АДРАЎНЕ́ННЕ,
лігніфікацыя, змяненне клетачных абалонак раслін пад уздзеяннем лігніну, які запаўняе прамежкі паміж мікрафібрыламі цэлюлозы. Абалонка клеткі пры гэтым страчвае эластычнасць, робіцца цвёрдая, павялічваецца агульная трываласць расліны, устойлівасць абалонкі клеткі супраць мікраарганізмаў і грыбоў. Адраўненне клетачных абалонак характэрна для ўсіх вышэйшых раслін, акрамя імхоў. Адраўнелыя клеткі ўтвараюць драўніну і склеранхіму.
т. 1, с. 136
АДРО́К,
адказ, выхад, права селяніна ў ВКЛ на пераход ад аднаго феадала да другога; тое, што і выхад сялянскі.
т. 1, с. 136
АДРО́НЫ
(ад грэч. adros вялікі, значны),
элементарныя часціцы, якім уласцівыя моцныя ўзаемадзеянні. Складаныя аб’екта, што нагадваюць ядры атамаў, дзе ролю пратонаў і нейтронаў адыгрываюць кваркі. Да адронаў належаць барыёны, мезоны і ўсе рэзанансы. Існаванне вял. колькасці адронаў (каля 200) робіць вельмі важнай праблему іх класіфікацыі, якая праводзіцца на аснове мадэлі кваркаў. Пры сутыкненнях адронаў і анігіляцыі электрона і пазітрона з ператварэннем у адроны ўзнікаюць т.зв. адронныя струмені, якія сведчаць пра паходжанне ад кваркаў. На Беларусі даследаванні ўласцівасцяў адронаў вядуцца ў Ін-це фізікі АН (з 1950-х г.), БДУ і Гомельскім ун-це. Гл. таксама Узаемадзеянні элементарных часціц, Ядзерныя сілы.
І.С.Сацункевіч.
т. 1, с. 136
АДРО́Ў,
рака на У Беларусі, правы прыток Дняпра. Даўж. 75 км. Пл. вадазбору 676 км². Пачынаецца на паўн. схіле Аршанскага ўзв., вусце на паўд. ускраіне г. Орша. Цячэ ў Аршанскім, Сенненскім і Талачынскім р-нах Віцебскай вобл. Даліна спачатку трапецападобная, ніжэй карытападобная, шыр. 0,6—0,8 км.
Пойма пераважна двухбаковая, шыр. 0,1—0,3 км. Рэчышча ў вярхоўі каналізаванае, далей звілістае. Берагі нізкія, у сярэднім і ніжнім цячэнні стромкія. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 4,4 м³/с. На веснавы перыяд прыпадае каля 70% гадавога сцёку. Ледастаў з сярэдзіны снеж. да канца сакавіка. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярацыйных сістэм. У ніжнім цячэнні Адрову — г. Барань.
т. 1, с. 136
АДРЫ́ЖЫН,
вёска ў Беларусі, у Іванаўскім р-не Брэсцкай вобл., на паўд.-зах. беразе воз. Пясчанае. Цэнтр сельсавета і калгаса «Кастрычнік». За 28 км на Пд ад г. Іванава, 168 км ад Брэста, 27 км ад чыг. ст. Янаў-Палескі. 917 ж., 332 двары (1994). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Каля Ажрыжына стаянка канца палеаліту — пач. мезаліту (11—6-е тысячагоддзі да н.э.).
т. 1, с. 136
АДРЫ́НА,
пуня, 1) старадаўняя гасп. пабудова на Беларусі для захоўвання неабмалочанай збажыны, сена, саломы, с.-г. інвентару. Уваходзіла ў гасп. комплекс сядзібы. Прамавугольны ў плане зрубны, каркасны («замётам у шулы» і з плятня) будынак, накрыты 2-схільнай ці вальмавай страхой на сохах, «дзядках», кроквах. У маёнтках 16—19 ст. будавалі вял. доўгія адрыны, перагароджаныя ўнутры на некалькі адсекаў, кожны з якіх меў самастойны ўваход. Найб. пашырана ў зах. і цэнтр. Беларусі, ва ўсх. раёнах часцей наз. сянніца, пуня.
2) Да 17 ст. спальня ў жылым памяшканні або халодны будынак, у якім жылі летам.
т. 1, с. 136
АДРЫЎНО́Е ЦЯЧЭ́ННЕ,
цячэнне, пры якім паток вадкасці (газу), што абцякае цела, адрываецца ад яго паверхні з утварэннем віхравой зоны. Узнікае каля паверхні цела з крывалінейнымі ўтваральнымі (напр., сферы, крыла самалёта), пры наяўнасці вязкага пагранічнага слоя і павышэння ціску ў напрамку цячэння. Уплывае на гідрадынамічныя (аэрадынамічныя) характарыстыкі целаў, а пры звышгукавых скарасцях цячэння і на цеплавы рэжым.
т. 1, с. 136
АДРЫЯ́Н
(Hadrianus) Публій Элій (24.1.76—10.7.138),
рымскі імператар [117—138] з дынастыі Антанінаў. У 107—108 намеснік Ніжняй Паноніі, з 114 — Сірыі. Праводзіў цэнтралізацыю дзярж. устаноў, умацоўваў імператарскую ўладу, пашыраў сістэму дзярж. дапамог (аліментацый) і інш. Па загадзе Адрыяна была ажыццёўлена кадыфікацыя рым. права, выд. «Пастаянны эдыкт». На межах імперыі стварыў магутную сістэму ўмацаванняў і абарончых валоў (гл. Адрыянаў вал).
т. 1, с. 136
АДРЫЯ́НАЎ ВАЛ
(англ. Hadrian’s Wall),
стараж.-рымскае абарончае збудаванне паміж вусцем р. Тайн і залівам Сольвей у Англіі. Пабудаваны пры імператару Адрыяне ў 122—133 для абароны Рымскай Брытаніі ад варвараў. Працягласць 122,3 км, шыр. 2,4—3,1 м, выш. 3,7—4,9 м. Меў 16 фортаў, шмат вежаў. На асобных участках умацаваны ровам (глыб. 2,7 м, шыр. 38,7 м). На Пд ад Адрыянава вала выкапаны другі роў, які, магчыма, акрэсліваў мяжу ваен. зоны. У 197, 296 і 367 захоплены варварамі, некалькі разоў аднаўляўся. Канчаткова закінуты каля 400.
т. 1, с. 137