АСКЕ́РКА Аляксандр Уладзіслававіч

(1830, б. маёнтак Рудакова Хойніцкага р-на Гомельскай вобласці — 24.1.1911),

грамадскі дзеяч ліберальнага кірунку, удзельнік паўстання 1863—64. Скончыў Пецярбургскі ун-т. Чл. Мінскага губ. к-та па ўладкаванні побыту сялян. Удзельнічаў у распрацоўцы праектаў сял. рэформы 1861, у рабоце Віленскай археал. камісіі. У 1862 арганізаваў у Варшаве выданне бел. буквара-катэхізіса («Элементаж для добрых дзетак каталікоў»). Адзін з кіраўнікоў партыі «белых», уваходзіў у склад паўстанцкага Аддзела кіраўніцтва правінцыямі Літвы (загадваў вайсковымі справамі, начальнік г. Вільні). 12.6.1863 арыштаваны, сасланы на катаргу ў Сібір. З 1872 жыў у Варшаве, рэдагаваў час. «Ateneum». У 1885—1904 у Вільні. Памёр у Відзах Лаўчынскіх (Браслаўскі р-н).

Г.В.Кісялёў.

т. 2, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)