А́НЕНКАЎ Юрый Паўлавіч

(23.7.1889, Петрапаўлаўск-Камчацкі — 3.5.1974),

рускі жывапісец і графік. Вучыўся ў вучылішчы А.Штыгліца ў Пецярбургу (1909—11), у Ф.Валатона і М.Дэні ў Парыжы (1911—12). Аўтар вострахарактарных партрэтаў, часта з элементамі гратэску. Адзін з заснавальнікаў сав. кніжнай ілюстрацыі («Дванаццаць» А.Блока, 1918). Мастак тэатра і кіно. Выпрабаваў шэраг кірункаў мастацтва 1-й чвэрці 20 ст., у т. л. кубізм. З 1924 за мяжой (Германія, Францыя). Напісаў «Дзённік маіх сустрэч» (рус. пер. 1991).

т. 1, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)