Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АДЛЮСТРАВА́ННЕ,

уласцівасць матэрыі, якая заключаецца ў перадачы асаблівасцяў аб’екта або працэсу, якія адлюстроўваюцца. Выяўляецца ў здольнасці любой рэчы ў неарган. прыродзе ўзнаўляць такія змены, адбіткі, рэакцыі, якія знаходзяцца ў адпаведнасці (або падабенстве) з рэччу, якая на яе ўздзейнічае. Жывыя арганізмы выкарыстоўваюць уласцівасць адлюстраванне як сродак самазахавання і самапрыстасавання да навакольнага асяроддзя, пачынаючы ад раздражняльнасці раслін і прасцейшых арганізмаў. У ходзе эвалюцыі раздражняльнасць як агульная ўласцівасць арганізма прасцейшых ператвараецца ў элементарную адчувальнасць нервовай тканкі, а потым — у непасрэдную псіхічную дзейнасць жывёл у працэсе развіцця органаў пачуццяў і галаўнога мозга. У выніку працяглага працэсу антрапагенезу ўзнікаюць і развіваюцца свядомае псіхічнае адлюстраванне і дзейнасць людзей. Вышэйшая, спецыфічная чалавечая форма адлюстравання — свядомасць.

Літ.:

Тюхтин В.С. Отражение. Системы. Кибернетика. М., 1972;

Петушкова Е.В. Отражение в живой природе: Динамика теорет. моделей. Мн., 1983;

Губанов Н.И. Чувственное отражение. М., 1986.

Я.В.Петушкова.

т. 1, с. 112

АДЛЮСТРАВА́ННЕ ў матэматыцы, закон, паводле якога кожнаму элементу x мноства X адпавядае пэўны элемент y=f(x) мноства Y (пры гэтым Х можа супадаць з Y). Адлюстраванне наз. ін’ектыўным, калі з таго, што элементы a і b мноства Х розныя, выцякае, што f(a) і f(b) — розныя элементы мноства Y; сюр’ектыўным, калі кожны элемент мноства Y — вобраз якога-н. элемента мноства X; біекцыяй або біектыўным — калі адлюстраванне адначасова ін’ектыўнае і сюр’ектыўнае і г.д. Гл. таксама Функцыя, Аператар, Пераўтварэнне.

т. 1, с. 113

АДЛЮСТРАВА́ННЕ МАСТА́ЦКАЕ,

спецыфічная форма асваення рэчаіснасці. Метадалагічнай асновай разумення сутнасці адлюстравання мастацкага з’яўляецца адлюстравання тэорыя, якая раскрывае агульныя заканамернасці і спосабы адэкватнага спасціжэння свету. Ужо ў антычнасці піфагарэйцы, а потым Платон і Арыстоцель сцвярджалі ідэю аб мімесісе (перайманні) як асн. эстэт. прынцыпе і сутнасці мастацтва. Наследаванне прыродзе было дамінантай у эст. трактоўках эпохі Адраджэння, класічнай эстэтыцы 16—17 ст. Гётэ выступаў супраць змешвання прыроды і мастацтва, недаацэнкі суб’ектыўнай творчасці «сапраўднага мастака». М.Г.Чарнышэўскі замацаваў у тэорыі мастацтва паняцце «ўзнаўленне». Сцвярджэнне ў мастацтве прынцыпу канкрэтна-гіст. ўзнаўлення абумоўлівае рэалістычнае адлюстраванне рэчаіснасці (гл. Рэалізм). Канцэпцыя актыўнага ўздзеяння мастацтва на духоўны свет чалавека праяўлялася ў адраджэнні ант. тэорыі мімесісу (М.К.Сарбеўскі), развівалася Ф.Скарынам, М.Гусоўскім, Сімяонам Полацкім і інш. У эпоху Асветніцтва элементы адлюстравання мастацкага выявіліся ў арыентацыі на пазнавальныя і выхаваўчыя функцыі мастацтва (А.Доўгірд, Л.Бароўскі). К.Каліноўскі, Я.Купала, Я.Колас, М.Багдановіч, Цётка, А. і І.Луцкевічы, А.Гарун і інш. развівалі ўяўленне пра маст. праўду як адлюстраванне праўды жыцця, гісторыі і самабытнай культуры бел. народа. Адлюстраванне мастацкае прадугледжвае асабістыя адносіны творцы да аб’ектаў, што пазнаюцца. Сэнс маст. абагульнення заключаны ў адборы істотнага і заканамернага, у раскрыцці тыповых характараў і сітуацый.

Літ.:

Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;

Крюковский Н.И. Логика красоты. Мн., 1965;

Юлдашев Л.Г. Искусство: философские проблемы исследования. М., 1981;

Конан У. Ля вытокаў самапазнання: Станаўленне духоўных каштоўнасцей у святле фальклору. Мн., 1989.

т. 1, с. 113

АДЛЮСТРАВА́ННЯ ТЭО́РЫЯ,

сукупнасць палажэнняў, катэгорый і прынцыпаў, якія выражаюць агульныя заканамернасці эвалюцыйнага развіцця ўсіх формаў адлюстравання ў неарганічнай і жывой прыродзе, у сац. рэальнасці. Зыходны прынцып адлюстравання тэорыі: вынікі пазнання павінны быць адносна адэкватныя сваёй крыніцы — арыгіналу. У якасці гнасеалагічнага прынцыпу адлюстраванне прызнавалася і ў стыхійным матэрыялізме, але разглядалася як пасіўнае, мёртвае «фатаграфаванне» навакольнага свету. Дыялектыка разглядае яго як складаны і супярэчлівы працэс узаемадзеяння пачуццёвага і рацыянальнага пазнання, мысліцельнай і практычнай дзейнасці. Пры гэтым свядомасць у сваім развіцці не вычэрпваецца паняццем адлюстравання, паколькі ўключае ў сябе творчасць і прадбачанне.

У распрацоўцы адлюстравання тэорыі вылучаюць 2 канцэпцыі: функцыянальную і атрыбутыўную. Прыхільнікі першай канцэпцыі сцвярджаюць, што ў неарганічных аб’ектах ёсць толькі перадумовы ўласцівасці адлюстравання, але не яго актыўнае праяўленне. Прыхільнікі другой настойваюць на ўсеагульнасці ўласцівасцяў адлюстравання. Збліжэнню гэтых канцэпцый садзейнічае ўсведамленне суадносін катэгорыі адлюстравання з агульнанавук. паняццем інфармацыі, далейшай распрацоўкай прынцыпу глабальнага эвалюцыянізму ў навуцы і сінергетыцы.

Катэгорыі і прынцыпы адлюстравання тэорыі ўвайшлі ў філас. абгрунтаванне тэорыі функцыянальных сістэм, канцэпцыі сістэмагенезу ў біялогіі, распрацаванай П.К.Анохіным. Асн. прынцыпы адлюстравання тэорыі процілеглыя прынцыпу тоеснасці мыслення і быцця, які з’яўляецца зыходным для філас. сістэм аб’ектыўнага ідэалізму, а ў шэрагу філас. вучэнняў (напр., у Спінозы, Спенсера) трактуецца ў духу паралелізму паміж зместам свету і зместам яго пазнання (гл. таксама Пазнанне).

Літ.:

Коршунов А.М. Теория отражения и современная наука. М., 1968;

Тюхтин В.С. Отражение. Системы. Кибернетика. М., 1972;

Петушкова К.П. Отражение в живой природе: Динамика теорет. моделей. Мн., 1988.

В.Я.Петушкова.

т. 1, с. 113