Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АМЕЯ́ДАЎ ХАЛІФА́Т,

Дамаскі халіфат, дзяржава арабаў у перыяд праўлення халіфаў дынастыі Амеядаў. Сталіца — Дамаск. На пачатку займаў тэр. Аравійскага п-ва, Месапатаміі, Палесціны, Сірыі, Ірана, Егіпта. У ходзе араб. заваяванняў да халіфата далучаны Паўн. Афрыка, б.ч. Пірэнейскага п-ва, ч. Сярэдняй Азіі, некат. княствы Паўн.-Зах. Індыі, Арменія, Азербайджан, ч. Грузіі. Амеяды распаўсюджвалі сярод заваяванага насельніцтва іслам, увялі ў справаводства араб. мову, рэарганізавалі войска (салдаты атрымлівалі плату з казны ці надзяляліся зямлёй), будавалі дарогі, каналы, караван-сараі і інш. Нестабільныя падаткі і нормы землекарыстання выклікалі нар. паўстанні (часам у форме сектанцкіх рухаў), апошняе з якіх у 747—750 пад кіраўніцтвам Абу Мусліма прывяло да звяржэння дынастыі Амеядаў і разбурэння халіфата.

т. 1, с. 315

АМЕЯ́ДЫ,

дынастыя арабскіх халіфаў, якая правіла ў 661—750. Паходзілі з роду Амея араб. меканскага племені курэйшаў. Заснавальнік Муавія І, які ўзначаліў Арабскі халіфат пасля забойства апошняга з першых чатырох праведных халіфаў Алі ібн Абі Таліба.

Найб. значныя прадстаўнікі Амеядаў: Абд аль-Малік [685—705] і яго сыны Валід І [705—715], Сулейман [715—717], Ясід II [720—724], Хішам ібн Абд аль-Малік [724—743]. Пры Амеядах створана буйная дзяржава — Амеядаў халіфат, працягваліся араб. заваяванні. У 750 скінуты Абасідамі. Адзіны ўцалелы з Амеядаў Абдарахман І уцёк у Іспанію і заснаваў там дынастыю Кардоўскіх Амеядаў (гл. Кардоўскі эмірат).

т. 1, с. 316

АМЁБІЯЗ,

амёбная дызентэрыя, хвароба чалавека, якая выклікаецца паразітаваннем у яго арганізме дызентэрыйнай амёбы (Entamoeda histolytica) і характарызуецца язвавым пашкоджаннем тоўстага кішэчніка. Цысты ўзбуджальніка выдзяляюцца ў навакольнае асяроддзе з калам, у вадзе могуць захоўваць жыццяздольнасць да 8 месяцаў; трапляюць у арганізм праз брудныя рукі, прадметы ўжытку, забруджаную агародніну, ваду. Інкубацыйны перыяд да 1,5 месяца. Хвароба пачынаецца слабасцю, зніжэннем апетыту, болямі ў жываце. Надворак пачашчаецца да 5—15 разоў за суткі, вадкі, са сліззю і крывёй. Развіваюцца з’явы інтаксікацыі. Без лячэння магчымы пераход у хранічную форму з ускладненнямі (разрывы кішак і абсцэсы ў печані і мозгу). Лячэнне толькі ў стацыянары з наступным наглядам урача.

т. 1, с. 316

АМЁБЫ

(Labosea),

клас прасцейшых. Трапляюцца ў прэсных, саленаватых, марскіх водах, часта ў прыбярэжным пяску, глебе; асобныя паразітуюць у кішэчніку жывёл і чалавека (напр., амёба дызентэрыйная Entamoeda histolytica), выклікаюць амёбіяз.

Цела 15 мкм — З мм, пастаяннай формы не маюць. Перамяшчаюцца з дапамогай часовых вырастаў (псеўдаподыяў). Хуткасць руху 0,5—3 мкм/мін. Маюць ядро, пульсуючую і стрававальную вакуолі. Жывяцца бактэрыямі, водарасцямі, прасцейшымі. Размнажаюцца бясполым спосабам (дзяленнем). У неспрыяльных умовах акругляюцца, укрываюцца 2-слаёвай шчыльнай абалонкай (інцыстуюцца).

т. 1, с. 316

А́МІ

(Ammi),

род кветкавых раслін сям. сельдэрэевых. Каля 6 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і. Амі зубная (A. visnaga) і вялікая (A. majus) культывуюцца на Каўказе, паўд. Украіне і ў Малдове. Інтрадукаваны ў Цэнтр. бат. сад АН Беларусі.

Адна- або двухгадовыя травяністыя расліны з галінастым голым баразнаватым сцяблом выш. 50—80 см. Лісце складанаперыстарассечанае. Кветкі дробныя белыя ў складаных парасоніках. Плод — двухсямянка; мае эфірны алей, келін, віснагін, ізапімпінелін, бергаптэн і інш. біял. актыўныя рэчывы, якія выкарыстоўваюцца пры каранарнай недастатковасці, бранхіяльнай астме, коклюшы, як спазмалітычныя сродкі; прэпарат аміфурын — для лячэння віціліга і кругападобнай лысасці. Харчовыя (ужываюцца карані), меданосныя, вострапрыпраўныя і эфіраалейныя расліны.

т. 1, с. 316

АМІ́ДА,

Аміда-буцу, Аміда-нёрай, адно з гал. божастваў японскай будыйскай міфалогіі; буда, уладыка запеватнай «чыстай зямлі», куды трапляюць праведнікі. Вакол Аміды склалася яп. разнавіднасць будызму — амідаізм.

т. 1, с. 316

АМІДА́ЗЫ,

ферменты класа гідралаз, якія каталізуюць расшчапленне рэчываў тыпу кіслотных амідаў з утварэннем аміяку. Пашыраны ў жывых арганізмах. У ліку амідазаў аспарагіназа (прэпарат выкарыстоўваецца ў медыцыне), глутаміназа, урэаза і інш.

т. 1, с. 316

АМІДАСТАМО́З,

інвазійная нематадозная хвароба гусей (пераважна маладняку да 4 мес), качак і інш. птушак, якая выклікаецца нематодамі амідастомамі. Пашыраны ўсюды. Пік інвазіі ў сярэдзіне лета. Птушкі заражаюцца праз корм, абнасенены яйцамі гельмінтаў. Паказанні: запаленне слізістай абалонкі страўніка, парушэнні стрававання, кволасць, страта апетыту, хісткая хада.

т. 1, с. 316

АМІДАСТО́МЫ

(Amidostomum),

род нематодаў. Больш за 10 відаў. Паразітуюць у падслізістай абалонцы страўніка гусей, радзей качак, куранят і галубоў. Выклікаюць амідастамоз. Найб. пашырана Amidostoma anseris.

Даўж. самцоў да 14,5 мм, шыр. да 0,26 мм, самак адпаведна 20,3 і 0,39 мм. Яйцы выдзяляюцца ў вонкавае асяроддзе. Развіццё без прамежкавага гаспадара. Інвазійная лічынка пасля двухразовай лінькі пры т-ры паветра 16—26 °C праз 3—5 сутак выходзіць з яйца. У страўнік гаспадара трапляе з травой ці вадой, праз 17—22 сут дасягае палавой спеласці.

т. 1, с. 316

АМІ́ДЫ КІСЛО́Т,

вытворныя кіслародазмяшчальных кіслот, у малекуле якіх гідраксільная група ОН замешчана амінагрупай NH2. Нейтральныя рэчывы. Аміды кіслот неарганічныя: сульфамінавая к-та H2NSO2OH, трыамідафосфарная к-та OP(NH2)3. Да амідаў кіслот арган. належаць: фармамід, ацэтамід CH3CONH2, мачавіна, акрыламід і інш. Вядомы аміды сульфакіслот (напр., бензолсульфамід C6H5SO2NH2). Аміды кіслот атрымліваюць дэгідратацыяй амоніевых соляў ці ўзаемадзеяннем аміяку або амінаў з вытворнымі адпаведных кіслот. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці сульфмідных прэпаратаў і поліамідаў.

т. 1, с. 316