АСКА́НІЯ-НО́ВА,

запаведнік на Украіне, у Херсонскай вобласці. Засн. ў 1921 на базе прыватнага запаведніка «Чаплі» (з 1874). Пл. больш за 11 тыс. га. Ахоўваецца прыродны комплекс унікальнага цаліннага ціпчакова-палыновага і кавыльнага стэпу (адзіны масіў у Еўропе). У дэндрапарку (пл. каля 200 га) больш за 150 дзікіх і культ. відаў дрэў і кустоў — акацыя белая, вяз, дуб, туя, ясень і інш. Акліматызаваны рэдкія віды жывёл: антылопы, байбак, бізон, зебра, конь Пржавальскага. З экзатычных птушак — афрыканскі страус, нанду, эму; некалькі відаў паўлінаў і фазанаў; вадаплаўныя птушкі — гусь, качка, лебедзь. На базе запаведніка з 1932 існуе Украінскі НДІ жывёлаводства стэпавых раёнаў імя М.Ф.Іванова.

т. 2, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)