А́НДЫ,

Андыйскія Кардыльеры (Andres, Cordillera de los Andes), горная сістэма на Пн і З Паўн. Амерыкі Паўд. Амерыкі, выцягнутая ў мерыдыянальным напрамку ўздоўж берагоў Ціхага ак. на тэр. Венесуэлы, Калумбіі, Эквадора, Перу, Балівіі, Чылі і Аргенціны. Самая доўгая (9000 км) і адна з самых высокіх (6980 м, г. Аканкагуа) горных сістэм зямнога шара. З’яўляецца кліматападзелам паміж паветранымі масамі Атлантычнага і Ціхага акіянаў, важны гідраграфічны вузел мацерыка. Складаюцца пераважна з субмерыдыянальных паралельных хрыбтоў — Усходнія Кардыльеры Андаў, Цэнтральныя Кардыльеры Андаў, Заходняя Кардыльера Андаў, Берагавыя Кардыльеры Андаў, паміж якімі ўнутр. пласкагор’і і плато (Пуна, Альтыплана) ці ўпадзіны. Па сукупнасці прыродных асаблівасцяў і араграфіі вылучаюць Анды Паўн., Цэнтр. і Паўднёвыя. Паўночныя Анды падзяляюцца на Карыбскія Анды, Паўн.-Зах. Анды, якія прадстаўлены 3 асн. Кардыльерамі (Усходняя, Заходняя і Цэнтральная), і Экватарыяльныя Анды (складаюцца з 2 Кардыльераў — Заходняй і Усходняй). Цэнтральныя Анды (да 28° паўд. ш.) уключаюць Перуанскія Анды і ўласна Цэнтр. Анды, ці Цэнтральнаандыйскае нагор’е. У Паўднёвых Андах вылучаюць Чылійска-Аргенцінскія (Субтрапічныя Анды) і Патагонскія Анды. Паводле будовы Анды — адроджаныя герцынскія структуры, узнесеныя навейшымі падняццямі альпійскай складкавасці на месцы Андыйскага (Кардыльерскага) геасінклінальнага складкавага пояса; зона землетрасенняў і актыўнага сучаснага вулканізму: 70 вулканаў, у т. л. 30 дзеючых (Катапахі, Льюльяйльяка, Сангай, Сан-Педра і інш.). Карысныя выкапні: руды волава («алавяны пояс» Балівіі), медзі («медны пояс» Чылі і Перу), вальфраму, сурмы, вісмуту, селену, серабра, свінцу, цынку, жалеза, золата, плаціны; у перадгор’ях, міжгорных прагінах і ўпадзінах (Маракайба, Магдалены) радовішчы нафты. У Андах пачынаюцца вытокі і прытокі Амазонкі, Арынока, Парагвая, Параны і рэкі Патагоніі, знаходзяцца вял. азёры: Маракайба, Тытыкака, Паапо і інш. Значныя вышыня і працягласць Андаў з Пн на Пд, кантрасты ва ўвільгатненні (на зах., наветраных, схілах да 5000—8000 мм ападкаў за год — на З Калумбіі і Пд Чылі, на ўсх., падветраных, каля 3000 мм — экватарыяльная паласа, вельмі сухія ўзбярэжжы — да 100 мм за год у Перу і Чылі), наяўнасць зледзяненняў (найб. значнае ў Патагонскіх Андах, больш за 20 тыс. км²), узровень снегавой лініі ад 4200—4900 м каля экватара да 6300 м у Перу абумовілі рэзка выяўленую пояснасць і вял. разнастайнасць ландшафтаў. Наветраныя вільготныя схілы ад Паўн.-Зах. Андаў да Пд Цэнтр. Андаў укрыты горнымі вільготнымі экватарыяльнымі і трапічнымі лясамі (горныя гілеі), у якіх вылучаюць З вышынныя паясы: т’ера-кальентэ (гарачая зямля), т’ера-тэмплада (умераная зямля) і т’ера-фрыз (халодная зямля). У Субтрапічных Андах вечназялёныя сухія лясы і хмызнякі, на Пд ад 38° паўд. ш. вільготныя вечназялёныя і мяшаныя лясы. Расліннасць высакагорных плато мае шэраг асаблівасцяў: на Пн горныя экватарыяльныя лугі парамас, у Перуанскіх Андах і на ПнУ Пуны сухі высакагорны стэп халка, на ПдЗ Пуны і ўсім Ціхаакіянскім узбярэжжы паміж 5—28° паўд. ш. пустынныя тыпы расліннасці. Жывёльны свет: шыраканосыя малпы, непаўназубыя (мурашкаед, браняносец, лянівец), ягуар, пума, лама, гуанака, алені уэмул і пуду, грызуны тука-тука і шыншыла; з птушак — кондар, тукан, калібры і інш. Анды — радзіма хіннага дрэва, кокі, батату, лімскай фасолі і інш. каштоўных раслін. Даследаваў Анды бел. геолаг І.І.Дамейка, у гонар якога названы хрыбет.

М.В.Лаўрыновіч.

т. 1, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)