сарма́ты, ‑аў; адз. сармат, ‑а, М ‑маце, м.
Агульная назва качавых плямён, якія жылі галоўным чынам у стэпах Прычарнамор’я ў 3–4 ст. да н. э.
сарма́цкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да сарматаў. Сармацкія курганы.
са́рна, ‑ы, ж.
Парнакапытная жвачная жывёліна сямейства пустарогіх; горная каза з невялікімі рагамі. Па.. [сцежках] прыходзяць да вадапою ласі, групкі бесклапотных сарнаў. Пестрак. Там [у лесе], казалі, водзяцца Сарны і дзікі, Там, казалі, плодзяцца У норах барсукі. Глебка.
сарнабы́к, ‑а, м.
Парнакапытная жывёліна падсямейства конскіх антылоп.
саро́ка, ‑і, ДМ ‑роцы, ж.
1. Птушка сямейства крумкачовых з доўгім хвастом і чорным з белым апярэннем. Было ядрана і ціха, толькі недзе ў алешніку сакаталі сарокі — масціліся, мабыць, на ноч. Капыловіч. З вербалозаў пух цягала [чачотка], Не спускала вока, Каб гняздо не абакрала Хітрая сарока. Хведаровіч.
2. перан. Пра балбатлівага, шумнага чалавека. Валодзя нічога не ведаў і пачуў аб гэтым упершыню, але яму не хацелася паказваць, што ён даведаўся пра такую важную навіну пазней за дзяўчынак. І так гэтыя сарокі заўжды ва ўсім наперадзе. Шамякін.
•••
Сарока на хвасце прынесла (жарт., іран.) — пра навіну, весткі, атрыманыя невядома адкуль.
Сарока хвастом замяце — вельмі мала.
Як сарока на калу — круціцца, неспакойна сядзець на сваім месцы.
саро́мецца, ‑еюся, ‑еешся, ‑еецца; незак.
1. Адчуваць сорам, няёмкасць за свае паводзіны, учынкі і пад. [Максім] лавіў сябе на тым, што зайздросціць Мікодыму, і саромеўся гэтага. Машара. Пра гісторыю з лыжамі Воўка саромеўся расказваць у класе. Кавалёў. Пасля.. [Саша] прызналася, што саромелася свайго беднага ўбрання: яна была з беднай сям’і, расла без маці. Шамякін.
2. Адчуваць няёмкасць, бянтэжыцца, канфузіцца. Анежка ж, апынуўшыся ўпершыню на такой адзіноце з.. [Алесем], саромелася і таксама маўчала. Броўка. З імі быў Пеця Зварыкін — ціхі, непрыкметны юнак з доўгімі рукамі, якіх ён вельмі саромеўся і таму заўсёды трымаў за спіной. Васілёнак. // з інф. Не адважвацца рабіць што‑н. з-за няёмкасці, сарамлівасці. [Санька] падцягваць саромеецца, бо вельмі ж у яго тонкі голас супраць баса дзядзькі Якуба. Якімовіч. Валя саромеецца хадзіць на гэтыя вечарынкі і сядзіць вось так доўгімі вечарамі. Шамякін.
3. (звычайна з адмоўем). Не цырымоніцца з кім‑н.; дзейнічаць бессаромна, бесцырымонна. — Жылаваты чалавек ты, браце! — падумаў Лабановіч: — Нават за напісанне ліста не саромеешся браць сала. Колас. Не саромеўся [Андрэй] нахлусіць сябру пяць карабоў з коптурам, каб толькі выставіць сябе перад ім ад важным і смелым. Пальчэўскі.
саро́міць, ‑ро́млю, ‑ро́міш, ‑ро́міць; незак., каго-што.
1. Дакараць, выклікаючы пачуццё сораму. Мы спрабавалі сароміць Петрыка за яго выбрыкі, але ён і слухаць не хацеў. Скрыпка. Звычайна за вячэрай яны [Аксана, Савелій і дзеці] збіраліся ўсе разам і вырашалі сямейныя справы. Саромілі Васю за тройкі. Шамякін.
2. Няславіць, ганьбіць. [Маня:] — Не, дзеўка, па-твойму не будзе, а мы не захочам сароміць сябе... Васілевіч.
3. Бянтэжыць, канфузіць. Сароміць дзяўчыну заўвагамі.
саро́мны, ‑ая, ‑ае.
Які выклікае пачуццё сораму; сараматны. Зірнуў [Алесь] са страхам. Гатоў быў кожны момант кінуцца наўцёкі. Потым ужо гарэў, нібы яго злавілі на нечым саромным. Мележ. Цяпер сумненняў не аставалася — каханне ў іх [Лёдзі і Юркі] было бяскрылае, сляпое, саромнае. Карпаў.
саро́чачны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да сарочкі, прызначаны для яе. Сарочачныя тканіны.
саро́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Мужчынская (верхняя і сподняя) або жаночая (сподняя) кашуля. Табе вышыла сарочку Цветам васільковым І сагнала паясочак з нітак каляровых. А. Александровіч. Адзін, пасівелы, быў у скамечанай шапцы, а другі, высокі юнак, — у саламяным, пажоўклым ад заношанасці капелюшы і ў нацельнай сарочцы. Пестрак. Раманіха стук аб дно драўлянага вядра конаўкай, пасля за вядро і на двор, у адной сарочцы, як спала. Ермаловіч.
•••
Сардэчная сарочка — знешняя абалонка сэрца.
Каб цябе (яго, яе, вас, іх) сарочка не чапала; няхай цябе (яго, яе, вас, іх) сарочка не чапае — праклён, пажаданне самага найгоршага. — Няхай яго сарочка не чапае, — скляў пана дзед. Якімовіч.
Нарадзіцца ў сарочцы гл. нарадзіцца.