АМІЯ́ЧНАЯ ВАДА́,
раствор аміяку (18—25%) у вадзе. Празрыстая, з жаўтаватым адценнем вадкасць з рэзкім пахам. Шчыльн. 18—25%-нага раствору (0,930—0,910)·10 кг/м³. Атрымліваюць растварэннем сінт. аміяку ў вадзе ці паглынаннем яго вадой з адыходных газаў коксахім. вытв-сці. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці фарбавальнікаў, соды, марганцу, ферасплаваў, як азотнае ўгнаенне і для аманізацыі кармоў у сельскай гаспадарцы.
т. 1, с. 320
«АМКАДО́Р»,
канцэрн, акц. т-ва на Беларусі па вырабе дарожна-буд. тэхнікі. Створаны ў 1993. Уключае больш за 80 прадпрыемстваў і ўстаноў: спец. КБ «Дармаш», доследна-эксперым. З-д, з-ды «Ударнік», «Дармашмет», «Агрэгат», «Унімод», «Унікаб», «Амкадор-Мота», «Усяж», «Амкадор-Пінск» і інш. Мае таксама прадпрыемствы ў Расіі, Польшчы, Балгарыі і інш. Асн. прадукцыя: пагрузчыкі аднакаўшовыя франтальныя, бульдозеры-пагрузчыкі, экскаватары-пагрузчыкі, дарожныя каткі, снегаачышчальнікі, аўтобусы, машыны для лесапрамысл. комплексу і камунальнай гаспадаркі, прычэпы для легкавых аўтамабіляў, мэбля, інструмент, электратавары, швейныя вырабы і інш.
В.М.Шлындзікаў.
т. 1, с. 320
АМНАКА́Н,
рака паміж Кітаем і КНДР, гл. Ялуцзян.
т. 1, с. 320
АМНЕЗІ́Я
(ад а... + грэч. mnesis успамін),
адсутнасць успамінаў, аслабленне памяці. Нармальная амнезія ў першыя 3 гады жыцця дзіцяці абумоўліваецца недаразвіццём кары галаўнога мозга, паталагічная амнезія бывае пры псіх. хваробах, траўмах галавы, атручэннях і парушэннях свядомасці. Пры частковай амнезіі з памяці выпадаюць некат. віды і ўяўленні, пры рэтраграднай — падзеі пэўнага часу (гадзіны, дні, месяцы), якія папярэднічалі хваробе. Пры антэраграднай амнезіі забываюцца падзеі, што адбыліся пасля хваробы ці вострага парушэння свядомасці, а пры амнезіі, якая прагрэсіруе, забываецца найперш тое, што было нядаўна.
т. 1, с. 320
АМНІЁН
(грэч. amnion),
адна з зародкавых абалонак амніётаў. Утварае запоўненую вадкасцю поласць — асяроддзе для развіцця зародка, ахоўвае яго ад мех. пашкоджанняў. Падобную да амніёна абалонку маюць некаторыя насякомыя, немертыны і інш. беспазваночныя.
т. 1, с. 320
АМНІЁТЫ
(Amniota),
група першаснаназемных пазваночных жывёл (паўзуны, птушкі і млекакормячыя), у якіх на ранніх стадыях развіцця паяўляюцца асобныя зародкавыя абалонкі, у т. л. амніён (адсюль назва). У адрозненне ад анамній у амніётах зародак развіваецца ў яйцы (паўзуны, птушкі) або ў матцы самкі (млекакормячыя). Размнажаюцца і развіваюцца на сушы.
т. 1, с. 320
АМНІ́СТЫЯ
(ад грэч. amnēstia забыццё, дараванне),
вызваленне ад крымін. адказнасці, замена назначанага судом пакарання больш мяккім або зняцце судзімасці. Ажыццяўляецца на аснове акта вышэйшага прадстаўнічага органа дзярж. улады ці кіраўніка дзяржавы. Можа быць агульнай для ўсіх асоб, засуджаных або прыцягнутых да крымін. адказнасці па шэрагу артыкулаў крымін. закону, або частковай (адносіцца да асоб, якія ўчынілі злачынствы толькі пэўнай катэгорыі). Права амністыі ў Рэспубліцы Беларусь мае Вярх. Савет. Ад амністыі адрозніваюць памілаванне.
т. 1, с. 320
АМНІ́СТЫЯ МІЖНАРО́ДНАЯ
(Amnesty International),
міжнар. праваахоўная няўрадавая арганізацыя. Створана ў 1961 у Лондане. Мае філіялы ў 44 краінах свету, прадстаўлена індывід. членамі ў 155 краінах і тэрыторыях (1994). Асн. мэты: юрыд. дапамога зняволеным за паліт. і рэліг. перакананні («нявольнікам сумлення») і іх сем’ям. Выступае супраць катаванняў і смяротнай кары, рыхтуе незалежныя даклады аб парушэннях правоў чалавека. Кіруючыя органы — сесія (склікаецца штогод), выканаўчы камітэт, сакратарыят. Штаб-кватэра ў Лондане. Нобелеўская прэмія міру 1977.
т. 1, с. 320
АМО́ГРАФЫ
[ад гама... + ...граф(ы)],
словы або іх формы, якія аднолькава пішуцца, але адрозніваюцца гучаннем (націскам) і значэннем. Напр.: «ка́са—каса́», «а́тлас—атла́с», «му́ка—мука́». Амографы можна адрозніць толькі ў кантэксце.
т. 1, с. 320