саро́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Мужчынская (верхняя і сподняя) або жаночая (сподняя) кашуля. Табе вышыла сарочку Цветам васільковым І сагнала паясочак з нітак каляровых. А. Александровіч. Адзін, пасівелы, быў у скамечанай шапцы, а другі, высокі юнак, — у саламяным, пажоўклым ад заношанасці капелюшы і ў нацельнай сарочцы. Пестрак. Раманіха стук аб дно драўлянага вядра конаўкай, пасля за вядро і на двор, у адной сарочцы, як спала. Ермаловіч.

•••

Сардэчная сарочка — знешняя абалонка сэрца.

Каб цябе (яго, яе, вас, іх) сарочка не чапала; няхай цябе (яго, яе, вас, іх) сарочка не чапае — праклён, пажаданне самага найгоршага. — Няхай яго сарочка не чапае, — скляў пана дзед. Якімовіч.

Нарадзіцца ў сарочцы гл. нарадзіцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)