санкцыяні́равацца, ‑руецца; незак.
Зал. да санкцыяніраваць.
санкцыяні́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., што.
Даць (даваць) санкцыю на што‑н.; зацвердзіць (зацвярджаць), адобрыць (адабраць). — Можаш ісці! — паспяшаўся санкцыяніраваць загад маёра лейтэнант. Шашкоў.
санкюло́т, ‑а, М ‑лоце, м.
Прадстаўнік гарадской беднаты ў перыяд Вялікай французскай рэвалюцыі (пазней гэты тэрмін служыў саманазвай патрыёта, рэвалюцыянера).
[Фр. sans-culottes.]
санлі́васць, ‑і, ж.
Схільнасць да сну; жаданне спаць. Кузёмка лена ўставаў, спаласкваў халоднай вадою твар, каб змыць санлівасць з яго, і ішоў, куды трэ было гаспадару. Сабаленка. Міканора і самога хіліла на дрымоту, і ён падумаў, ці не на дождж санлівасць гэта паказвае. Мележ. // перан. Бяздзейнасць, апатыя, пасіўнасць. Гэй, узвейце сваім крыллем, Арляняты, буйна, бурна На мінулых дзён магіле, Над санлівасцю хаўтурнай!.. Купала. [Александровіч:] — Ліха яго ведае, а можа калі не будзе барацьбы, тады апануе [нас] санлівасць і паэзія перастане выконваць сваю непасрэдную выхаваўчую функцыю? Хведаровіч.
санлі́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які вельмі любіць спаць, які хоча спаць. У коміне вецер сярдзіта гудзе, Ды чуецца часам яшчэ пазяханне. Лянівай санлівай кабеты ўздыханне. Зарыцкі. На пустой вуліцы.. ішоў яшчэ санлівы хлопец-пастух. Мележ. / у знач. наз. санлі́вы, ‑ага, м. [Мікалай Пятровіч], праўда, нічога асаблівага не сказаў. Адчыніў дзверы пакоя, прывітаўся, паглядзеў і з парога заўважыў: — У нас санлівых не любяць... Нядзведскі. // Вялы (пра жывёл, насякомых і пад.). [Жукі] падалі на зямлю, як нежывыя, — санлівыя і лянівыя. Ваданосаў. // перан. Які знаходзіцца ў стане спакою; які навявае сон, сонны. Санлівае надвор’е. □ Не люблю пакручастае сцежкі, Ціхае, санлівае ракі. Прануза. Санлівая ранішняя ціша Галаў парушалася рэдкім шчабятаннем птушак. Дуброўскі. // перан. Бяздзейны, пасіўны, апатычны. Адарванасць ад мае, ад барацьбы народа ператварыла [Ігната Вярэню] ў «цень», зрабіла бездапаможным, санлівым. Хромчанка.
2. Уласцівы чалавеку, які хоча спаць; такі, як у чалавека, што хоча спаць. [Раман] глянуў на каня санлівымі вачамі, як бы аб нечым разважаючы. Колас. Адразу зніклі санлівыя выразы на тварах. І Бародка пачаў.. [гаварыць]. Шамякін.
санлі́ўка, ‑і, ДМ ‑ліўцы; Р мн. ‑лівак; ж.
Жан. да санлівец.
са́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да саней. З-пад санных палазоў ішоў скрыпучы енк. Чорны. Відаць, недалёка вёска, бо там-сям санны след быў зацярушаны сенам, а сена тут здалёк не возяць. Бураўкін.
2. Звязаны з яздой, перавозкамі на санях; які адбываецца на санях. Цяпер у цішыні музея гармата сніць Кавлова санны рэйд. Вялюгін. // Прыгодны для язды на санях. Тыдзень ужо, як лягла санная дарога. Пташнікаў.
сано́рны, ‑ая, ‑ае.
У выразе: санорныя зычныя гл. зычны.