санлівы, ‑ая, ‑ае.

1. Які вельмі любіць спаць, які хоча спаць. У коміне вецер сярдзіта гудзе, Ды чуецца часам яшчэ пазяханне. Лянівай санлівай кабеты ўздыханне. Зарыцкі. На пустой вуліцы.. ішоў яшчэ санлівы хлопец-пастух. Мележ. / у знач. наз. санлівы, ‑ага, м. [Мікалай Пятровіч], праўда, нічога асаблівага не сказаў. Адчыніў дзверы пакоя, прывітаўся, паглядзеў і з парога заўважыў: — У нас санлівых не любяць... Нядзведскі. // Вялы (пра жывёл, насякомых і пад.). [Жукі] падалі на зямлю, як нежывыя, — санлівыя і лянівыя. Ваданосаў. // перан. Які знаходзіцца ў стане спакою; які навявае сон, сонны. Санлівае надвор’е. ▪ Не люблю пакручастае сцежкі, Ціхае, санлівае ракі. Прануза. Санлівая ранішняя ціша Галаў парушалася рэдкім шчабятаннем птушак. Дуброўскі. // перан. Бяздзейны, пасіўны, апатычны. Адарванасць ад мае, ад барацьбы народа ператварыла [Ігната Вярэню] ў «цень», зрабіла бездапаможным, санлівым. Хромчанка.

2. Уласцівы чалавеку, які хоча спаць; такі, як у чалавека, што хоча спаць. [Раман] глянуў на каня санлівымі вачамі, як бы аб нечым разважаючы. Колас. Адразу зніклі санлівыя выразы на тварах. І Бародка пачаў.. [гаварыць]. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)