АНЕМІ́Я (ад ан... + грэч. haima кроў) малакроўе, захворванні чалавека і жывёл, якія характарызуюцца зніжэннем колькасці гемаглабіну ў адзінцы аб’ёму крыві, часцей пры адначасовым зніжэнні колькасці эрытрацытаў. Адрозніваюць 3 асн. групы анеміі: ад страты крыві; пры павялічаным разбурэнні эрытрацытаў; пры парушэнні ўтварэння эрытрацытаў. Суправаджаюць анемію многія захворванні, у т. л. інфекцыйныя, пры якіх у арганізме ўзнікае дэфіцыт жалеза, вітаміну B12, фоліевай кіслаты. Могуць быць вынікам непаўнацэннага харчавання (асабліва пры недахопе ў ежы мяса). Асн. прыкметы жалезадэфіцытных анемій: бледнасць скуры, галавакружэнне, галаўны боль, «мушкі» ў вачах, ломкасць валасоў і пазногцяў. Анемія, звязаныя з вітаміннай недастатковасцю, часцей адзначаюцца ў пажылых людзей; да агульных прыкмет дадаюцца спецыфічныя — адчуванне пякоты ў языку, паносы, у запушчаных выпадках — сімптомы пашкоджання нерв. сістэмы. Пры гемалітычных набытых і спадчынных анеміях, звязаных з павышаным разбурэннем эрытрацытаў, скура і слізістая абалонкі жаўтушныя. Усе віды анеміі патрабуюць неадкладнага лячэння.
т. 1, с. 365
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)