адмільга́ць, ‑ае; зак.
1. Скончыць, перастаць мільгаць. Адмільгалі прыдарожныя прысады.
2. перан. Прайсці, змяніцца (пра час, гады і пад.). [Хор:] Дзесяць год, школьных год адмільгалі, І расстацца нам час настае. Бачыла.
адміністрава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. адміністраваць.
адміністрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.
Кіраваць, падмяняючы жывое кіраўніцтва загадамі і распараджэннямі. [Захараў:] — Вашы ўпаўнаважаныя тады б менш адміністравалі і падмянялі старшынь калгасаў, а маглі б на месцы ўзначаліць спаборніцтва, праверку і кантроль за выкананнем абавязацельстваў. Сіўцоў.
адміністра́тар, ‑а, м.
Службовая асоба, якая кіруе арганізацыяй, установай і пад. Сярод жа людзей найболей яскрава выдзялялася постаць Кандрата Казея, таго самага Казея.., якога не так даўно Чыкілевіч называў Пракопу як кандыдата ў добрыя адміністратары ў калгас. Колас. // Распарадчык. Але адміністратар надышоў і пераправіў Пустышова на галёрку. Корбан.
адміністра́тарскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае дачыненне да адміністратара. Адміністратарскі голас.
адміністраты́ўны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і адміністрацыйны.
адміністрацы́йны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае дачыненне да адміністрацыі. Адміністрацыйнае спагнанне. Адміністрацыйнае ўмяшанне. Адміністрацыйная адзінка. Адміністрацыйныя меры. Адміністрацыйныя расходы. // Уласцівы адміністратару. Адміністрацыйныя здольнасці.
2. Які мае дачыненне да органаў дзяржаўнага кіравання. Адміністрацыйны апарат. Адміністрацыйны цэнтр. Адміністрацыйныя органы. Адміністрацыйны надзел.
•••
У адміністрацыйным парадку гл. парадак.
адміністра́цыя, ‑і, ж.
Органы кіравання ва ўстанове, арганізацыі, на прадпрыемстве; службовыя асобы якога‑н. органа кіравання, кіраўнічы персанал. Адміністрацыя завода. Ваенная адміністрацыя.
[Ад лац. administratio — кіраванне.]
адміра́л, ‑а, м.
1. Воінскае званне вышэйшага каманднага саставу ў ваенна-марскім флоце. // Асоба, якая мае такое званне.
2. Вялікі дзённы матыль сямейства німфалід.
[Ад араб. amir al-bahr — уладар мора.]
адміралце́йскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да адміралцейства.