адкро́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да адкроіць.
адкружы́цца, ‑кружыцца; зак.
Перастаць кружыцца. Адкружылася і асела ўзнятае ветрам смецце. Лужанін.
адкружы́ць, ‑кружу, ‑кружыш, ‑кружыць; зак.
Прабыць нейкі час кружачы. У сяброў па школе даўні звычай — На кірмаш сысціся, Пагуляць... І на каруселі маляўнічай Разам адкружыць хвілінак пяць. Куляшоў.
адкрухма́лены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад адкрухмаліць.
адкрухма́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што.
1. Накрухмаліць як мае быць.
2. Кончыць крухмаліць.
адкрухма́львацца, ‑аецца; незак.
Зал. да адкрухмальваць.
адкрухма́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да адкрухмаліць.
адкруці́цца, ‑кручуся, ‑круцішся, ‑круціцца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Раскруціўшыся, аддзяліцца. Вось адзін сноп .. стаў разлазіцца, аб’язджаць, пэўна перавясла было нямецкае ці адкруцілася. Мележ. // Адшрубавацца. Шруба адкруцілася.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Павярнуўшыся, адкрыцца. Кран адкруціўся.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Зламацца, адарвацца ад пакручвання ў розныя бакі; перакруціцца. Спелая макаўка лёгка адкруцілася.
4. Кончыць круціцца, адкружыцца. Адкруціліся пары ў вальсе.
5. Разм. Ухіліцца, вызваліцца ад чаго‑н. з дапамогай выдумак, хітрыкаў; пазбегнуць чаго‑н. Пасля таго, як.. [факір] зразумеў, што адкруціцца ніяк не выпадзе, ён шмат што нам расказаў. Мікуліч.
адкруці́ць, ‑кручу, ‑круціш, ‑круціць; зак., што.
1. Круцячы ў адваротны бок, раскручваючы, аддзяліць. Адкруціць дрот ад слупа. // Круцячы назад па разьбе, зняць; адшрубаваць. Адкруціць гайку.
2. Павярнуўшы ўбок, адкрыць. Адкруціць кран.
3. Круцячы, адарваць. Уладзік распрануўся, адкруціў з вянка цыбулі адну галоўку, набраў конаўкай вады, потым адрэзаў скібку хлеба і сеў за стол. Грамовіч.
4. Раскручваючы, разгарнуць, раскрыць. [Несцер:] — Адкруціла, разгарнула [жанчына] паперку ды як закрычыць і — у непрытомнасць. Кулакоўскі.
5. Прапрацаваць пэўны час, круцячы што‑н.
•••
Адкруціць галаву — бязлітасна пакараць; расправіцца (у сэнсе пагрозы).
Адкруціць вушы — не вельмі строга пакараць, накруціўшы вушы.
адкру́чаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад адкруціць.