АМЕРЫКА́НСКІ БЕ́ЛЫ МАТЫ́ЛЬ
(Hyphantria cunea),
матыль сямейства мядзведзіц. Радзіма — Паўн. Амерыка. У Еўропе ўпершыню выяўлены ў Венгрыі (1940). Пашырыўся па інш. краінах Еўропы. Шкодзіць раслінаводству.
Размах крылаў 2,0—3,5 см. У некаторых асобін на брушку і крылах дробныя чорныя плямкі. Вусені даўж. 2,5—3,5 см, усёедныя, кормяцца больш як на 200 відах раслін. За год 2 пакаленні. Матылі першага пакалення вылятаюць у маі, другога — у ліпені—жніўні. Адкладаюць 300—2500 яец на ніжнюю паверхню ліста. Вусені шкодзяць раслінам. Меры барацьбы: каранцін, апрацоўка раслін спец. прэпаратамі.
т. 1, с. 315
АМЕРЫКА́НСКІ ГНІЛЕ́Ц ПЧОЛ,
злаякасны гнілец, пячатны гнілец, інфекцыйная хвароба пчаліных сем’яў, узбуджальнік якой спораўтваральны мікроб (Bacillus larvae). Пашыраны ўсюды. Перадаецца праз хворых пчол, якія загінулі, праз мёд, соты, інвентар, паразітаў пчол і інш.
У пашкоджанай пчалінай сям’і расплод стракаты, рознаўзроставы. Вечкі ячэек пацямнелыя, лейкападобна ўціснутыя. Лічынкі ва ўзросце акуклівання трацяць сегментацыю, іх скурка танчэе, тканкі распадаюцца і ператвараюцца ў клейкую, цягучую масу колеру кавы, з пахам сталярнага клею. Лячэнне: цукровы сіроп з дабаўленнем сульфаніламідаў, антыбіётыкаў і інш. Прафілактыка: дэзінфіцыраванне вулляў, інвентару і інш.
т. 1, с. 315
АМЕРЫКА́НСКІ ЛЕГІЁН
(American Legion),
у ЗША арг-цыя былых удзельнікаў розных войнаў. Засн. ў 1919 у Парыжы вайскоўцамі амер. экспедыцыйнага корпуса ў Еўропе, узаконена як афіц. арг-цыя актам Кангрэса ЗША. Штаб-кватэра ў г. Індыянапаліс. Узначальваецца выканкомам і нац. камандорам, якіх штогод выбірае з’езд легіянераў. Выступае за сац. абарону ветэранаў войнаў, займаецца ваенна-патрыят. выхаваннем моладзі. Паліт. пазіцыі Амерыканскага легіёна характарызуюцца антыпрафсаюзным курсам, негатыўным стаўленнем да іншаземцаў.
т. 1, с. 315
АМЕРЫКА́НСКІ ФУТБО́Л,
спартыўная гульня. Узнік у канцы 19 ст. ў ЗША на аснове рэгбі і футбола. Гуляюць 2 каманды па 11 чал. (замены па ходу сустрэчы) на працягу 4 квартаў (па 15 хвілін чыстага часу). Гал. мэта — занесці рукамі мяч грушападобнай формы ў заліковую зону і апусціць на зямлю (тачдаўн) або нагой накіраваць мяч у вароты (філдгол). Дазволены сілавыя прыёмы, для гульцоў прадугледжана спец. ахоўная амуніцыя. Найб. развіты ў ЗША, дзе штогод праводзяцца чэмпіянаты сярод прафес. клубаў; культывуецца ў 20 еўрап. краінах. Чэмпіянаты свету з 1967. На Беларусі развіваецца з 1990; клуб «Мінскія зубры» тройчы перамагаў на чэмпіянатах СНД.
М.А.Дубіцкі.
т. 1, с. 315
АМЕРЫКА́НЦЫ,
нацыя, асн. насельніцтва ЗША. Больш за 187,2 млн. чал. (1987), у т. л. 30 млн. неграў і мулатаў. Гавораць на амерыканскім варыянце англійскай мовы. Паводле рэлігіі пераважна пратэстанты і католікі.
т. 1, с. 315
«АМЕ́РЫКАН ТЭ́ЛЕФОН ЭНД ТЭ́ЛЕГРАФ КО́МПАНІ»
(American Telephone and Telegraph Company; АТТ),
найбуйнейшая электронная і электратэхнічная манаполія ЗША па вытв-сці слабаточнага абсталявання. Засн. ў 1885. Выпускае абсталяванне сувязі, ЭВМ і інш. электронную тэхніку. Абслугоўвае амер. і міжнар. лініі далёкай тэлеф. і тэлетайпнай сувязі.
т. 1, с. 313
АМЕРЫ́ЦЫЙ
(лац. Americium),
Am, штучны радыеактыўны хім. элемент, ат. н. 95, адносіцца да актыноідаў. Стабільных ізатопаў не мае, штучна атрыманы 13, найб. устойлівы 243Am (перыяд распаду 7370 г.).
Адкрыта ў 1944 амер. вучонымі пры апрамяненні 239Pu нейтронамі. Серабрысты метал, шчыльн. 13,67·103 кг/м³, tпл = 1173 °C. Выкарыстоўваецца ў нейтронных крыніцах, дэфектаскапіі, для атрымання больш цяжкіх элементаў (напр., плутонію, кюрыю). Высокатаксічны. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986) ёсць на забруджаных тэр. Беларусі.
т. 1, с. 315
АМЕТЫ́СТ
(ад грэч. amethystos цвярозы, не п’яны),
мінерал, празрыстая фіялетавая разнавіднасць кварцу. Бляск шкляны. Трапляецца ў гранітных пегматытах, кварцавых жылах, пустотах вулканічных горных парод і інш. Буйныя, прыгожа афарбаваныя крышталі аметысту — каштоўныя камяні (ювелірныя і маст. вырабы). Радовішчы ў Замбіі, Зімбабве, Бразіліі (найб. каштоўныя), у Расіі (Урал), Узбекістане і інш. Наладжана вытв-сць сінтэтычных аметыстаў. Выкарыстоўваўся як амулет супраць п’янства.
т. 1, с. 315
АМЕЯ́ДАЎ МЯЧЭ́ЦЬ,
Вялікая мячэць Амеядаў у Дамаску, помнік сярэдневяковай арабскай архітэктуры. Перабудавана ў 705—715 з царквы св. Іаана Хрысціцеля, пераробленай з ант. свяцілішча Юпітэра Дамаскага.
Прамавугольнае ў плане збудаванне (157 м х 100 м) з малельнай залай, да якой прымыкае двор, абнесены з трох бакоў галерэяй з 2-яруснымі аркадамі на калонах і слупах. Малельная зала — 3-нефавая з 2-яруснымі аркадамі на мармуровых калонах, перакрыжавана трансептам над сяродкрыжжам. Фасады ўпрыгожаны мазаікай 8 ст. (захаваліся часткова).
т. 1, с. 315