БУДКЕ́ВІЧ Барбара Эдмундаўна
(2.12.1886, маёнтак Глухавец Мсціслаўскага пав. Магілёўскай губ. — 21.8.1937),
дзеяч рэв. руху ў Польшчы, гісторык. Скончыла Брусельскі (Новы) ун-т (1912). Чл. Польскай партыі сацыялістычнай (ППС, 1904—06), Варшаўскага і Лодзінскага к-таў ППС-лявіцы (1908—09, 1912—13), замежнай секцыі ППС-лявіцы. За ўдзел у рэв. руху ў 1906 і 1909 арыштавана. З 1913 у Пецярбургу. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 у Польскім нац. камісарыяце пры Наркамнацы РСФСР. З 1918 кіраўнік польскай секцыі Магілёўскага губ. аддзела нар. асветы, выкладчык на курсах чырв. камандзіраў у Смаленску, кіраўнік польскіх паліткурсаў пры штабе Зах. фронту, з 1921 кіраўнік сектараў Камуніст. ун-таў імя Свярдлова і нац. меншасцяў Захаду (КУНМЗ), нам. вучонага сакратара Наркамасветы РСФСР. З 1926 выкладчык у Камуніст. ун-це Беларусі. З 1931 навук. супрацоўнік польскага сектара, вучоны сакратар Ін-та польскай пралетарскай культуры АН БССР, дацэнт кафедры ўсеаг. гісторыі КУНМЗа. Даследавала гісторыю развіцця прам-сці і фарміравання пралетарыяту, рэв. руху ў Польшчы. Рэпрэсіравана. Рэабілітавана ў 1956.
У.М. Міхнюк.
т. 3, с. 314
БУДКЕ́ВІЧ Уладзімір Уладзіміравіч
(н. 13.3.1947, Магілёў),
бел. фагатыст. Засл. арт. Беларусі (1980). Скончыў Бел. кансерваторыю (1970). З 1967 артыст, у 1971—81 саліст аркестра і канцэртмайстар групы фаготаў Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, адначасова з 1972 педагог Бел. акадэміі музыкі (праф. з 1992). Выступае ў канцэртах, у т. л. з Дзярж. камерным аркестрам, ансамблем салістаў Дзярж. аркестра сімф. і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь і інш.
т. 3, с. 315
БУ́ДКЕР Герш Іцкавіч
(1.5.1918, в. Мурафа Вінніцкай вобл., Украіна — 4.7.1977),
савецкі фізік. Акад. АН СССР (1964, чл.-кар. 1958). Скончыў Маскоўскі ун-т (1941). З 1946 у Ін-це атамнай энергіі АН СССР, з 1957 дырэктар Ін-та ядзернай фізікі Сібірскага аддз. АН СССР. Навук. працы па тэорыі ядзерных рэактараў, тэорыі і разліку паскаральнікаў зараджаных часціц, па фізіцы плазмы, фізіцы часціц высокіх энергій і інш. Прапанаваў метад сустрэчных пучкоў для даследавання ўласцівасцей элементарных часціц. Ленінская прэмія 1967, Дзярж. прэмія СССР 1949.
Літ.:
Беляев С.Т., Сидоров В.А., Чириков Б.В. Г.И.Будкер // Успехи физ. наук. 1968. Т. 96, вып. 3.
т. 3, с. 315
БУДЛЯ́НКА,
рака ў Беларусі, у Магілёўскім, Быхаўскім і Чавускім р-нах Магілёўскай вобл., правы прыток Расты (бас. Дняпра). Даўж. 24 км. Пл. вадазбору 170 км². Пачынаецца каля паўн. ускраіны в. Ліпец Магілёўскага р-на. На ўсім працягу каналізаваная.
т. 3, с. 315
БУ́ДНІК Уладзімір Іванавіч
(н. 28.4.1949, г. Жыткавічы Гомельскай вобл.),
бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1975, клас А.Багатырова). У 1979—84 заг. муз. часткі Бел. т-ра імя Я.Купалы. Асн. творчыя дасягненні ў масавых жанрах, у музыцы для дзяцей. Сярод твораў: кантата «На магіле партызана» на словы К.Кублінскага і сімфонія (1975), сімф. паэма «Сказ пра Палессе» (1990), сюіты для фп. (1990), трубы і фп. (1992), габоя і фп. (1993), прэлюдыя і фуга для квартэта драўляных духавых інструментаў (1977), Дзіцячая сюіта і струнны квартэт (1978), прэлюдыі (1979), «Школьны сшытак» (1980) для фп., песні, музыка да драм. спектакляў і радыёпастановак. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1982.
Р.М.Аладава.
т. 3, с. 315
БУ́ДНІКАЎ Пётр Пятровіч
(9.10.1885, Смаленск — 6.12.1968),
савецкі вучоны ў галіне мінералогіі і неарган. хіміі. Чл.-кар. АН СССР (1939). Акад. АН УССР (1939), Польскай АН (1956). Герой Сац. Працы (1965). З 1944 у Маскоўскім хіміка-тэхнал. ін-це. Навук. працы па хіміі і тэхналогіі сілікатаў, комплексным даследаванні мінер. багаццяў СССР і іх выкарыстанні. Стварыў новыя віды вяжучых, вогнетрывалых, ізаляцыйных матэрыялаў, буд. і спец. керамікі. Дзярж. прэміі СССР 1942, 1950, 1952.
Тв.:
Избр. труды. Киев, 1960.
т. 3, с. 315
БУ́ДНІКІ,
катэгорыя работнікаў на Беларусі ў 15 — сярэдзіне 19 ст., якія працавалі гал. чынам на будах. Набіраліся пераважна са збяднелых сялян. Некваліфікаваныя буднікі звычайна выпальвалі попел з драўніны пэўных парод і нарыхтоўвалі дровы, клёпку для будных печаў. Кваліфікаваныя буднікі выварвалі з попелу паташ (палівачы і карытнікі), выпальвалі вугаль для кузняў, рабілі бочкі пад паташ, выконвалі дапаможныя работы (кавалі, бондары, цагельнікі і інш.). За сваю працу буднікі атрымлівалі ардынарый (харчы), адзенне і грашовую плату. Большасць буднікаў мела свае хаты, бяздомныя жылі па месцы працы ў спец. памяшканнях.
В.І.Мялешка.
т. 3, с. 315
БУ́ДНЫ Бенеш, дзеяч бел. культуры 16—17 ст., пісьменнік, перакладчык. Нарадзіўся, верагодна, у мяст. Лоск (цяпер у Валожынскім р-не Мінскай вобл.). Скончыў Кёнігсбергскі пратэстанцкі ун-т. Да 1594 жыў пры двары бел. магнатаў Ф.Скуміна, А.Храптовіча, потым служыў у М.К.Радзівіла. Яго асн. твор «Кароткія і ясныя аповесці, якія па-грэчаску называюцца «Апафегматы» (Вільня, 1599) у 17 ст. вытрымаў 11 выданняў, у 1711 па загадзе Пятра І перакладзены на рус. мову і надрукаваны ў Маскве. Гэта філас.-этычныя сентэнцыі з нагоды вучэння ці жыцця ант. філосафаў і паліт. дзеячаў. Будны спрабаваў хрысціянізаваць ант. этыку і на аснове сінтэзу духоўных каштоўнасцяў антычнасці і хрысціянства выпрацаваць агульначалавечыя прынцыпы і нормы маралі, карысныя для ўсіх эпох. Пераклаў трактаты Цыцэрона «Аб старасці» (1956), «Аб дружбе» (1603).
т. 3, с. 315
БУ́ДНЫ Сымон
(каля 1530, в. Буды, цяпер Беластоцкае ваяв., Польшча — 13.1.1593),
дзеяч бел. культуры, гуманіст, філосаф, асветнік; актыўны ўдзельнік рэфармацыйнага руху; адзін з заснавальнікаў навук. крытыкі Бібліі. Скончыў Кракаўскі ун-т (паступіў у 1544), магчыма, і Базельскі пратэстанцкі ун-т. З 1558 выкладаў на бел. мове ў пратэстанцкай школе ў Вільні, з 1560 кальвінісцкі прапаведнік у Клецку. Заснавальнік (з Л.Крышкоўскім і М.Кавячынскім) Нясвіжскай друкарні, дзе выдаў на бел. мове «Катэхізіс», свае творы «Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам» і інш. Незадаволены памяркоўнасцю кальвінізму, перайшоў на радыкальныя пазіцыі антытрынітарызму. З 1573 прапаведнік у Лоску (Валожынскі р-н). У 1574 у створанай ім Лоскай друкарні надрукаваў свой пераклад Новага Запавету з прадмовай, каментарыямі і заўвагамі, уласныя творы «Пра дзве сутнасці Хрыста», «Супраць хрышчэння дзяцей», «Кароткі доказ, што Хрыстос не з’яўляецца такім жа Богам, як айцец...» і інш. Меў сяброўскія кантакты з І.Фёдаравым і П.Мсціслаўцам, вёў перапіску з багасловам Арцеміем, Феадосіем Касым, удзельнічаў у рабоце арыянскіх сінодаў, дыспутах з езуітамі, палемізаваў з ідэолагамі арыянства Пятром з Ганёндза, Якубам з Калінаўкі, М.Чаховіцам. Ідэі Буднага паўплывалі на развіццё еўрап. рацыяналізму 17 ст., садзейнічалі фарміраванню вальнадумства. Як прадаўжальнік традыцый Ф.Скарыны, выступаў за роўнасць усіх саслоўяў перад законам і справядлівасць правасуддзя. Яго паліт. ідэал — асветная манархія. Не адмаўляючы сутнасці прыгонніцтва, патрабаваў абмежавання феад. самавольства. Лічыў, што простаму народу патрэбны мір, што феадалы павінны клапаціцца пра яго адукацыю. Шмат зрабіў для развіцця бел. мовы, выступаў за выкарыстанне жывой нар. мовы ў рэліг. пісьменстве і царк. набажэнствах, за ўсебаковае супрацоўніцтва ўсіх славянскіх народаў.
Літ.:
Парэцкі Я.І. Сымон Будны. Мн., 1975;
Саверчанка І.В. Сымон Будны: Гуманіст і рэфарматар. Мн., 1993.
т. 3, с. 315
БУДРА́ЙЦІС
(udraitis) Юозас (н. 6.10.1940, г. Ліпінай, Літва),
літоўскі акцёр. Нар. арт. Літвы (1982). Скончыў Вільнюскі ун-т (1977), Вышэйшыя кінарэжысёрскія курсы ў Маскве (1979).
З 1979 у Каўнаскім драм. т-ры. Сярод роляў: Сольнес («Будаўнік Сольнес» Г.Ібсена), Шарунас («Шарунас» В.Крэве), Герэя («Калігула» А.Камю). З 1965 здымаецца ў кіно: «Ніхто не хацеў паміраць», «Шчыт і меч», «Чэрвень, пачатак лета», «Рудабельская рэспубліка», «Гэта салодкае слова — свабода», «Блакада», «Багач, бядняк», «Споведзь яго жонкі» і інш. Створаныя ім характары адметныя натуральнасцю, стрыманасцю, псіхал. глыбінёй.
т. 3, с. 315