Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

адграфлёны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад адграфіць.

адгро́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Разм. Пабудаваць што‑н. вялікае, грандыёзнае. [Веразінец:] — А вы каля станцыі які новы дом адгрохалі!.. Ці не кантору думаеце тут змяшчаць? Броўка.

адгру́жаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад адгрузіць.

адгружа́цца, ‑аецца; незак.

Зал. да адгружаць.

адгружа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да адгрузіць.

адгрузі́ць, ‑гружу, ‑грузіш, ‑грузіць; зак., што.

Пагрузіўшы, падрыхтаваць да адпраўкі. У гэтым месяцы завод павінен адгрузіць Індыі тры плоскашліфавальныя станкі. «Звязда».

адгру́зка, ‑і, ДМ ‑зцы; Р мн. ‑зак; ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. адгружаць — адгрузіць.

адгруката́ць, ‑качу, ‑кочаш, ‑коча; зак.

Разм. Перастаць грукатаць. Калі адгрукочуць трамваі і самазвалы, Пагаснуць у інтэрнатах запозненыя агні, Па Мінску задумліва крочыць Янка Купала, Радкі ненапісаных вершаў шэпчучы ў цішыні. Бураўкін. // перан. Прайсці, мінуцца. Калі паўвека мерна адгрукоча І ўжо не так бурліць у жылах кроў, І шлях жыццёвы, і сваіх сяброў Хто прыгадаць у цішыні захоча, Няхай жа той ніколі не забудзе Квяцістую дарогу ў родны дом. Хведаровіч.

адгрукаце́ць, ‑качу, ‑каціш, ‑каціць; зак.

Разм. Тое, што і адгрукатаць.

адгру́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм.

1. Перастаць грукаць. Пройдзе час, адгрукаюць гарматы, Змоўкнуць стрэлы, Знікнуць хмары дыму. Броўка.

2. перан.; што. Пабудаваць, адбудаваць або зрабіць што‑н. вялікае, значнае. — Заходзьце, сядайце за стол, цесляры, — Адгрукалі хату на славу. Бялевіч.

3. што. Адскакаць, станцаваць. Відаць, такі ўжо клімат тут [на курорце] гаючы, што нават самавітыя дзядзькі і цёткі, забыўшыся пра свае радыкуліты, прастрэлы і рэўматычныя ламоты, адгрукаюць вам «Польку-Янку» ці «Лявоніху». Вірня.

4. перан.; што. Працуючы, выконваючы абавязак, адбыць, адслужыць нейкі час. [Юнак:] — Два гады ў аўтароце разам адгрукалі. Краўчанка.