АСТРЫ́НСКІЯ,
род татарскіх царэвічаў у ВКЛ, адгалінаванне крымскай дынастыі Гірэяў. Паходзілі ад царэвіча Дэўлеш-салтана, які ў 1491 трапіў на службу да вял. князя ВКЛ і караля польск. Казіміра IV. Род Астрынскіх некаторы час быў найб. уплывовым тат. родам у ВКЛ. Да сярэдзіны 16 ст. Астрынскія не ўваходзілі ў склад тат. харугваў, не падпарадкоўваліся тат. харунжым, мелі права (як князі і паны) з’яўляцца са сваім атрадам непасрэдна да гетмана.
Сын Дэўлеш-салтана Азубек-салтан (Азюбек, Узубек, ? — пасля 1540) упершыню ўпомнены ў 1507. З 1514 ён і яго нашчадкі ў актах ВКЛ называюцца царэвічамі Астрынскімі (ад маёнтка Астрына, цяпер Гродзенская вобл.). Азубек-салтан удзельнічаў у цырымоніі абвяшчэння Жыгімонта II Аўгуста вял. князем ВКЛ (1529), на Берасцейскім сойме 1533, выступаў арбітрам у спрэчках літ. служылых татараў. Меў сыноў Багатыр-салтана, Джаная іЧынгіса. У 2-й пал. 16 ст. царэвічы Астрынскія паступова страцілі свае землеўладанні. Іх род згас на дзецях Чынгіса.
С.У.Думін.
т. 2, с. 58
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)