АСТРО́ЎСКІ Марцін, бел. жывапісец 16 ст. Прыдворны мастак караля і вял. князя ВКЛ Жыгімонта II Аўгуста. Разам з мастакамі па майстэрні В.Хелмінскім, С.Радкам і Я.Гадэ ў 1554 накіраваны для выканання жывапісных работ у Віленскім Ніжнім замку.
т. 2, с. 58
АСТРО́ЎСКІ Мікалай Аляксеевіч
(29.4.1904, с. Вілія Астрожскага р-на Ровенскай вобл., Украіна — 22.12.1936),
рускі пісьменнік. У 1919 пайшоў добраахвотнікам на фронт, ваяваў у брыгадзе Р.І.Катоўскага і 1-й Коннай арміі. У 1920 цяжка паранены. Прыкаваны да ложка невылечнай хваробай, сляпы, Астроўскі напісаў раман «Як гартавалася сталь» (ч. 1—2, 1932—34), у якім стварыў у многім аўтабіягр. вобраз адданага камуніст. ідэі героя. Аўтар незакончанага рамана «Народжаныя бурай» (ч. 1, 1935—36) пра падзеі ў Зах. Украіне.
Тв.:
Собр. Соч. Т. 1—3. М., 1974—75.
т. 2, с. 58
АСТРО́ЎСКІ Радаслаў Казіміравіч
(6.11.1887, в. Заполле Слуцкага р-на Мінскай вобласці — 17.10.1976),
бел. паліт. дзеяч. Скончыў Юр’еўскі (Тартускі) ун-т (1913). У грамадскім і рэв. руху з 1905. З 1914 працаваў выкладчыкам у Мінску. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 камісар Слуцкага пав., арганізатар і дырэктар Слуцкай бел. гімназіі. З чэрв. 1917 чл. ЦК Бел. сацыяліст. грамады. Выступаў супраць Кастр. рэвалюцыі 1917. Дэлегат Усебел. з’езда 1917 (Мінск). Удзельнік Слуцкага паўстання 1920. З 1921 у Зах. Беларусі. У 1924—36 дырэктар Віленскай бел. гімназіі. Супрацоўнічаў з ЦК КП(б)Б і КПЗБ, віцэ-старшыня ЦК Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Пасля судовага працэсу над Грамадой у 1927 змяніў паліт. арыентацыю, у 1928—36 прапагандаваў ідэі супрацоўніцтва з польск. ўладамі. У Вял. Айч. вайну актыўна супрацоўнічаў з ням. акупац. ўладамі, быў бургамістрам у Смаленску, Бранску, Магілёве, прэзідэнтам Беларускай цэнтральнай рады. Адзін з арганізатараў Беларускай краёвай абароны, Другога Усебеларускага кангрэса 1944. Пасля вайны жыў у Зах. Германіі, з 1956 у ЗША. Быў кіраўніком і ідэолагам т.зв. «бэцээраўскай» плыні бел. паліт. эміграцыі.
т. 2, с. 58
АСТРО́ЎСКІ Юрый Міхайлавіч
(29.6.1925, Мінск — 31.12.1992),
бел. біяхімік. Акад. АН Беларусі (1986, чл.-кар. з 1977), д-р мед. н. (1965), праф. (1966). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1950). З 1956 у Віцебскім, з 1959 у Гродзенскім мед. ін-тах. З 1970 заг. Аддзела рэгуляцыі абмену рэчываў АН Беларусі, з 1985 дырэктар Ін-та біяхіміі АН Беларусі. Навук. працы па праблемах малекулярнай вітаміналогіі і біяхіміі алкагалізму, механізмах дзеяння тыяміну, стварэнні новых вітамінных і антывітамінных прэпаратаў, экалагічна выгадных азоцістых угнаенняў, ферментатыўным метадзе лячэння аміячных апёкаў вачэй, атрыманні кансервантаў для сіласавання кармоў, безадходнай тэхналогіі перапрацоўкі малочнай сыроваткі. Чл. міжнар. саюза па біямед. вывучэнні алкагалізму.
Тв.:
Биологический компонент в генезисе алкоголизма. Мн., 1986 (разам з В.І.Сатаноўскай, М.М.Садоўнік);
Метаболические предпосылки и последствия потребления алкоголя. Мн., 1988 (у сааўт.).
т. 2, с. 58
АСТРО́ЎСКІ Ян
(1811, г. Сянно Віцебскай вобласці — 1872),
бел. скульптар. Прадстаўнік класіцызму. Вучыўся ў Вільні пад кіраўніцтвам Р.Слізеня, К.Ельскага. Ствараў пераважна медальёны, бюсты гіст. асоб і дзеячаў культуры Беларусі, Польшчы, Літвы: М.Рэя (1856), К.Ельскага (1853), М.Балінскага (1857), У.Сыракомлі (1856), Ю.Корсака (1853), Т.Нарбута (1856), Б.Панятоўскага (1850), Ю.Нямцэвіча (1850), Я.Каханоўскага (1855), Я.Тышкевіча (1856) і інш. (Нац. музей у Варшаве). Кампазіцыі бюстаў тыпу ант. гермы, элементы ўмоўнасці спалучаюцца з перадачай рэаліст. рысаў мадэлі.
А.К.Лявонава.
т. 2, с. 58
АСТРО́ЎШЧЫНА,
вёска ў Беларусі, у Полацкім раёне Віцебскай вобл., на р. Нача. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 25 км на З ад Полацка, 130 км ад Віцебска, 15 км ад чыг. ст. Ветрына. 388 ж., 148 двароў (1994). Сярэдняя школа, 2 б-кі, Дом культуры, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў.
т. 2, с. 58
АСТРО́ШЫЦЫ,
вёска ў Беларусі, у Лагойскім раёне Мінскай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на ПдЗ ад Лагойска, 28 км ад Мінска. 689 ж., 218 двароў (1994). Сярэдняя школа, б-ка, Дом культуры, аддз. сувязі.
Упершыню ўпамінаецца ў 1449 як маёнтак пад назвай Острожчычы. Належаў Судзімонтавічам, Кежгайлам, Шамётам, з 1590 Крыштофу Радзівілу, потым Тышкевічам (да пач. 20 ст.). У 1747 тут пабудавана уніяцкая царква. У 1870 вёска Астрашыцка-Гарадоцкай вол. На пач. 20 ст. паселішча Астрошыцы складалася з панскага двара (55 ж.) і вёскі (150 ж., 21 двор). З 1924 цэнтр сельсавета Астрашыцка-Гарадоцкага, з 1931 Лагойскага р-наў.
т. 2, с. 58
АСТРЫНА́,
гарадскі пасёлак у Беларусі, у Шчучынскім раёне Гродзенскай вобласці. За 22 км ад Шчучына, 29 км ад чыг. ст. Ражанка на лініі Масты—Ліда, на скрыжаванні аўтадарог Гродна—Ліда і Масты—Шчучын—Радунь—Вільнюс. 2,8 тыс. ж. (1995).
Па пісьмовых крыніцах вядома з 1450. У 15 — пач. 16 ст. каралеўскае ўладанне, цэнтр воласці Трокскага пав. З 1487 мястэчка. У 16—18 ст. цэнтр староства ў Лідскім пав. У 1641 атрымала магдэбургскае права. З 1793 цэнтр воласці. З 1795 у складзе Рас. імперыі. У 1859 у мястэчку 970 ж., 170 дамоў, царква, капліца, праводзіліся штотыднёвыя кірмашы. У 1897 — 2410 ж. У 1921—39 у складзе Польшчы, з 1926 цэнтр гміны Шчучынскага пав. З 1939 у БССР, з 1940 гар. пасёлак Васілішкаўскага р-на. У Вял. Айч. вайну акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. У 1954—60 цэнтр Васілішкаўскага р-на, у 1960—62 у Скідзельскім, з 1962 у Шчучынскім р-нах.
Дрэваапр., буд. матэрыялаў, харч. прам-сць. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў. Помнік Цётцы (А.Пашкевіч). Царква 19 ст.
т. 2, с. 58
АСТРЫ́НСКІЯ,
род татарскіх царэвічаў у ВКЛ, адгалінаванне крымскай дынастыі Гірэяў. Паходзілі ад царэвіча Дэўлеш-салтана, які ў 1491 трапіў на службу да вял. князя ВКЛ і караля польск. Казіміра IV. Род Астрынскіх некаторы час быў найб. уплывовым тат. родам у ВКЛ. Да сярэдзіны 16 ст. Астрынскія не ўваходзілі ў склад тат. харугваў, не падпарадкоўваліся тат. харунжым, мелі права (як князі і паны) з’яўляцца са сваім атрадам непасрэдна да гетмана.
Сын Дэўлеш-салтана Азубек-салтан (Азюбек, Узубек, ? — пасля 1540) упершыню ўпомнены ў 1507. З 1514 ён і яго нашчадкі ў актах ВКЛ называюцца царэвічамі Астрынскімі (ад маёнтка Астрына, цяпер Гродзенская вобл.). Азубек-салтан удзельнічаў у цырымоніі абвяшчэння Жыгімонта II Аўгуста вял. князем ВКЛ (1529), на Берасцейскім сойме 1533, выступаў арбітрам у спрэчках літ. служылых татараў. Меў сыноў Багатыр-салтана, Джаная іЧынгіса. У 2-й пал. 16 ст. царэвічы Астрынскія паступова страцілі свае землеўладанні. Іх род згас на дзецях Чынгіса.
С.У.Думін.
т. 2, с. 58