БІ́СМАРК
(Bismarck, Bismark) Ота Эдуард Леапольд фон Шонгаўзен (Schönhausen; 1.4.1815, Шонгаўзен, зямля Саксонія-Ангальт, Германія — (30.7.1898),
дзяржаўны дзеяч Германіі, заснавальнік і першы канцлер Герм. імперыі. Князь (1871). Вывучаў права ў Гётынгене і Берліне (1832—35). Дэп. 1-га і 2-га аб’яднаных ландтагаў Прусіі (1847—48). З 1848 чл. Кансерватыўнай партыі. Прадстаўляў Прусію ў бундэстагу ў Франкфурце-на-Майне (1851—59). Прускі пасланнік у Расіі (1859—62) і Францыі (1862). У 1862—90 прускі прэм’ер-міністр. Канцлер Паўн.-герм. саюза (1867—71), рэйхсканцлер Германіі (1871—90). Пасля, дацкай вайны 1864, аўстра-прускай вайны 1866 і франка-прускай вайны 1870—71 ажыццявіў аб’яднанне герм. зямель пад вяршэнствам Прусіі. Адзін з гал. арганізатараў Траістага саюза 1882, накіраванага супраць Францыі і Расіі, аднак лічыў вайну з Расіяй вельмі небяспечнай для Германіі. Ва ўнутр. палітыцы праводзіў «Культуркампф», увёў Выключны закон супраць сацыялістаў, законы аб сац. страхаванні (1883—89) і інш. Аўтар кн. «Думкі і ўспаміны» (т. 1—2, 1898).
т. 3, с. 159
БІ́СМАРКА АРХІПЕЛА́Г
(Bismark Archipelago),
Новая Брытанія, група астравоў на З Ціхага ак., у Меланезіі, тэр. Папуа—Новай Гвінеі. Нас. 347 тыс. (1987). Пл. каля 50,5 тыс. км². Складаецца з 2 вял. а-воў Новая Брытанія і Новая Ірландыя, а-воў Адміралцейства і шэрагу дробных каралавых. Буйныя астравы гарыстыя (выш. да 2300 м), штат вулканаў, ёсць дзеючыя (Улавун). Частыя землетрасенні. Вільготныя трапічныя лясы. Плантацыі какосавай пальмы, бананаў, цукр. трыснягу. Рыбалоўства. Гал. горад — Рабаул (на в-ве Новая Брытанія). Адкрыты ў 1616 галандцамі В.Схаўтэнам і Я.Лемерам. Анексіраваны Германіяй (1884), падмандатная тэр. Аўстраліі (1920), захоплены Японіяй у 2-ю сусв. вайну; частка тэр. Новай Гвінеі, падмандатнай ААН да 1975. Названы ў гонар О.Бісмарка.
т. 3, с. 160
БІСТР
(франц. bistre),
карычневая празрыстая фарба з драўнянай сажы, змешанай з растваральным у вадзе раслінным клеем. Выкарыстоўвалася еўрап. мастакамі 15—18 ст. для малявання пэндзлем і пяром. Выцеснена сепіяй і тушшу.
т. 3, с. 160
БІСУ́САВАЯ ЗАЛО́ЗА
(ад грэч. byssos тонкая пража),
орган двухстворкавых малюскаў, што выпрацоўвае арган. рэчыва (бісус) у выглядзе вельмі моцных нітак. Знаходзіцца ў т.зв. «назе» і гамалагічна падэшвеннай залозе бруханогіх малюскаў; часам яна функцыяніруе толькі ў лічынак. Бісус складаецца з задубленага бялку, блізкага да канхіяліну ракавіны малюскаў і да фібраіну шоўку членістаногіх. Пры яго дапамозе малюскі прымацоўваюцца да субстрату. У старажытнасці і сярэднявеччы бісус выкарыстоўваўся на выраб тканіны (вісону).
т. 3, с. 160
БІТ
(англ. bit),
1) у вылічальнай тэхніцы двайковы разрад машыннага слова; пазіцыя двайковай лічбы ў двайковым кодзе; састаўная частка байта. Лік бітаў памяці ЭВМ вызначае найб. колькасць інфармацыі, якая ў ёй змяшчаецца. Колькасць бітаў ліку — колькасць двайковых разрадаў для яго запісу.
2) У тэорыі інфармацыі — адзінка вымярэння колькасці інфармацыі. 1 біт дае крыніца інфармацыі з 2 узаемна выключальнымі роўнаімавернымі паведамленнямі.
т. 3, с. 160
БІ́ТАЎ Андрэй Георгіевіч
(н. 27.5.1937, С.-Пецярбург),
рускі пісьменнік. Скончыў Ленінградскі горны ін-т (1962). Першая кніга — зб. апавяданняў «Вялікі шар» (1963). У зб-ках апавяданняў «Аптэкарскі востраў» (1968), аповесцяў «Дачная мясцовасць» (1967), «Спосаб жыцця» (1972), «Дні чалавека» (1976), «Нядзельны дзень» (1980), цыкле аповесцяў «Роля» (1976), раманах «Малады Адоеўцаў» (1976), «Пушкінскі дом» (1987), «Апантаныя» (ч. 1—3, 1995) і інш. — філас.-этычныя і эстэт. праблемы, унутраны свет сучаснага інтэлігента. Для стылю пісьменніка характэрна спалучэнне белетрыстыкі і эсэістыкі, прасякнутай лірызмам. Аўтар дзённікаў-падарожжаў («Адна краіна», 1961; «Урокі Арменіі», 1967—68; «Азарт», 72), літ.-біягр. партрэтаў («Падарожжа да сябра дзяцінства», 1966), нататкаў пра л-ру і мастацтва («Выбар натуры», 1971—73; «Ахілес і чарапаха», 1975), філас.-публіцыстычных нарысаў («Птушкі, або Новыя звесткі пра чалавека», 1971—75, і інш.).
т. 3, с. 160
БІТАЎНІ́Т
(ад месца знаходкі ў Бітаўне, Канада),
мінерал, алюмасілікат кальцыю і натрыю з групы палявых шпатаў (Ca, Na) [(Al, Si)AlSi2O8].
Крышталізуецца ў трыкліннай сінганіі. У выглядзе зерняў няправільнай формы, масіўных агрэгатаў. Колер белы да цёмна-шэрага. Бляск шкляны да перламутравага. Цв. 6. Шчыльн. 2,7 г/см³. Пашыраны ў некаторых базальтах, асн. і ультраасн. інтрузіях і ў некаторых каменных метэарытах.
т. 3, с. 160