Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

адлі́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад адліць.

адлі́ў, ‑ліву, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. адліваць — адліць (у 2 знач.).

2. Перыядычнае паніжэнне ўзроўню вады ў адкрытым моры. За суткі на моры бывае два прылівы і два адлівы. // перан. Спад у развіцці чаго‑н.; убыванне чаго‑н. Пестрак раскрывае ў рамане ўсю складанасць рэвалюцыйна-вызваленчага руху, паказвае яго прылівы і адлівы. Хромчанка. Шумеў натоўп, як марскі прыбой, чутны прылівы і адлівы людскога гоману. Гурскі.

3. Блік, водсвет на паверхні чаго‑н.; дадатковае адценне, якое адсвечваецца на фоне асноўнага колеру. На галінках тонкіх дрэмлюць зяблікі І палаюць жарам снегіры, Паглядзіш — здаецца, гэта яблыкі Бліскаюць адлівамі зары. Смагаровіч. Андрэй распрануўся і сеў на лаву, прыгладзіўшы рукою цёмна-русыя валасы з залацістым адлівам. Пестрак.

адлі́ўка, ‑і, ДМ ‑ліўцы; ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. адліваць — адліць (у 4 знач.); тое, што і ліццё (у 1 знач.).

2. Спец. Вырабы, атрыманыя з дапамогай ліцця; тое, што і ліццё (у 2 знач.). Дабраякасная адліўка. □ Апока скаланулася, затрэслася як у ліхаманцы, адліўка паслухмяна адстала ад фармовачнай зямлі і знікла ў люку. Карпаў.

адліўны́, ‑ая, ‑ое.

Прызначаны для адліву, сцёку чаго‑н. Адліўныя трубы.

адлі́ўшчык, ‑а, м.

Рабочы, спецыяліст са адліўцы рэчаў, дэталей.

адлі́ўшчыца, ‑ы, ж.

Жан. да адліўшчык.

адлі́цца, адальецца і адліецца; зак.

1. Быць зробленым з дапамогай ліцця.

2. Тое, што і адліць (у 2 знач.).

•••

Адальюцца каму чые слёзы гл. сляза.

адлі́ць, адалью, адальеш, адалье; адальём, адальяце і адлію, адліеш, адліе; адліём, аліяце; заг. адлі; зак.

1. чаго. Выліць частку вадкасці з якой‑н. пасудзіны. Адліць вады з вядра.

2. Адхлынуць, сцячы з якой‑н. часткі цела (пра кроў). Кроў адліла ад твару.

3. каго. Разм. Абліўшы (абліваючы) вадой, прывесці каго‑н. да прытомнасці. Сыны адлілі бацьку халоднай вадой і пад вечар павезлі ў горад у бальніцу. Галавач.

4. што. Вырабіць ліццём; выліць. Адліць балванку. / у перан. ужыв. Каса, і сякера, і цэп малацьбітны Магутную волатаў сілу далі: Марозы і спёкі далі гарт нязбытны — Мне песню, як звон, як пярун, адлілі. Купала.

5. Скончыць ліць. Адснавалі прадвеснія хмары, Адлілі праліўныя дажджы. Гурло.

адлі́чаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад адлічыць.

адлі́чванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. адлічваць — адлічыць.