Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АМЕРЫКА́НА-ФІЛІПІ́НСКАЯ ВАЙНА́ 1899—1901,

каланіяльная вайна ЗША супраць Філіпін. Не прызнаўшы незалежнасці маладой Філіпінскай Рэспублікі, ЗША абвясцілі сябе яе суверэнам. Размешчаная на Філіпінах 25-тысячная армія ЗША 4.2.1899 разгарнула баявыя дзеянні супраць рэсп. войскаў (каля 16 тыс. чал.). Але за паўгода яна прасунулася толькі на 100—120 км на Пн ад Манілы. Выклікаўшы сярод філіпінцаў раскол, які прывёў да прымусовай адстаўкі кіраўніка ўрада А.Мабіні і забойства галоўнакамандуючага рэсп. арміяй А.Луны, амер. войскі ў кастр. пачалі новае наступленне. Пераход на бок ЗША часткі мясц. памешчыкаў і буржуазіі аслабіў супраціўленне філіпінскай арміі, і яна распалася на партыз. атрады. Паланенне прэзідэнта Э.Агінальда (23.3.1901) і яго прысяга на вернасць ЗША фактычна спынілі вайну. Баі партыз. груп працягваліся да 1913.

т. 1, с. 313

АМЕРЫКА́НА-ФРАНЦУ́ЗСКІ ДАГАВО́Р 1778.

Падпісаны 6 лют. ў Парыжы Б.Франклінам і франц. міністрам замежных спраў Ш.Вержэнам. Прадугледжваў уступленне ў вайну з Англіяй Францыі, якая абавязалася абараняць «свабоду, суверэнітэт і незалежнасць» 13 паўн.-амер. калоній і не складаць зброі да таго часу, пакуль Англія не прызнае іх незалежнасць. Дагавор перастаў дзейнічаць у 1794, калі ЗША абвясцілі пра свой нейтралітэт у вайне Францыі супраць кааліцыі еўрап. дзяржаў на чале з Англіяй.

т. 1, с. 313

АМЕРЫКА́НА-ЯПО́НСКІЯ ДАГАВО́РЫ 1951, 1960.

Дагавор бяспекі 1951. Падпісаны 8 вер. ў Сан-Францыска на нявызначаны тэрмін. Навязаны Японіі ЗША як умова заключэння мірнага дагавора. Паводле яго ЗША атрымалі права мець на тэр. Японіі свае ўзбр. сілы і выкарыстоўваць іх для аперацый на Д.Усходзе і задушэння хваляванняў унутры краіны; без згоды ЗША на яп. тэр. не маглі размяшчацца базы і войскі трэцяй дзяржавы. Страціў сілу ў сувязі з заключэннем дагавора 1960. Дагавор аб узаемным супрацоўніцтве і гарантыі бяспекі падпісаны 19.1.1960 у Вашынгтоне тэрмінам на 10 гадоў (прадоўжаны на няпэўны тэрмін у ліст. 1969); ратыфікаваны 22.6.1960. Паводле яго ЗША замацавалі сваё права мець на тэр. Японіі ўзбр. сілы і ваен. базы. Японія абавязвалася нарошчваць свой ваен. патэнцыял і выкарыстоўваць яго ў выпадку агульнай небяспекі. Дагавор адмоўна ўспрыняты народам і выклікаў хваляванні ў Японіі.

т. 1, с. 313

АМЕРЫКАНО́ІДНАЯ РА́СА,

адгалінаванне вял. мангалоіднай расы, уключае карэннае насельніцтва Амерыкі — індзейцаў. Асн. прыкметы чалавека амерыканоіднай расы — прамыя чорныя валасы, цёмныя вочы, скура з бурым адценнем, вял. твар, вусы і барада растуць слаба. Сярод прадстаўнікоў амерыканоіднай расы адсутнічаюць рэзус-адмоўныя індывідуумы, амаль усе яны маюць 0 (І) групу крыві, што разам са слаба развітой мангольскай складкай павека і адносна буйным носам адрознівае амерыканоідаў ад мангалоідаў. Індзейцы складаюць значную частку сучаснага насельніцтва ў краінах Паўд. Амерыкі, у Паўн. Амерыцы іх засталося няшмат.

А.І.Мікуліч.

т. 1, с. 314

АМЕРЫКА́НСКАЯ АДМІНІСТРА́ЦЫЯ ДАПАМО́ГІ

(American Relief Administration; АРА),

урадавая арг-цыя ЗША у 1919—23 па аказанні харчовай і інш. дапамогі еўрап. краінам, што пацярпелі ў 1-ю сусв. вайну. Узначальваў Г.Гувер. Фактычна выкарыстоўвалася для ўмацавання эканам. і паліт. пазіцый ЗША, стрымлівання рэв. руху ў Венгрыі, Румыніі, Балгарыі і інш. У 1921—22 аказала дапамогу ў час голаду ў Паволжы, На Украіне. У выніку канкурэнцыі з боку Англіі, Францыі і Італіі яе дзейнасць у Еўропе спынена.

т. 1, с. 314

АМЕРЫКА́НСКАЯ АКАДЭ́МІЯ КІНЕМАТАГРАФІ́ЧНЫХ МАСТА́ЦТВАЎ І НАВУ́К

(Academy of Motion Picture Arts and Sciences; АМПАС),

Амерыканская кінаакадэмія, грамадская арг-цыя ў ЗША Засн. ў 1927 у Галівудзе. Займаецца праблемамі павышэння адукацыйнага, прафес. і тэхн. ўзроўню амер. кінематаграфіі. Аб’ядноўвае больш за 4 тыс. членаў. Мае 12 секцый (рэжысёрская, акцёрскага мастацтва, сцэнарная, кампазітарская, прадзюсерская і інш.). Вядзе інфармацыйную (3 разы на год выдае каталогі бягучай амер. кінапрадукцыі, даведнікі) і лекцыйную работу, дапамагае маладым кінематаграфістам. З 1929 штогод прысуджае прэміі «Оскар» амер. (іншы раз англ.) фільмам за дасягненні ў 26 асобных галінах кінематографа (па 26 намінацыях), а таксама за лепшы замежны фільм года. Прысуджаюцца спец. прэміі «Оскар» за ўклад у кінамастацтва ў цэлым. З 1973 арганізуе конкурсы студэнцкіх фільмаў.

т. 1, с. 314

АМЕРЫКА́НСКАЯ СТАНДАРТБРЭ́ДНАЯ ПАРО́ДА коней, амерыканская рысістая парода, хуткаалюрная запражная парода. Выведзена ў ЗША у 19 ст. скрыжаваннямі з чыстакроўнай верхавой нарфолкскай, галандскай рысістай, канадскімі інаходцамі і інш. пародамі гал. чынам для спарт. спаборніцтваў на іпадромах. Гадуюць у ЗША, Канадзе, краінах Еўропы. У Расіі з яе ўдзелам выведзена руская рысістая парода. На Беларусі выкарыстоўваецца як паляпшальнік рысістых парод.

Масць гнядая, вараная, рыжая. У выніку аднабаковага адбору на рэзвасць коні не выраўнаваны па экстэр’еры; выш. ў карку 145—166 см. Абсалютны рэкорд на 1 мілю рыссю 1 мін 54,4 с, інахаддзю 1 мін 49 с.

т. 1, с. 314

АМЕРЫКА́НСКАЯ ФЕДЭРА́ЦЫЯ ПРА́ЦЫ

(American Federation of Labor; АФП),

прафсаюзнае аб’яднанне ў ЗША у 1886—1955. Узнікла на аснове створанай у 1881 Федэрацыі арганізаваных прафсаюзаў ЗША і Канады; аб’ядноўвала 90 арг-цый кваліфікаваных рабочых пад кіраўніцтвам С.Гомперса (старшыня АФП да 1924). Будавалася паводле цэхавага прынцыпу. Прадстаўляла выключна эканам. інтарэсы рабочых. Ускладняла прыём у прафсаюзы для некваліфікаваных рабочых, неграў і імігрантаў. У 1930-я г. частка прафс. арг-цый левай арыентацыі выйшла з АФП і стварыла Кангрэс вытворчых прафсаюзаў, з якім у 1955 АФП (каля 10 млн. чл.) аб’ядналася ў адзіную Амерыканскую федэрацыю працы — Кангрэс вытворчых прафсаюзаў.

т. 1, с. 314

АМЕРЫКА́НСКАЯ ФЕДЭРА́ЦЫЯ ПРА́ЦЫ — КАНГРЭ́С ВЫТВО́РЧЫХ ПРАФСАЮ́ЗАЎ

(American Federation of Labor-Congress of Industrial Organizations АФП—КВП),

найбольшае прафс. аб’яднанне ў ЗША. Створана ў 1955 у выніку зліцця Амерыканскай федэрацыі працы і Кангрэса вытворчых прафсаюзаў. Да 1969 уваходзіла ў Міжнародную канфедэрацыю свабодных прафсаюзаў. Штаб-кватэра ў г. Вашынгтон. З’яўляецца асн. сацыял-рэфармісцкай сілай у краіне, на прэзідэнцкіх выбарах у асноўным падтрымлівае Дэмакр. партыю. У сваёй дзейнасці зыходзіць з ідэі, што рабочыя павінны мець права на забастоўку, выкарыстоўвае метады калект. торгу (для дасягнення калект. дагавору з работадаўцам) і паправак да закону (паляпшэнне існуючых законаў); кіраўніцтва АФП—КВП выступае супраць левага радыкалізму і свабоднай рыначнай стыхіі. Аб’ядноўвае (1994) 98 найбуйнейшых прафсаюзаў краіны: рабочых буд. прам-сці, транспартнікаў, партовых грузчыкаў усх. ўзбярэжжа і інш.; больш за 14,5 млн. чл. Старшыні АФП—КВП: Дж.Міні (1955—79), Л.Керкленд (з 1979). Друкаваныя органы: штотыднёвік «AFL—CIO News» («Навіны АФП—КВП») і штомесячны час. «American Federationist» («Амерыканскі федэрацыяніст»).

т. 1, с. 314

АМЕРЫКА́НСКАЯ ЭНЦЫКЛАПЕ́ДЫЯ,

«Амерыкана» (The Encyclopedia Americana), універсальная энцыклапедыя ў ЗША. 1-е выд. выйшла ў Філадэльфіі ў 1829—33 (т. 1—13; скл. Ф.Лібер). З 1903 выдаецца ў Нью-Йорку (т. 1—16, 1903—04; з 1918 перавыдаецца ў 30 т.). Змяшчае каля 70 тыс. артыкулаў па гуманітарных, прыродазнаўчых і дакладных навуках, тэхніцы, эканоміцы, палітыцы. Асабліва падрабязны матэрыял прыводзіцца пра ЗША і інш. краіны Амерыкі. Большасць артыкулаў — сціслыя даведкі-дэфініцыі; грунтоўныя агляды даюцца пра асобныя краіны, усе стагоддзі новай эры (ад 1-га да 20-га), выдатныя творы сусв. л-ры, музыкі, філасофіі і эканомікі, амер. паліт. дзеячаў і інш. Найб. складаныя артыкулы маюць невял. слоўнікі тэрмінаў. Т. 30 змяшчае ілюстраваную храналогію сусв. падзей за апошнія 5 гадоў і алфавітны індэкс — больш за 350 тыс. тэрмінаў і слоў, што выкарыстаны ў артыкулах Амерыканскай энцыклапедыі. З 1923 у дадатак да Амерыканскай энцыклапедыі выдаецца 1-томны штогоднік.

В.К.Шчэрбін.

т. 1, с. 314