АСТРЫНА́,
гарадскі пасёлак у Беларусі, у Шчучынскім раёне Гродзенскай вобласці. За 22 км ад Шчучына, 29 км ад чыг. ст. Ражанка на лініі Масты—Ліда, на скрыжаванні аўтадарог Гродна—Ліда і Масты—Шчучын—Радунь—Вільнюс. 2,8 тыс. ж. (1995).
Па пісьмовых крыніцах вядома з 1450. У 15 — пач. 16 ст. каралеўскае ўладанне, цэнтр воласці Трокскага пав. З 1487 мястэчка. У 16—18 ст. цэнтр староства ў Лідскім пав. У 1641 атрымала магдэбургскае права. З 1793 цэнтр воласці. З 1795 у складзе Рас. імперыі. У 1859 у мястэчку 970 ж., 170 дамоў, царква, капліца, праводзіліся штотыднёвыя кірмашы. У 1897 — 2410 ж. У 1921—39 у складзе Польшчы, з 1926 цэнтр гміны Шчучынскага пав. З 1939 у БССР, з 1940 гар. пасёлак Васілішкаўскага р-на. У Вял. Айч. вайну акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. У 1954—60 цэнтр Васілішкаўскага р-на, у 1960—62 у Скідзельскім, з 1962 у Шчучынскім р-нах.
Дрэваапр., буд. матэрыялаў, харч. прам-сць. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў. Помнік Цётцы (А.Пашкевіч). Царква 19 ст.
т. 2, с. 58
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)