Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АНДРЭО́ЦІ

(Andreotti) Джуліо (н. 14.1.1919, Рым),

італьянскі дзярж., паліт. і грамадскі дзеяч, пісьменнік і публіцыст. Доктар права. Уключыўся ў паліт. дзейнасць з 1942. У 1943—44 у антыфаш. апазіцыі. Адзін з заснавальнікаў і рэдактар цэнтр. органа хрысц.-дэмакр. партыі (ХДП) газ. «Il Popolo» («Народ»). З 1944 чл. Нац. савета ХДП, адзін з яе кіраўнікоў. З 1948 дэпутат парламента, кіраўнік парламенцкай фракцыі ХДП (1968—72), займаў міністэрскія пасады. У 1972—73, 1976—79, 1989—92 старшыня Савета Міністраў. Абвінавачаны ў карупцыі ў 1993, адышоў ад паліт. дзейнасці. Аўтар паліт. памфлетаў, прац па навейшай гісторыі Італіі і інш.

т. 1, с. 361

АНДРЭ́Я

(Andreaea),

род лістасцябловых імхоў сям. андрэевых. Каля 120 відаў. Растуць у высокіх шыротах і высакагор’ях па ўсім зямным шары. На Беларусі ў зах. раёнах трапляецца андрэя скальная (A. rupestris).

Утварае невял. цвёрдыя дзернавінкі ад бура-зялёнага да чырвона-бурага колеру. Сцяблы 1—2 см выш., прамыя або прыўзнятыя, густа ўкрытыя лісцем. Лісце прадаўгавата-яйцападобнае або яйцападобна-ланцэтнае, тупое, без жылак, вельмі гіграскапічнае. Каробачка на псеўданожцы, прадаўгаватаавальная, раскрываецца 4 прадаўгаватымі шчылінамі.

Г.Ф.Рыкоўскі.

т. 1, с. 362

А́НДХРА-ПРА́ДЭШ,

штат на ПдУ Індыі. Пл. 276,8 тыс. км², нас. 66,5 млн. чал. (1991), пераважна андхра (тэлугу); гарадскога 20%. Адм. цэнтр — Хайдарабад, буйныя гарады: Вішакхапатнам, Віджаявада. Займае прыбярэжную нізіну ўздоўж Бенгальскага заліва, частку пласкагор’я Дэкан і гор Усх. Гаты (выш. да 1680 м). Клімат вільготны, трапічны, мусонны на ўзбярэжжы (1500 мм ападкаў за год), ва ўнутр. раёнах з засушлівай зімой (ападкаў 500—850 мм за год). Адзін з асн. с.-г. штатаў Індыі. Гал. с.-г. культуры: рыс, тытунь, клешчавіна, кенаф, цукр. трыснёг, таксама вырошчваюць проса, арахіс, бавоўнік і інш. У жывёлагадоўлі пераважае авечкагадоўля. Традыцыйныя галіны прам-сці — тытунёвая, цукровая. Развіты горназдабыўная (каменны вугаль, слюды, хрызалітавы азбест, барыты, вапнякі, буд. матэрыялы, жал. і марганцавая руды, храміты, свінец), металург., хім., маш.-буд. прам-сць. Транспарт чыг., марскі (гал. порт Вішакхапатнам), аўтамабільны.

З.М.Шуканава.

т. 1, с. 362

А́НДЫ,

Андыйскія Кардыльеры (Andres, Cordillera de los Andes), горная сістэма на Пн і З Паўн. Амерыкі Паўд. Амерыкі, выцягнутая ў мерыдыянальным напрамку ўздоўж берагоў Ціхага ак. на тэр. Венесуэлы, Калумбіі, Эквадора, Перу, Балівіі, Чылі і Аргенціны. Самая доўгая (9000 км) і адна з самых высокіх (6980 м, г. Аканкагуа) горных сістэм зямнога шара. З’яўляецца кліматападзелам паміж паветранымі масамі Атлантычнага і Ціхага акіянаў, важны гідраграфічны вузел мацерыка. Складаюцца пераважна з субмерыдыянальных паралельных хрыбтоў — Усходнія Кардыльеры Андаў, Цэнтральныя Кардыльеры Андаў, Заходняя Кардыльера Андаў, Берагавыя Кардыльеры Андаў, паміж якімі ўнутр. пласкагор’і і плато (Пуна, Альтыплана) ці ўпадзіны. Па сукупнасці прыродных асаблівасцяў і араграфіі вылучаюць Анды Паўн., Цэнтр. і Паўднёвыя. Паўночныя Анды падзяляюцца на Карыбскія Анды, Паўн.-Зах. Анды, якія прадстаўлены 3 асн. Кардыльерамі (Усходняя, Заходняя і Цэнтральная), і Экватарыяльныя Анды (складаюцца з 2 Кардыльераў — Заходняй і Усходняй). Цэнтральныя Анды (да 28° паўд. ш.) уключаюць Перуанскія Анды і ўласна Цэнтр. Анды, ці Цэнтральнаандыйскае нагор’е. У Паўднёвых Андах вылучаюць Чылійска-Аргенцінскія (Субтрапічныя Анды) і Патагонскія Анды. Паводле будовы Анды — адроджаныя герцынскія структуры, узнесеныя навейшымі падняццямі альпійскай складкавасці на месцы Андыйскага (Кардыльерскага) геасінклінальнага складкавага пояса; зона землетрасенняў і актыўнага сучаснага вулканізму: 70 вулканаў, у т. л. 30 дзеючых (Катапахі, Льюльяйльяка, Сангай, Сан-Педра і інш.). Карысныя выкапні: руды волава («алавяны пояс» Балівіі), медзі («медны пояс» Чылі і Перу), вальфраму, сурмы, вісмуту, селену, серабра, свінцу, цынку, жалеза, золата, плаціны; у перадгор’ях, міжгорных прагінах і ўпадзінах (Маракайба, Магдалены) радовішчы нафты. У Андах пачынаюцца вытокі і прытокі Амазонкі, Арынока, Парагвая, Параны і рэкі Патагоніі, знаходзяцца вял. азёры: Маракайба, Тытыкака, Паапо і інш. Значныя вышыня і працягласць Андаў з Пн на Пд, кантрасты ва ўвільгатненні (на зах., наветраных, схілах да 5000—8000 мм ападкаў за год — на З Калумбіі і Пд Чылі, на ўсх., падветраных, каля 3000 мм — экватарыяльная паласа, вельмі сухія ўзбярэжжы — да 100 мм за год у Перу і Чылі), наяўнасць зледзяненняў (найб. значнае ў Патагонскіх Андах, больш за 20 тыс. км²), узровень снегавой лініі ад 4200—4900 м каля экватара да 6300 м у Перу абумовілі рэзка выяўленую пояснасць і вял. разнастайнасць ландшафтаў. Наветраныя вільготныя схілы ад Паўн.-Зах. Андаў да Пд Цэнтр. Андаў укрыты горнымі вільготнымі экватарыяльнымі і трапічнымі лясамі (горныя гілеі), у якіх вылучаюць З вышынныя паясы: т’ера-кальентэ (гарачая зямля), т’ера-тэмплада (умераная зямля) і т’ера-фрыз (халодная зямля). У Субтрапічных Андах вечназялёныя сухія лясы і хмызнякі, на Пд ад 38° паўд. ш. вільготныя вечназялёныя і мяшаныя лясы. Расліннасць высакагорных плато мае шэраг асаблівасцяў: на Пн горныя экватарыяльныя лугі парамас, у Перуанскіх Андах і на ПнУ Пуны сухі высакагорны стэп халка, на ПдЗ Пуны і ўсім Ціхаакіянскім узбярэжжы паміж 5—28° паўд. ш. пустынныя тыпы расліннасці. Жывёльны свет: шыраканосыя малпы, непаўназубыя (мурашкаед, браняносец, лянівец), ягуар, пума, лама, гуанака, алені уэмул і пуду, грызуны тука-тука і шыншыла; з птушак — кондар, тукан, калібры і інш. Анды — радзіма хіннага дрэва, кокі, батату, лімскай фасолі і інш. каштоўных раслін. Даследаваў Анды бел. геолаг І.І.Дамейка, у гонар якога названы хрыбет.

М.В.Лаўрыновіч.

т. 1, с. 362

АНДЫЖА́Н,

горад ва Узбекістане, цэнтр Андыжанскай вобл. Размешчаны ў паўд.-ўсх. ч. Ферганскай даліны на р. Андыжансай. Вядомы з 9 ст. 297 тыс. ж. (1990). Чыг. вузел. Машынабудаванне і металаапрацоўка (абсталяванне для ірыгацыйных збудаванняў і бавоўнаачышчальных прадпрыемстваў; эл.-тэхн. вырабы і інш.), хім., лёгкая (баваўняная, абутковая, трыкатажная і інш.), харчасмакавая (масларобная, кансервавая, гідролізная, мясная і інш.) прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў. У раёне Анжыжана — здабыча нафты і газу. 4 ВНУ. Музей.

т. 1, с. 363

«АНДЫ́НА»,

(«Ondyna druskienickich źródeł», «Ундзіна друскеніцкіх крыніц»), літаратурна-гістарычны і медыцынскі часопіс. Выходзіў у 1844—46 на польск. мове раз на месяц у час курортнага сезона (крас.снеж.) у Друскеніках (цяпер Друскінінкай, Літва). У літ. аддзеле пераважала белетрызаваная проза. Лейтматывам паэт. твораў («Сеймікі павятовыя» К.Буйніцкага) была ідэалізацыя мінулага, крытыка арыстакратыі. У гіст. аддзеле былі змешчаны артыкулы Т.Нарбута («Аб імёнах жонак вял. князя літоўскага Альгерда», «Заўвагі наконт аўтэнтычнасці падаравання Вітаўта трокскаму манастыру»), В.Мацэёўскага («Бібліятэка шляхецкая і валасная польскага грамадзяніна 16 ст.») і інш.

Я.С.Умецкая.

т. 1, с. 363

АНДЭЗІ́Т,

кайнатыпная горная парода, эфузіўны аналаг дыярыту. Складаецца пераважна з мікракрышталёў плагіяклазу, аўгіту і інш. мінералаў, апушчаных у вулканічнае шкло. Ва ўкрапаннях тыя ж мінералы, рагавая падманка, біятыт. Структура парфіравая. Уласцівы слупковыя паасобнасці. Колер ад шэрага да чорнага, іншы раз з зялёным адценнем. Шчыльн. 2280—2680 кг/м³. Разам з базальтамі ўтварае гал. масу вылітых парод у абласцях стараж. і сучаснага вулканізму. На Беларусі трапляецца ў адкладах валынскай серыі верхняга пратэразою.

т. 1, с. 363

А́НДЭРС

(Anders) Уільям Алісан (н. 17.10.1938, Ганконг),

касманаўт ЗША. Скончыў Ваенна-марскую акадэмію ЗША (1955). З 1963 у групе касманаўтаў НАСА. 21—26.12.1968 разам з Ф.Борманам і Дж.Ловелам здзейсніў першы палёт да Месяца з выхадам на селенацэнтрычную арбіту на касм. караблі «Апалон-8» як пілот месяцавай кабіны. Карабель зрабіў 10 абаротаў вакол Месяца, вярнуўся на Зямлю. Палёт працягваўся 6,125 сут.

т. 1, с. 363

А́НДЭРС

(Anders) Уладзіслаў (11.8.1892, г. Блоне каля Варшавы — 12.5.1970),

польскі ваенны і паліт. дзеяч. Генерал дывізіі (1941). Вучыўся ў Вышэйшым тэхн. вучылішчы ў Рызе (1911—14), скончыў Вышэйшае ваен. вучылішча ў Парыжы (1923). У 1-ю сусв. вайну ў рас. арміі. З 1918 у Войску Польскім. Удзельнік польска-сав. вайны 1920. У час дзярж. перавароту Ю.Пілсудскага (май 1926) нач. штаба ўрадавых войскаў. Камандаваў Валынскай (1928—37) і Навагрудскай (1934—39) брыгадамі кавалерыі, на пач. 2-й сусв. вайны — аператыўнай групай. Інтэрніраваны 29.9.1939 сав. войскамі ў час паходу ў Зах. Беларусь. У жн. 1941 вызвалены з палону і прызначаны У.Сікорскім камандуючым польскай арміяй у СССР, якую ў 1942 вывеў на Б. Усход (гл. Андэрса армія). На чале 2-га Польскага корпуса ўдзельнічаў у Італьянскай кампаніі 1943—45. У 1946—54 Вярх. галоўнакамандуючы і Ген. інспектар Польскіх узбр. сіл на Захадзе. Пасля вайны жыў у Лондане, адзін з кіраўнікоў польск. эміграцыі.

У.Я.Калаткоў.

т. 1, с. 363

А́НДЭРСАН

(Anderson) Джэймс (1739, Шатландыя — 15.10.1808),

англійскі вучоны-эканаміст. Буйны фермер. Асн. навук. працы па агр. пытанні. Прыхільнік агр. пратэкцыянізму. Задоўга да Д.Рыкарда ў асноўным правільна апісаў механізм утварэння дыферэнцыяльнай рэнты, чым абвяргаў вучэнне фізіякратаў. Рашуча выступаў супраць мальтузіянства, даказваючы, што магчымасці с.-г. вытв-сці бязмежныя, яны павялічваюцца з ростам насельніцтва.

т. 1, с. 363