Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

адшчабята́ць, ‑бячу, ‑бечаш, ‑беча; зак.

Перастаць шчабятаць. Свой спеў салавейка ў галлі адшчабеча. Купала.

адшчапа́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад адшчапаць.

адшчапа́цца, ‑аецца; зак.

Пры шчапанні аддзяліцца, адкалоцца.

адшчапа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што і чаго.

Шчапаючы, аддзяліць, адарваць. Адшчапаць лучыны на распалку.

адшчапе́нец, ‑нца, м.

Той, хто адкалоўся, адарваўся ад свайго асяроддзя, калектыву; той, ад каго адрокся калектыў. [Другі з камунараў:] Не нам з адшчапенцамі Такімі ўжо братацца, З няўдалай «брыгадаю» Пара нам расставацца. Купала.

адшчапе́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Жан. да адшчапенец.

адшчапе́нства, ‑а, н.

Адкол, адрыў ад калектыву.

адшчапі́цца, ‑шчэпіцца; зак.

1. Адкалоцца, аддзяліцца. Трэска лёгка адшчапілася.

2. перан. Адысці, адступіцца ад каго‑, чаго‑н. [Пракоп].. чужы для ўсіх, лішні. Адшчапіўся ад грамады, ад сям’і, як пень тырчыць на іх дарозе. Колас. Перад.. [Кавалёвай] сядзеў Іван Лазоўскі і пераконваў, што з дачкою Лідай жыць не можа, раздзяліліся, а адшчапіцца няма куды. Дуброўскі.

3. Адкрыцца (пра кручок, зашчапку).

4. Адшпіліцца (пра што‑н. прышпіленае, зашпіленае). Адшчапіўся значок.

адшчапі́ць, ‑шчаплю, ‑шчапіш, ‑шчэпіць; зак., што.

1. Адкалоць, аддзяліць (трэску, лучыну). Толькі ў Мажэйкі куля адшчапіла ў аўтамаце кавалак прыклада, а ў Салаўёва быў прастрэлены рукаў. Шахавец. Маланка адшчапіла .. ніжнюю галіну, і яна павісла ўздоўж камля. Шамякін.

2. Адкрыць, адкінуць (кручок, зашчапку). [Мужчына] адшчапіў кручкі, піхнуў на двор абедзве рамы акна і высадзіў, ледзь не пад дождж, сваю лысіну. Брыль. Ігнась адшчапіў і ўважна агледзеў цёмныя сенцы без столі. Мурашка.

3. Адшпіліць, зняць прышчэпленае. Дзямід Сыч падышоў да Шайтана і адшчапіў карабін. Паслядовіч.

адшчапля́цца, ‑ляецца; незак.

1. Незак. да адшчапіцца.

2. Зал. да адшчапляць.