Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АМІ́ДЫ МЕТА́ЛАЎ,

неарганічныя злучэнні агульнай формы M(NH2)n (M — метал, n — ступень акіслення металу). Аміды шчолачных металаў стабільныя крышт. рэчывы, цяжкіх металаў — выбухованебяспечныя. Атрымліваюць узаемадзеяннем металаў з аміякам. Аміды натрыю выкарыстоўваюцца ў вытв-сці сінт. індыга, лек. прэпаратаў (амідапірыдзінаў), вітаміну A і інш.

т. 1, с. 316

АМІ́ЛАВЫЯ СПІРТЫ́,

аліфатычныя насычаныя спірты, C5H11OH. Вядома 8 ізамерных амілавых спіртоў, у т. л. ізаамілавы спірт (CH3)2CHCH2CH2OH — асн. кампанент сівушнага масла, з якога яго і атрымліваюць. Бясколерная вадкасць з непрыемным пахам, tкіп132°C, шчыльн. 0,81·10​3 кг/м³, мала растваральная ў вадзе, ядавітая. Амілавыя спірты — сыравіна для вытв-сці амілацэтатаў, растваральнікі для лакафарбавых матэрыялаў, пенаўтваральнікі ў флатацыі, кампаненты ў вытв-сці пораху, лекаў і інш. Аказваюць наркатычнае дзеянне на чалавека.

т. 1, с. 316

АМІЛА́ЗЫ,

ферменты, якія каталізуюць гідралітычнае раскладанне крухмалу, глікагену і інш. поліцукрыдаў на больш простыя вугляводы. Знойдзены ў слінных і падстраўнікавай залозах жывёл, прарослым насенні вышэйшых раслін, мікраарганізмах. Удзельнічаюць у працэсах стрававання, выкарыстоўваюцца пры апрацоўцы крухмалістай сыравіны для хлебапякарнай, спіртавой, піваварнай прам-сці, пры вытв-сці глюкозы і інш.

т. 1, с. 317

АМІЛАПЕКЦІ́Н,

поліцукрыд, разгалінаваныя малекулы якога пабудаваны з астаткаў α—d-глюкозы. Уваходзіць у састаў крухмалу (звычайна 70—90%). У т.зв. воскападобных сартах кукурузы, ячменю, рысу крухмал складаецца толькі з амілапекціну. Раствор амілапекціну афарбоўваецца ёдам у чырвона-фіялетавы колер.

т. 1, с. 317

АМІЛАЦЭТА́ТЫ,

арганічныя рэчывы, складаныя эфіры воцатнай кіслаты і амілавых спіртоў, CH3COOC5H11. Вадкасці, tкіп 149,2 °C, шчыльн. 0,875·10​3 кг/м³ (н-амілацэтат), tкіп 142 °C, шчыльн. 0,871·10​3 кг/м³ (ізаамілацэтат), мала растваральныя ў вадзе, добра — у арган. растваральніках. Ізаамілацэтат (грушавая эсенцыя) выкарыстоўваецца ў вытв-сці фруктовай вады, карамеляў, амілацэтат — як растваральнік лакаў і фарбаў, нітрацэлюлозы, экстракт пры атрыманні пеніцыліну, кампаненты харч. эсенцый, рэчывы для араматызацыі мыла.

т. 1, с. 317

АМІЛО́ЗА,

лінейны поліцукрыд, малекулы якога пабудаваны з астаткаў глюкозы. Уваходзіць у састаў крухмалу; у адрозненне ад другога кампанента крухмалу — амілапекціну ў водным асяроддзі афарбоўваецца ёдам у сіні колер.

т. 1, с. 317

АМІМІ́Я

(ад а... + грэч. mimia перайманне),

адсутнасць мімікі пры псіх. захворваннях, паркінсанізме, пашкоджанні нерваў твару.

т. 1, с. 317

АМІ́Н Хафізула

(1926, г. Пагман, прав. Кабул, Афганістан — 27.12.1979),

афганскі дзярж. і паліт. дзеяч. Чл. Народна-дэмакр. партыі Афганістана (фракцыя «Хальк»). Пасля перавароту (рэвалюцыі) 27.4.1978 1-ы нам. прэм’ер-міністра і міністр замежных спраў, прэм’ер-міністр. 14.9.1979 адхіліў ад улады Н.М.Таракі, з 16 вер. ген. сакратар ЦК партыі, старшыня Рэв. савета краіны. Імкнуўся да ўсталявання аўтарытарнага рэжыму. Загінуў у час уводу сав. войскаў у Афганістан.

т. 1, с. 317

АМІНААЛЬДЭГІ́ДНЫЯ СМО́ЛЫ,

амінасмолы, тэрмарэактыўныя алігамерныя прадукты полікандэнсацыі амінаў ці амідаў з альдэгідамі. Ператвараюцца ў сеткавыя палімеры. Найб. шырока выкарыстоўваюцца меламінафармальдэгідныя і мачавіна-фармальдэгідныя смолы.

Атрымліваюць у выглядзе водных раствораў ці парашкоў. Ацвярджаюцца пры награванні ці пры пакаёвай т-ры з кіслотнымі каталізатарамі. Зашытыя і мадыфікаваныя смолы — высокатрывалыя, цепла-, вода-, зносаўстойлівыя матэрыялы. Выкарыстоўваюць у вытв-сці драўнінна-стружкавых пліт, амінапластаў, клеяў, пенапластаў, сінт. шпону; мадыфікаваныя — у вытв-сці спец. алкідных лакаў і эмаляў, формаў і стрыжняў для алюмініевага і чыгуннага ліцця, пластыфікатараў бетону.

т. 1, с. 317

АМІНАВА́ННЕ,

увядзенне амінагрупы ў малекулу арган. злучэння. Напр. C2H5Cl + 2NH3 → C2H5NH2 + NH4Cl — рэакцыя ўзаемадзеяння хлорыстага этылу з аміякам пры высокім ціску.

т. 1, с. 317