АДМІНІСТРА́ЦЫЯ
(ад лац. administratio кіраўніцтва),
1) сукупнасць органаў выканаўчай улады, што ажыццяўляе мерапрыемствы па кіраванні краінай, рэгіёнам, горадам, прадпрыемствам і г.д. (раённая адміністрацыя, абл. адміністрацыя, адміністрацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Кабінет Міністраў Рэспублікі Беларусь).
2) Службовыя асобы, кіраўнікі, персанал установы, прадпрыемства ці яго структурнай часткі (адміністрацыя завода, адміністрацыя цэха).
т. 1, с. 119
АДМІНІСТРА́ЦЫЯ ДАПАМО́ГІ І АДНАЎЛЕ́ННЯ АБ’ЯДНА́НЫХ НА́ЦЫЙ
(United Nations Relief and Rehabilitation Administration, ЮНРРА),
міжнародная арганізацыя ў 1943—47. Створана ў Вашынгтоне 44 дзяржавамі — удзельніцамі антыгітлераўскай кааліцыі з мэтай аказання дапамогі насельніцтву краін, якія вызваліліся ад ням.-фаш. і яп. акупацыі. Беларусь далучылася да ЮНРРА у жн. 1945. Дапамога ажыццяўлялася прадуктамі, медыкаментамі і інш. рэчамі ў памеры каля 2% ад нац. даходу краін-удзельніц, якія не былі акупіраваны. Іх агульны ўзнос у 1943—47 склаў 3728 млн. долараў.
т. 1, с. 119
АДМІНІ́СТРАЦЫЯ ПРЭЗІДЭ́НТА РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
рабочы орган, які ствараецца пры Прэзідэнце. У адпаведнасці з палажэннем і штатным раскладам ажыццяўляе інфармацыйную і арганізацыйна-тэхн. дзейнасць. Адміністрацыя не мае права ўмешвацца ў работу Кабінета Міністраў і дубліраваць яго функцыі. Кіраўнік адміністрацыі прызначаецца Прэзідэнтам, іншыя работнікі — па ўзгадненні з Прэзідэнтам. Свае паўнамоцтвы яна складае перад нававыбраным Прэзідэнтам.
т. 1, с. 119
АДМІРА́Л
[гал. admiraal ад араб. амір аль (бахр) уладар на моры],
воінскае званне (чын) вышэйшага афіцэрскага саставу ў ваенна-марскіх флатах мн. дзяржаў. У Еўропе паявілася ў 12 ст. ў Венецыі і Генуі, а затым распаўсюдзілася на флаты інш. краін (у Польшчы ўведзена ў 17 ст., у Расіі — на пач. 18 ст. У СССР устаноўлена з 1940 і адпавядала званню генерал-палкоўніка ў арміі). Існуюць таксама званні контрадмірал, віцэ-адмірал, адмірал флоту і інш.
т. 1, с. 119
АДМІРА́Л
(Vanessa atalanta),
насякомае атр. матылёў. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі нешматлікі від, трапляецца на палянах, лугах, берагах ручаёў, уключаны ў Чырвоную кнігу.
Размах крылаў да 6 см. Пярэднія крылы зверху чорныя з белымі плямкамі і чырвонай косай палоскай (адсюль назва), заднія — чорныя, з чырвонай палоскай на краі. Лёт у ліп.—вер., тых, што перазімавалі, — у маі. Вусені развіваюцца ў чэрв.—жн. на лісці крапівы і чартапалоху.
т. 1, с. 119
АДМІРАЛЦЕ́ЙСТВА,
1) ранейшая назва тэрыторыі порта з верфямі, стапелямі, майстэрнямі, складамі, пад’язнымі шляхамі і інш. для рамонту і забеспячэння ваенных караблёў. У Расіі ў канцы 17 — пач. 19 ст. дзярж. адміралцействы былі ў Варонежы, Санкт-Пецярбургу (Галоўнае адміралцейства), Архангельску, Астрахані, Кранштаце, Севастопалі і Нікалаеве.
2) У Вялікабрытаніі вышэйшы орган кіравання ВМС, які адпавядае марскому мінву. Існаваў з 1690 як калегія з часовых членаў адміралцейства замест былога адзінаўладнага кіравання лорда вярхоўнага адмірала. З 1869 адміралцейства ўзначальвае першы лорд адміралцейства, ён жа марскі міністр, якому падначалены савет адміралцейства з вышэйшых марскіх афіцэраў.
3) Будынак у Санкт-Пецярбургу (кампазіцыйны цэнтр, да якога сыходзяцца тры гал. магістралі горада), выдатны твор архітэктуры рускага ампіру. Закладзены ў 1704 паводле задумы Пятра І як карабельная верф. Пазней перабудоўваўся рас. архітэктарамі І.К.Корабавым у 1727—38 і А.Дз.Захаравым у 1806—23. З 19 ст. тут размяшчаліся цэнтр. ўстановы Марскога мін-ва, пасля 1917 — установы ВМФ.
т. 1, с. 120
АДМІРАЛЦЕ́ЙСТВА АСТРАВЫ́
(Admiralty Islands),
група вулканічных і каралавых астравоў на З Ціхага ак., у Бісмарка архіпелагу. Уваходзіць у склад Папуа—Новая Гвінея. Пл. 2072 км². Нас. 33,3 тыс. чал. (1978), папуасы. Выш. да 719 м. Найб. значны в-аў Манус (1,6 тыс. км²). Клімат трапічны, вільготны. Плантацыі какосавых пальмаў. Рыбалоўства. Гал. горад — Ларэнгау. Адкрыты ў 1527—29 ісп. мараплаўцам А.Сааведра.
т. 1, с. 120
А́ДМІРАЛЦІ
(Admiralty),
горны хрыбет у паўн.-зах. ч. Зямлі Вікторыі (Усх. Антарктыда). Даўж. больш за 100 км. Зах. адгор’і хрыбта дасягаюць мора Роса. Выш. да 4163 м. Складзены пераважна з дакембрыйскіх пясчанікаў, гліністых сланцаў і вапнякоў, месцамі перарваных інтрузіямі гранітаў. Парэзаны далінамі, запоўненымі ледавікамі. Адкрыты ў 1841 англ. экспедыцыяй Дж.Роса, названы ім у гонар Брыт. адміралцейства.
т. 1, с. 120
АДМІРА́ЛЬСКІ СЦЯГ,
спец. сцяг, уведзены для найвышэйшых службовых асоб флоту. Узняты на мачце карабля, адміралцейскі сцяг абазначаў прысутнасць на ім службовай асобы адміральскага звання. Карабель у такім выпадку наз. флагманскім (адміральскім). Сцяг адмірала ўзнімаўся на грот-мачце, віцэ-адмірала — на фок-мачце, контр-адмірала — на бізань-мачце.
т. 1, с. 120
АДМО́ЎЕ ў граматыцы, граматычная катэгорыя, якая паказвае на адсутнасць прадмета, якасных прыкмет прадмета, дзеяння або стану, а таксама слова-сказ, што перадае нязгоду з выказваннем («не»). У бел. мове асн. сродкі выражэння: часціца «не» («Ён не чытае»); часціца «ні» («На небе ні хмурынкі»); займеннікі і прыслоўі з прэфіксамі «не» («нейкі», «неяк») або «ні» («ніхто», «ніякі»); прэдыкатывы «не», «нельга», «немагчыма»; слова «не» як эквівалент адмоўнага члена сказа або яго галоўнага члена ў рэпліках, пры супрацьпастаўленні («Ён дома? — Не»); слова «няма».
Адмоўе можа быць агульнае — калі адмаўляецца ўся сітуацыя, пра якую паведамляецца ў сказе («Брат не хадзіў учора ў кіно»), і прыватнае — калі адмаўляецца толькі частка сітуацыі («Брат хадзіў учора не ў кіно», «не брат хадзіў учора ў кіно»).
Я.М.Камароўскі.
т. 1, с. 120