АНДЭЗІ́Т,

кайнатыпная горная парода, эфузіўны аналаг дыярыту. Складаецца пераважна з мікракрышталёў плагіяклазу, аўгіту і інш. мінералаў, апушчаных у вулканічнае шкло. Ва ўкрапаннях тыя ж мінералы, рагавая падманка, біятыт. Структура парфіравая. Уласцівы слупковыя паасобнасці. Колер ад шэрага да чорнага, іншы раз з зялёным адценнем. Шчыльн. 2280—2680 кг/м³. Разам з базальтамі ўтварае гал. масу вылітых парод у абласцях стараж. і сучаснага вулканізму. На Беларусі трапляецца ў адкладах валынскай серыі верхняга пратэразою.

т. 1, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)