Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АМАЛЬГА́МА

(франц. amalgame ад грэч. malagma мяккая падкладка),

сплаў ртуці з інш. металам. У залежнасці ад суадносін ртуці і металу падзяляюцца на вадкія і цвёрдыя. Цвёрдыя пры награванні раскладаюцца на зыходныя кампаненты, вадкія застаюцца ўстойлівымі ў вял. інтэрвале тэмператур. Інертныя да агрэсіўных асяроддзяў, маюць добрыя цеплафіз. ўласцівасці. Утварэнне амальгамы адбываецца пры змочванні і дыфузіі ртуці ў метал. Кампаненты амальгамы ўтвараюць інтэрметал. злучэнні — меркурыды. Золата, серабро, волава лёгка сплаўляюцца з ртуццю, медзь — у здробненым стане ці пры награванні. Амальгамы — прамежкавыя рэчывы пры здабычы высакародных металаў з рудаў і канцэнтратаў; метад іх атрымання — амальгамацыя.

т. 1, с. 304

АМАЛЬГАМА́ЦЫЯ ў металургіі, спосаб атрымання металаў з рудаў з дапамогай ртуці. Пры змочванні ртуццю металы ўтвараюць амальгамы і ў такім выглядзе аддзяляюцца ад пустой пароды і пяску. Амальгамацыю выкарыстоўваюць для выдзялення высакародных металаў (пераважна золата) са здробненых рудаў ці канцэнтратаў (у спалучэнні з тэхнічна больш дасканалымі працэсамі, напр. цыянаваннем), перапрацоўкі адходаў лёгкіх металаў (у другаснай металургіі), электралітычнага атрымання рэдкіх металаў (індыю, галію і інш.).

Амальгамы пасля насычэння металам адмываюць, фільтруюць, адціскаюць і награваюць да 800—850 °C, выдаляюць ртуць. Атрыманы «чарнавы» метал ідзе на афінаж, ртуць вяртаюць на амальгамацыю. Пры неабходнасці амальгамацыю актывуюць растворамі сернай к-ты ці вапны, выкарыстоўваюць таксама ртуць з дамешкамі натрыю ці цынку. Спосабам амальгамацыі выдзяляюць з руды 50—70% золата.

т. 1, с. 304

АМАЛЬГА́ЦЫЯ БА́НКАЎ,

зліццё двух ці некалькіх самастойных банкаў у працэсе канкурэнтнай барацьбы; адна з формаў цэнтралізацыі банкаўскага капіталу. Адбываецца пры паглынанні адным буйным банкам другога ці стварэнні новага банка ў выніку зліцця банкаў.

т. 1, с. 304

АМА́ЛЬДЗІ

(Amaldi) Эдаарда (н. 5.9.1908, каля г. П’ячэнца, Італія),

італьянскі фізік. Чл. Нац. акадэміі дэі Лінчэі ў Рыме (1948), замежны чл. АН СССР (1958). Скончыў Рымскі ун-т (1929). З 1945 прэзідэнт Нац. к-та па ядз. даследаваннях Італіі, з 1948 дырэктар Нац. ін-та ядз. фізікі. У 1957—60 прэзідэнт Міжнар. Саюза чыстай і прыкладной фізікі. Навук. працы па ядз. спектраскапіі, фізіцы элементарных часціц. У 1934 сумесна з Э.Фермі і інш. адкрыў з’яву запавольвання нейтронаў у рэчывах, якія маюць у сабе вадарод. Прадказаў існаванне антыпратона (1955), у сааўт. адкрыў анты-сігмаплюс-гіперон (1960).

т. 1, с. 304

АМАЛЬТЭ́Я,

найбліжэйшы спадарожнік планеты Юпітэр. Сярэдняя адлегласць ад планеты 181 тыс. км, перыяд абарачэння 0,498 сут, радыус 80 км. Арбіта Амальтэі ляжыць у плоскасці экватара планеты. Адкрыў Э.Барнард (1892, ЗША).

т. 1, с. 304

АМА́Н,

Султанат Аман, дзяржава на Б. Усходзе, займае паўд.-ўсх. ч. Аравійскага п-ва. Тэр. дзяржавы выцягнутая з ПдЗ на ПнУ на 940 км. Абмываецца водамі Аравійскага м. Мяжуе з Йеменам, Саудаўскай Аравіяй і Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі; граніцы на З праходзяць па пустыні і выразна не акрэслены. Абсалютная манархія. У адм. адносінах падзяляецца на 6 раёнаў і 59 губернатарстваў. Пл. 212,4 тыс. км. Нас. 1,9 млн. чал. (1994). Афіц. мова арабская, дзярж. рэлігія іслам. Сталіца — г. Маскат. Нац. свята — Дзень нараджэння султана Кабуса (18 ліст.).

Прырода. Тэр. Амана займае ўскраіну плато Аравійскага п-ва з гарамі Хаджар (найвыш. пункт краіны г. Шам, 3353 м) на ПнУ. На ПдЗ плато Дафар з гарамі Кара. Уздоўж Аманскага заліва вузкая (40—50 км) прыбярэжная нізіна Эль-Батына. У цэнтры — усх. ўскраіна пустыні Руб-эль-Халі. Карысныя выкапні: нафта (запасы 575 млн. т), прыродны газ (283 млрд. м³), медная (20 млн. т) і хромавая (2 млн. т) руды; ёсць каменны вугаль, вапняк, мармур, падземныя воды, невял. запасы свінцу, золата, серабра. Клімат трапічны, гарачы і сухі. Сярэдняя т-ра паветра ў студз. каля 21 °C, у ліп. 32 °C. Ападкаў на раўнінах каля 125 мм, у гарах да 500 мм за год, выпадаюць пераважна летам. Пастаянных рэк няма, ёсць вадзі. Пераважае пустынная і паўпустынная расліннасць, у гарах участкі саваннаў, лістападных трапічных лясоў. У аазісах фінікавыя і какосавыя пальмы, аліўкавыя дрэвы. Сярод жывёл — газелі, ліс, шакал, зайцы, тушканчыкі, яшчаркі, змеі.

Насельніцтва. Больш як 90% арабы, жывуць таксама персы, індусы, выхадцы з Усх. Афрыкі. Большая палавіна насельніцтва аселая, сканцэнтравана ў Эль-Батына і вакол Маската, ва ўнутр. раёнах і на ПдЗ — качавое і паўкачавое. Шчыльнасць 8,9 чал. на 1 км². Пераважае сельскае насельніцтва (каля 89%). Найб. гарады: Маскат, Эль-Матрах, Эс-Сахар, Назва, Салала.

Гісторыя. Ёсць звесткі, што ў 4—3-м тыс. да н.э. насельніцтва на тэр. Амана мела флот і займалася пасрэдніцтвам у гандлі паміж краінамі бас. рэк Ніл, Тыгр, Еўфрат і Інд. У 7—11 ст. тэр. Амана некалькі разоў уключалася ў склад Арабскага халіфата. У сярэдзіне 8 ст. аманскія плямёны аб’ядналіся вакол імама, якому належала духоўная і свецкая ўлада. Незалежны імамат Амана з перапынкамі існаваў да канца 18 ст. У пач. 16 ст. прыбярэжнай ч. Амана завалодалі партугальцы, у 1730-я г. заваявалі персы. З 2-й пал. 18 ст. Аман — аб’ект барацьбы паміж Англіяй, Францыяй і вахабітамі. На пач. 19 ст. кантроль над паўд.-ўсх. ч. Аравійскага п-ва ўстанавіла Англія. Тэр. Амана была падзелена на імамат Амана, султанат Маскат і т.зв. Пірацкі бераг (з 1853 Аман Дагаворны). У 1891 над Маскатам устаноўлены брыт. пратэктарат. Імамат Амана заставаўся незалежны. Яго кіраўнікі выступалі за ліквідацыю залежнасці Маската ад Англіі і ўз’яднанне краіны, што прывяло да ўзбр. канфліктаў паміж абодвума бакамі. Паводле Сібскага дагавора 1920 англ. ўлады і султан Маската прызналі імамат Амана незалежнай дзяржавай. У 1955, парушыўшы дагавор, англа-маскацкія войскі ўвайшлі на тэр. Амана і да 1959 акупіравалі большую яго частку; правіцелем Амана стаў султан Маската Саід бен Тэймур. У выніку дзярж. перавароту з ліп. 1970 на чале Амана стаў султан Кабус бен Саід. Са жн. 1970 краіна мае назву Султанат Аман. У вер. 1971 Аман прыняты ў Лігу арабскіх краін, у кастр. — у ААН. Супрацоўнічае з ЗША, падтрымлівае цесныя сувязі з Вялікабрытаніяй. Аман быў пасрэднікам ва ўрэгуляванні ірана-іракскай вайны 1980—88, з’яўляецца прыхільнікам стварэння бяз’ядзерных зон у розных ч. свету. Выступае за захаванне на сучасным этапе замежных войскаў у Персідскім заліве. Мае пагадненне з ЗША аб ваен. супрацоўніцтве.

Гаспадарка. Аснова эканомікі — здабыча (38 млн. т., 1993) і экспарт (праз порт Міна-эль-Фахль каля Маската) нафты; дае каля 70% валавога ўнутр. прадукту (у 1992 ацэньваўся ў 10,4 млрд. амер. дол., штогадовы прырост да 13%) і больш за 90% паступленняў цвёрдай валюты. Гадавая магутнасць нафтаперапр. з-даў 3 млн. т. Разведку і здабычу нафты ажыццяўляюць змешаныя кампаніі (60% капіталаў ва ўрада Амана, 40% у зах.-еўрап. фірмаў). Прыродны газ (гадавая здабыча 2,8 млрд. м³) выкарыстоўваецца ў энергетыцы, працуюць з-ды па звадкаванні газу. Ёсць дзярж. прадпрыемствы: медзеплавільны з-д у г. Эс-Сахар, нафтаперапрацоўчы ў Маскаце, цэментны ў Русаі. Развіты рыбалоўства, буд. прам-сць, саматужныя промыслы (апрацоўка скур, прадзенне, ткацтва, вытв-сць ювелірных вырабаў, халоднай зброі, прадметаў хатняга ўжытку, перапрацоўка фінікаў). Сельская гаспадарка дае 3% валавога ўнутр. прадукту (у ёй занята 42% насельніцтва, разам з рыбалоўствам). Для земляробства прыдатныя 0,2% плошчы краіны, 4,7% пад пашай. Найб. асвоены Эль-Батына, прыбярэжная раўніна Дафара і вадзі ўнутр. раёнаў. Земляробства аазіснае, са штучным арашэннем. Гал. культура — фінікавая пальма (50% апрацаваных зямель). Вырошчваюць проса, кукурузу, ячмень, пшаніцу, траву альфу (ідзе на выраб паперы і тканін), гародніну, тытунь, лімоны, апельсіны, манга, бананы, вінаград, какосавыя арэхі. Увозіцца збожжа. Жывёлагадоўля экстэнсіўная. Бедуіны-качэўнікі гадуюць авечак, козаў, вярблюдаў. Асн. транспарт — марскі і аўтамабільны, сувязь з унутр. раёнамі — па караванных шляхах. Асн. парты Міна-Кабус, Райсут, Маскат, Эль-Матрах. Аўтамагістралі злучаюць Аман з Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі. Даўж. аўтадарог каля 23 тыс. км, нафтаправодаў 800 км, газаправодаў 350 км. Міжнар. аэрапорты ў Эс-Сіб (прыгарад Маската) і Салале. Экспарт (4,9 млрд. амер. дол., 1991) — пераважна нафта, імпарт (3 млрд. амер. дол., 1991) — машыны і трансп. сродкі, змазачныя матэрыялы, прадукты харчавання. Буйнейшыя гандл. партнёры: Вялікабрытанія, ЗША, Японія, ААЭ, Паўд. Карэя, Сінгапур. Грашовая адзінка — аманскі рыял.

М.С.Вайтовіч (прырода, гаспадарка), У.С.Кошалеў (гісторыя).

т. 1, с. 305

АМА́Н,

горад, сталіца Іарданіі, у вадзі Зерка, на ПнЗ краіны. 1,3 млн. ж. (1990). Трансп. вузел. Міжнар. аэрапорт. Нафтаперапр., харч., тытунёвая, тэкст., цэментная і інш. прам-сць. Ун-т.

У старажытнасці вядомы пад назвай Рабат-Амон, у эліністычна-рым. эпоху — Філадэльфія. У 7—9 ст. уваходзіў у араб. Халіфат, пасля яго распаду ў 10 ст. — у склад розных дзяржаў Егіпта і Сірыі. З 1516 да канца 1-й сусв. вайны ў складзе Асманскай імперыі. З 1921 сталіца эмірата Трансіарданія, з 1946 Іарданіі. На месцы стараж. горада захавалася некалькі грабніц і фрагменты сцяны (магчыма, 9 або 8 ст. да н.э.), руіны араб. цытадэлі і рым. тэатра на 4 тыс. чал. (2 ст. н.э.), адэона (тэатр для спевакоў), німфея (ант. свяцілішча). У канцы 19 ст. пабудаваны палацы Басман і Рагдан, у 1924 — мячэць альХусейн, у 1952 — маўзалей караля Абдалаха. Сучасная архітэктура горада еўрап. тыпу. Музеі: Іарданскі археалагічны, ісламу.

т. 1, с. 305

АМ́АН

(Aman) Тэадор (20.3.1831, г. Кымпулунг — 19.8.1891),

румынскі жывапісец і графік. Вучыўся ў Францыі (1850—58). Заснавальнік і дырэктар Школы прыгожых мастацтваў у Бухарэсце (1864). Удзельнік рэв. 1848—49 у Валахіі. Аўтар гіст. палотнаў, прасякнутых нац.-вызв. ідэямі («Выгнанне туркаў пры Кэлугэрэні», 1872), парадных партрэтаў («Тудор Уладзімірэску»), пейзажаў, гравюр на тэмы з сял. жыцця («Селянін з шапкай у руцэ», 1875).

т. 1, с. 305

АМАНА́ЛЫ,

група выбуховых рэчываў; разнавіднасць аманітаў. Асн. кампаненты: аміячная салетра, нітразлучэнні, дысперсны алюміній, які рэзка павышае энергію выбуху і фугаснае дзеянне. Выкарыстоўваюцца для ўзрывання парод павышанай трываласці ў вільготных і абводненых свідравінах.

т. 1, с. 305

АМАНГЕЛЬДЫ ІМА́НАЎ

(1873, Тургайская вобл., Казахстан — 18.5.1919),

адзін з кіраўнікоў нац.-вызв. паўстання ў Казахстане ў 1916. У час Сярэднеазіяцкага паўстання 1916 узначаліў атрады ў Тургайскім і суседніх паветах. У кастр. 1917 стварыў партыз. атрад, які выступіў супраць урада, сфарміраванага партыяй Алаш. Адзін з арганізатараў сав. улады ў Тургайскай вобл., першых у Казахстане часцей Чырв. Арміі. Загінуў у выніку антысав. мяцяжу.

т. 1, с. 305