Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

БІ́РЖА ПРА́ЦЫ,

установа, пасрэдніцкае звяно паміж працадаўцамі і наёмнай рабочай сілай. На сучасным этапе біржа працы — як правіла, дзярж. структура, з дапамогай якой дзяржава аказвае ўплыў на рынак працы, рэгулюе праблемы працаўладкавання беспрацоўных і тых, хто жадае змяніць прафесію. Біржы працы рэгіструюць свабодную рабочую сілу, вывучаюць попыт на яе ў розных рэгіёнах краіны і свету, даюць інфармацыю аб тым, якія прафесіі і дзе патрэбны, ажыццяўляюць навучанне работнікаў новым прафесіям і прафес. арыентацыю моладзі, а ў некат. краінах выдаюць дапамогу па беспрацоўі.

Узніклі біржы працы ў 1-й пал. 19 ст. ў Германіі і Вялікабрытаніі, затым у Францыі і інш. краінах. На пач. 20 ст. ў Вялікабрытаніі створана агульнанац. Біржа працы. У Расіі з’явіліся на пач. 20 ст. пры гар. управах буйных прамысл. цэнтраў; дзейнічалі і платныя прыватныя пасрэдніцкія канторы. У 1918 дэкрэтам «Аб біржах працы» прыватныя бюро і канторы па найме рабочай сілы ліквідаваны і створаны бясплатныя біржы працы (спынілі сваё існаванне ў сувязі з ліквідацыяй беспрацоўя ў 1930-я г.). На Беларусі на сучасным этапе праблемы працаўладкавання вырашаюць дзярж. цэнтры занятасці.

т. 3, с. 156

БІРЗНІ́ЕК-У́ПІТ ((Birznieke-Upitis) Эрнест Тэадоравіч) (6.4.1871, воласць Дзірцыемс, Латвія — 30.12.1960),

латышскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Латвіі (1947). Скончыў Тукумскую гар. школу. Настаўнічаў. У 1908 заснаваў кніжнае выд-ва «Дзірцыемніекі». Друкавацца пачаў у 1891. Пісаў рэаліст. апавяданні пра жыццё лат. вёскі (зб-кі «Апавяданні Упіта», 1900; «Зранку», 1912; «Пад вечар», 1913; «Апавяданні шэрага каменя», 1914). У 1893—1921 жыў у Закаўказзі, стварыў каўказскі цыкл (зб-кі «У каўказскіх гарах», 1924; «Апавяданні Каўказа», т. 1—2, 1927). Аўтар аўтабіягр. трылогіі «Дзённік Пастарыня» (1922), «Пастарынь у школе» і «Пастарынь у жыцці» (абодва 1924), кніг для дзяцей. На бел. мову яго творы перакладалі У.​Пігулеўскі, Я.​Скрыган, Л.​Філімонава.

Тв.:

Kopoti rakšti. Sēj. 1—7. Riga, 1960—63;

Бел. пер. — у кн.: Латышскія апавяданні. Мн., 1956;

Сучасныя латышскія апавяданні. Мн., 1978;

Песня Даўгавы. Мн., 1986.

І.​Трэймане.

Э.Бірзніек-Упіт.

т. 3, с. 156

БІ́РЗЭ (Birze; сапр. Берзіньш) Міервальдзіс Янавіч

(н. 21.3.1921, г. Руіена, Латвія),

латышскі пісьменнік. Засл. дз. культ. Латвіі (1967), ганаровы чл. АН Латвіі (1990). Скончыў Латвійскі ун-т (1949). Быў вязнем ням. канцэнтрацыйных лагераў (1943—45). Друкуецца з 1953. Антыфашысцкая накіраванасць творчасці Бірзэ выявілася ў аповесці «І пад лёдам рака цячэ» (1957, Дзярж. прэмія Латвіі 1958), зб-ках «Як нарадзілася апавяданне» (1961), «Успаміны, успаміны...» (1968), п’есах «Гэта быў не апошні дзень» (1961), «У карчме «Чорны глушэц» (1965). Значныя творы 1980—90-х г. «Гэтыя няпройдзеныя мілі» (1986), «Дзённікі, І—III» (1990—91). Выступае за гуманізм, у абарону духоўных каштоўнасцяў чалавецтва. Аўтар эсэ, сатыр. і гумарыстычных апавяданняў. Творы Бірзэ на бел. мову пераклалі У.​Пігулеўскі (у зб. «Латышскія апавяданні», 1956), У.​Васілевіч (у зб. «Сучасныя латышскія апавяданні», 1978).

Б.​Калнача.

т. 3, с. 156

БІ́РКА (Birka),

рэшткі стараж. горада (гарадзішча, могільнік) на в-ве Б’ёркё ў паўн.-ўсх. частцы воз. Меларэн (Швецыя). Горад заснаваны каля 800, знішчаны пажарам каля 975. Складаўся з замка на скале і вакольнага горада. На могільніку даследавана больш за 1200 пахаванняў (большасць курганныя), у т. л. багатых гараджан з рабынямі, коньмі, зброяй, каштоўнымі ўпрыгожаннямі, начыннем і інш.

А.​В.​Іоў.

Да арт. Бірка. Варажскі коннік ва ўсходнееўрапейскім узбраенні. Рэканструкцыя паводле матэрыялаў могільніка.

т. 3, с. 156

БІРКЕБЕ́ЙНЕРЫ,

удзельнікі грамадз. войнаў (пераважна збяднелыя бонды) у Нарвегіі ў 2-й пал. 12 — пач. 13 ст. У 1177 рух узначаліў самазванец Сверыр, які ў 1184 разбіў ваен. сілы праціўнікаў біркебейнераў (буйных землеўладальнікаў, вышэйшага духавенства, караля Магнуса Эрлінгсана) і стаў каралём; многія біркебейнеры ператварыліся ў каралеўскіх служылых людзей.

т. 3, с. 156

БІ́РМА,

назва дзяржавы М’янма да 1989.

т. 3, с. 156

БІ́РМАН (Серафіма Германаўна) (10.8.1890, Кішынёў — 11.5.1976),

руская актрыса, рэжысёр. Нар. арт. Расіі (1946). Скончыла драм. курсы А.​І.​Адамава ў Маскве (1911). Працавала ў МХТ, МХАТ 2-м (1924—36), т-рах Ленінскага камсамола (1938—58) і Массавета (з 1959). Створаныя ёй вобразы вызначаліся выразнасцю і глыбінёй псіхал. вырашэння, яркай тэатральнасцю: Халдзейка («Ляўша» паводле М.​Ляскова) Карпухіна («Дзядзечкаў сон» паводле Ф.​Дастаеўскага), Мары Сент-Экзюперы («Жыццё Сент-Экзюперы» Л.​Малюгіна), Маці («Салют, Іспанія!» А.​Афінагенава). Сярод пастановак: «Васа Жалязнова» (1936, выканаўца гал. ролі) і «Зыкавы» (1940) М.​Горкага, «Жывы труп» Л.​Талстога (1942), «Сірано дэ Бержэрак» Э.​Растана (1943). Здымалася ў кіно (з 1925): «Закройшчык з Таржка», «Іван Грозны» (за роль Ефрасінні Старыцкай Дзярж. прэмія СССР 1946), «Звычайны чалавек» і інш.

т. 3, с. 156

БІ́РМАНСКАЯ МО́ВА,

адна з кітайска-тыбецкіх моў (тыбецка-бірманская група). Афіц. мова М’янмы (б. Бірма) і мова міжнац. зносін большасці народаў М’янмы. Традыцыйна вылучаюць дыялекты: араканскі, тавойскі, інта, дану, таунйоў, йо (некаторыя даследчыкі лічаць іх самаст. мовамі). У фанетыцы 11 галосных, 33 зычныя фанемы; з’яўляецца тонавай мовай (мае 4 тоны) з аднаскладовай будовай кораня. Асн. спосабы словаўтварэння — словаскладанне і афіксацыя аглюцінатыўнага тыпу. У марфалогіі вылучаюцца іменныя і дзеяслоўныя класы слоў, а таксама службовыя словы, што разам з парадкам слоў перадаюць сінтаксічныя адносіны. Пісьменства бірманскай мовы складовае, пабудаванае на аснове аднаго з відаў паўд.-інд. пісьма. Стараж. пісьмовыя помнікі датуюцца 11 ст.

т. 3, с. 156

БІРМА́НСКІ САЮ́З, Бірма,

назва дзяржавы ў Паўд. Азіі да 1989, гл. М’янма.

т. 3, с. 157

БІРМА́НЦЫ (саманазва мранма),

нацыя, асн. насельніцтва М’янмы, б. Бірма (больш за 30 млн. чал.). Жывуць таксама ў Індыі, Кампучыі, Лаосе і інш. Агульная колькасць 30,28 млн. чал. (1987). Гавораць на бірманскай мове. Паводле рэлігіі пераважна будысты; захоўваюцца і дабудысцкія вераванні.

т. 3, с. 157