танкарунная, воўнава-мяснога кірунку. Выведзена ў запаведніку Асканія-Нова (1925—35) на аснове адбору і падбору мясц. мерыносавых авечак і скрыжаваннем іх з баранамі амер. рамбулье. Гадуюць у стэпавых раёнах Украіны і Расіі, Казахстана, краінах Паўн. Каўказа і інш. З удзелам асканійскай пароды выведзены азербайджанскі горны мерынос, савецкі мерынос.
Авечкі дужай канстытуцыі, добрага целаскладу, маюць высокую воўнавую і мясную прадукцыйнасць. Жывая маса бараноў 110—120 (да 183) кг, матак 55—65 кг. Воўна 64—60-й якасці, даўж. 7,5—9 см. Гадавы настрыг воўны з бараноў 12—15 кг, з матак 6—6,6 кг. Выхад чыстай воўны 42—45%. Пладавітасць 125—130 ягнят на 100 матак.
запаведнік на Украіне, у Херсонскай вобласці. Засн. ў 1921 на базе прыватнага запаведніка «Чаплі» (з 1874). Пл. больш за 11 тыс.га. Ахоўваецца прыродны комплекс унікальнага цаліннага ціпчакова-палыновага і кавыльнага стэпу (адзіны масіў у Еўропе). У дэндрапарку (пл. каля 200 га) больш за 150 дзікіх і культ. відаў дрэў і кустоў — акацыя белая, вяз, дуб, туя, ясень і інш. Акліматызаваны рэдкія віды жывёл: антылопы, байбак, бізон, зебра, конь Пржавальскага. З экзатычных птушак — афрыканскі страус, нанду, эму; некалькі відаў паўлінаў і фазанаў; вадаплаўныя птушкі — гусь, качка, лебедзь. На базе запаведніка з 1932 існуе Украінскі НДІ жывёлаводства стэпавых раёнаў імя М.Ф.Іванова.
C6H8O6, вытворнае L-гулонавай к-ты; водарастваральны вітамін. Мал. м. 176,3. Сінтэзуецца раслінамі і жывёламі (за выключэннем прыматаў і інш. жывёл, якія атрымліваюць яе з кормам). Асноўная крыніца сінтэзу аскарбінавай кіслаты ў раслін — галактоза, у жывёл — глюкоза. У арганізме ўдзельнічае ў акісляльна-аднаўленчых працэсах, стымулюе ўнутр. сакрэцыю, нармальнае развіццё і супраціўляльнасць арганізма, садзейнічае рэгенерацыі тканак. Адсутнасць або недахоп аскарбінавай кіслаты ў ежы чалавека выклікае цынгу, зніжае супраціўляльнасць да захворванняў. Сутачная патрэба дарослага чалавека ў аскарбінавай кіслаце — 50—100 мг, дзяцей — 30—70 мг. Найб. аскарбінавай кіслаты ў свежай садавіне і гародніне: пладах шыпшыны, чырвонага перцу, цытрусаў, чорных парэчак, у цыбулі, ліставой гародніне. Выкарыстоўваецца ў медыцыне.
інвазійная хвароба свіней і чалавека, якая выклікаецца аскарыдамі. Пашкоджваецца тонкі кішэчнік (дарослыя паразіты) і парэнхіматозныя органы (лічынкі). Лічынкі ў кішэчніку выходзяць з яец аскарыдаў, якія заглынаюцца з вонкавага асяроддзя, з крывёй заносяцца ў печань, потым у лёгкія, ротавую поласць і зноў у кішэчнік. Праз 1,5—2 мес яны развіваюцца ў дарослых паразітаў.
У жывёл часцей хварэе маладняк да 6—7 месячнага ўзросту. Павышаецца т-ра цела, пагаршаецца апетыт, пачашчаецца дыханне, паяўляюцца кашаль, ірвота, панос, часам — сутаргі, на скуры можа быць высыпка. У чалавека адрозніваюць 2 стадыі: раннюю — міграцыйную і познюю — кішачную. Першая часцей праходзіць бессімптомна. Пры другой (кішачнай) адзначаюцца моташнасць, недамаганне, болі ў страўніку, слінацячэнне, пагаршэнне апетыту, галаўны боль, галавакружэнне, павышаная стамляльнасць. Пры множнай інвазіі дзеці ў сне скрыгочуць зубамі; у іх можа ўзнікаць бранхіт, астматычнае ўдушша, малакроўе, нервовасць, рассеянасць. Магчымы ўскладненні: гнойны халецыстыт, абсцэс печані, перытаніт, сепсіс, панкрэатыт, апендыцыт; закупорка клубком аскарыдаў прасвету кішэчніка можа выклікаць непраходнасць кішэчніка. Лячэнне праводзіць урач.
сямейства круглых чарвей. Паразітуюць у кішэчніку чалавека і пазваночных жывёл. Найб. пашыраны свіная аскарыда — Ascaris suum і чалавечая аскарыда — Ascaris lumbricoides (даўж. самкі 25—40 см, самца 15—25 см).
Задні канец цела ў самак роўны, у самцоў закручаны. Самка за суткі адкладвае да 200 тыс. яец, якія выдаляюцца з калам у вонкавае асяроддзе, дзе праз 9—13 сут з іх развіваецца лічынка. Пры т-ры ніжэй за 12 °C або вышэй за 36 °C развіццё спыняецца, але жыццяздольнасць не траціцца. Інвазійныя яйцы з ежай і вадой трапляюць у арганізм гаспадара, з іх выходзяць лічынкі, прасвідроўваюць слізістую абалонку кішак і з токам крыві пераносяцца ў лёгкія, затым трапляюць у глотку і зноў у кішэчнік. Праз 2—2,5 мес дасягаюць палавой спеласці і пачынаюць адкладваць яйцы. Жывуць да 1,5 года. Выклікаюць аскарыдоз.
род недасканалых грыбоў сям. шаравідкавых. Больш за 1,1 тыс. відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, асабліва ў Еўропе і Паўн. Амерыцы. На Беларусі больш за 20 відаў. Узбуджальнікі аскахітозаў. Найб. вядомы аскахіта гарохавая, недасканалая, канюшынавая, вікавая, лёнавая, агурковая.
Міцэлій добра развіты, галінасты, шматклетачны, бясколерны. Пладовыя целы (пікніды) шарападобныя або пляскатыя, цёмныя, урослыя ў тканкі раслін. Канідыі пераважна двухклетачныя, ад цыліндрычных да верацёнападобных, разносяцца кроплямі дажджу, расы, насякомымі, паветрам. Цыкл развіцця грыба 3—17 сутак. Зімуюць міцэліем і пікнідамі на раслінных рэштках, у заражаным насенні.
хваробы раслін, якія выклікаюцца грыбамі з роду аскахіта. Прычыняюць вял. шкоду лёну, зернебабовым і пладова-ягадным культурам. На надземных органах раслін паяўляюцца плямы рознай формы, памеру і колеру, часцей круглыя, шаравата-бурыя, у цэнтры больш светлыя, з цёмным краем. На плямах развіваюцца жаўтавата-бурыя або чорныя кропкападобныя пладовыя целы грыба — пікніды. Пасля выспявання з іх выходзяць бясколерныя споры. Хворае лісце засыхае, сцёблы робяцца крохкімі (у бобу), у лёну размачальваюцца, насенне не выспявае. Інфекцыя перадаецца з насеннем, праз хворыя расліны, пасляўборачныя рэшткі. На Беларусі найб. пашырэнне аскахітозаў адзначана ў вільготныя гады. Меры барацьбы: правільныя севазвароты, падбор устойлівых супраць аскахітозаў скараспелых сартоў, пратручванне насення, своечасовая ўборка ўраджаю, знішчэнне пажніўных рэшткаў, глыбокае зяблевае ворыва, дэзінфекцыйныя мерапрыемствы.
лорд Оскфард і Асквіт Герберт Генры (12.9.1852, Морлі, графства Ланкашыр, Англія — 15.2.1928), англійскі дзярж. дзеяч. Адукацыю атрымаў у Оксфардскім ун-це, адвакат. Член парламента з 1886, у 1892—95 міністр унутр. спраў, у 1906—08 канцлер казначэйства. Кіраўнік Ліберальнай партыі (1908—26). У 1908—16 прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі. Урад Асквіта ўвёў пенсіі па старасці, спрыяў абмежаванню правоў палаты лордаў (1911), прызнанню аўтаноміі Ірландыі (1914), 4.8.1914 абвясціў вайну Германіі.
АСКЕ́РКА (Аляксандр Уладзіслававіч) (1830, б. маёнтак Рудакова Хойніцкага р-на Гомельскай вобласці — 24.1.1911),
грамадскі дзеяч ліберальнага кірунку, удзельнік паўстання 1863—64. Скончыў Пецярбургскі ун-т. Чл. Мінскага губ.к-та па ўладкаванні побыту сялян. Удзельнічаў у распрацоўцы праектаў сял. рэформы 1861, у рабоце Віленскай археал. камісіі. У 1862 арганізаваў у Варшаве выданне бел. буквара-катэхізіса («Элементаж для добрых дзетак каталікоў»). Адзін з кіраўнікоў партыі «белых», уваходзіў у склад паўстанцкага Аддзела кіраўніцтва правінцыямі Літвы (загадваў вайсковымі справамі, начальнік г. Вільні). 12.6.1863 арыштаваны, сасланы на катаргу ў Сібір. З 1872 жыў у Варшаве, рэдагаваў час. «Ateneum». У 1885—1904 у Вільні. Памёр у Відзах Лаўчынскіх (Браслаўскі р-н).