў (дыяспораў) раслін паветр. плынямі. Асн. спосаб рассялення наземных споравых раслін, грыбоў і некаторых інш. арганізмаў. Мае значэнне і ў насенных раслін. Пры анемахарыі дыяспоры лунаюць і планіруюць, апалыя пераносяцца ветрам па паверхні глебы, вады або па шарпаку.

Дыяспоры, якія лунаюць, маюць невял. масу (споры, дробнае пылаватае насенне ятрышнікавых, заразіхавых, грушанкавых, званочкавых) або прыстасаванні накшталт парашуцікаў (чубкі на пладах ветравых, на насенні скрыпнёвых, ластаўневых, вярбовых). У дыяспораў, якія планіруюць, ёсць крылападобныя прыдаткі (плады вяза, бярозы, вольхі, клёну, ясеня, насенне хвойных і інш.). Асн. маса дыяспораў разносіцца ў межах да 1 км (адзінкавыя дыяспоры дрэў у буру ці па шарпаку — да 4—10 км, споры грыбоў — часам на сотні кіламетраў).

т. 1, с. 365

АНЕМІ́Я (ад ан... + грэч. haima кроў) малакроўе, захворванні чалавека і жывёл, якія характарызуюцца зніжэннем колькасці гемаглабіну ў адзінцы аб’ёму крыві, часцей пры адначасовым зніжэнні колькасці эрытрацытаў. Адрозніваюць 3 асн. групы анеміі: ад страты крыві; пры павялічаным разбурэнні эрытрацытаў; пры парушэнні ўтварэння эрытрацытаў. Суправаджаюць анемію многія захворванні, у т. л. інфекцыйныя, пры якіх у арганізме ўзнікае дэфіцыт жалеза, вітаміну B12, фоліевай кіслаты. Могуць быць вынікам непаўнацэннага харчавання (асабліва пры недахопе ў ежы мяса). Асн. прыкметы жалезадэфіцытных анемій: бледнасць скуры, галавакружэнне, галаўны боль, «мушкі» ў вачах, ломкасць валасоў і пазногцяў. Анемія, звязаныя з вітаміннай недастатковасцю, часцей адзначаюцца ў пажылых людзей; да агульных прыкмет дадаюцца спецыфічныя — адчуванне пякоты ў языку, паносы, у запушчаных выпадках — сімптомы пашкоджання нерв. сістэмы. Пры гемалітычных набытых і спадчынных анеміях, звязаных з павышаным разбурэннем эрытрацытаў, скура і слізістая абалонкі жаўтушныя. Усе віды анеміі патрабуюць неадкладнага лячэння.

т. 1, с. 365

АНЕМО́ГРАФ

(ад анема... + ...граф),

анемарумбограф, прылада для бесперапыннага аўтам. запісу скорасці і напрамку (румбу) ветру. Адрозніваюць тыпы: чашачны анемограф (прыёмная частка як у анемометра; запісвае скорасць ветру з дакладнасцю 0,5—1 м/с. Анемограф манаметрычны (рэгіструе парывы ветру з дакладнасцю 0,3—0,5 м/с). Найб. дакладны анемограф аб’ядноўвае чашачны і манаметрычны.

т. 1, с. 365

АНЕМО́МЕТР

(ад анема... + ...метр),

прылада для вымярэння скорасці ветру і газавых патокаў. У недыстанцыйных анемометрах скорасць патокаў вызначаецца па скорасці вярчэння ветравога кола, вінта, крыжавіны з паўшар’ямі (анемометр чашачны) або па дадатным ціску (т.зв. трубка Піто), у тэрмаанемометрах — па цеплааддачы нагрэтага дроту. Выкарыстоўваецца таксама аўтаматычны анемометр з сігнальным прыстасаваннем для выяўлення небяспечных парываў ветру і ўключэння проціаварыйных прыстасаванняў. Для бесперапыннага запісу скорасці ветру служаць анемографы.

т. 1, с. 366

АНЕМО́НА,

гл. Кураслеп.

т. 1, с. 366

А́НЕНКАЎ Павел Васілевіч

(1.7.1813, паводле інш. звестак 30.6.1812, Масква — 20.3.1887),

рускі крытык, гісторык літаратуры, мемуарыст. Вольны слухач Пецярбургскага ун-та. У «Отечественных записках» і «Современнике» апублікаваў цыкл артыкулаў «Парыжскія пісьмы» (1847—48). Аўтар кн. «Матэрыялы для біяграфіі А.С.Пушкіна» (1853), «Пушкін у Аляксандраўскую эпоху» (1874), складальнік першага пасмяротнага збору твораў А.Пушкіна (т. 1—7; 1855—57). Найб. значную частку спадчыны Аненкава складаюць мемуары, у т. л. кн. «Выдатнае дзесяцігоддзе (1838—1848)» (1880) — адна з асн. крыніц вывучэння літ. думкі і грамадскага руху 1830—40-х г.

Тв.:

Воспоминания и критические очерки 1849—1868. Т. 1—3. Спб., 1877—81;

Литературные воспоминания. М., 1983.

т. 1, с. 366

А́НЕНКАЎ Юрый Паўлавіч

(23.7.1889, Петрапаўлаўск-Камчацкі — 3.5.1974),

рускі жывапісец і графік. Вучыўся ў вучылішчы А.Штыгліца ў Пецярбургу (1909—11), у Ф.Валатона і М.Дэні ў Парыжы (1911—12). Аўтар вострахарактарных партрэтаў, часта з элементамі гратэску. Адзін з заснавальнікаў сав. кніжнай ілюстрацыі («Дванаццаць» А.Блока, 1918). Мастак тэатра і кіно. Выпрабаваў шэраг кірункаў мастацтва 1-й чвэрці 20 ст., у т. л. кубізм. З 1924 за мяжой (Германія, Францыя). Напісаў «Дзённік маіх сустрэч» (рус. пер. 1991).

т. 1, с. 366

А́НЕНСКІ Інакенцій Фёдаравіч

(1.9.1856, г. Омск — 13.12.1909),

рускі паэт. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1879). Аўтар трагедый «Меланіпа-філосаф» (1901), «Цар Іксіён» (1902), «Лаадамія» (1906), «Фаміра-кіфарэд» (выд. 1913), заснаваных на сюжэтах ант. міфалогіі. Паэзіі Аненскага (зб-кі «Ціхія песні», 1904; «Кіпарысавая шкатулка», 1910; «Пасмяротныя вершы» 1923) уласцівыя дэкадэнцкае светаўспрыманне, адзінства інтэлектуальных і маральных пачаткаў. Выступаў як перакладчык і крытык («Кніга адлюстраванняў», т. 1—2, 1906—09).

т. 1, с. 366