Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

адкі́двацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да адкінуцца.

2. Зал. да адкідваць.

адкі́дваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да адкінуць.

адкідны́, ‑ая, ‑ое.

Які можа адкідвацца, адкінуцца (у 2 знач.) (пра што‑н., замацаванае адным краем). У зале рассядаліся гледачы: стукалі адкідныя крэслы, шморгалі ногі. Карпюк. Чорная, з адкідным верхам машына ішла па самай сярэдзіне вуліцы. Лобан.

адкі́ды, ‑аў; адз. няма.

Непрыгодныя рэшткі чаго‑н., адходы; смецце; нечыстоты. Адкіды вытворчасці. Адкіды арганізма. // перан. Падонкі чалавечага грамадства, маральна апусцелыя людзі, злачынныя антыграмадскія элементы. Адкіды грамадства.

адкі́нуты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад адкінуць.

адкі́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Адхіліцца, адваліцца назад (пра чалавека, пра часткі яго цела). Ільіч весела засмяяўся, аж неяк адкінуўся назад, а потым пасуравеў і нахмурыў бровы, якія сышліся на пераноссі. Гурскі. Максім сядзеў спіной да акна, адкінуўшыся назад, на пачарнелы дубовы падаконнік. Кудравец. // Адваліцца, легчы на спіну. Палкоўнік, злосны і зняможаны, адкінуўся на падушку, з пакутніцкім выглядам заплюшчыў вочы. Чорны. // Хутка перамясціцца, аддаліцца ад чаго‑н. Інстынктыўна, як сядзеў, [Ігнат] адкінуўся яшчэ далей у глыб вагона. Галавач. [Сцяпан:] — Добра, што ў.. [чалавека] якраз граблі на возе былі, то ён стаўпцом.. [сабаку] па лбе стукнуў, дык той адкінуўся, а то парваў бы, з воза б сцягнуў. Крапіва.

2. Раптоўна адчыніцца, адваліцца, адпасці. Рэзка адкінуліся брызентавыя дзверцы ў кузаве. У вочы ўдарыў свет дня. Арабей. // Падняцца, апусціцца, адсунуцца ўбок (пра тое, што закрывае, захінае). Адкінуліся шторы — і ў акне з’явілася постаць.

3. Вярнуцца зноў, аднавіцца (пра хваробу). [Маці:] — З хваробай не жартуй: яшчэ другім наваратам адкінецца. Якімовіч.

4. перан. Перастаць цікавіцца, аддаліцца. І вось Тоня датанцавалася: адкінуўся Косцік, адкінуўся ў найвялікшым сумненні. Ракітны.

адкі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

1. Кінуўшы, перамясціць убок, назад, наперад. [Карн] папляваў у далоні, глыбока капнуў рыдлёўкай старое вогнішча, адкінуў зямлю ўбок. Шамякін. // Рэзка, з сілай адштурхнуць, адвесці ад сябе каго‑, што‑н. [Лёдзя] адкінула Яўгенавы рукі, усхапілася і адышла ад акна. Карпаў. / у безас. ужыв. З усёй сілы Алег націснуў на кнопку, і яго адразу адкінула назад. Гамолка. // перан. Вярнуць да пройдзенай стадыі ў развіцці чаго‑н. А вайна ўсё адкінула назад, сям’ю па свеце раскідала. Кавалёў.

2. Атакаваўшы, прымусіць адступіць. Натхнёныя першай удачай, танкісты Анішчанкі кінуліся ў атаку і пасля кароткага жорсткага бою адкінулі ворага. Гурскі.

3. Не прыняць чаго‑н., адмовіцца ад чаго‑н. Ці ж кепска ў свой мізэрны бюджэт уключыць рублёў пятнаццаць за скуру ліса.. Хто ж адкіне гэта? Шынклер. [Стафанковіч унуку:] — Я табе прынясу, .. падарую, рабі, што сабе хочаш, такія рэчы, што ніхто не адкіне. Чорны. // перан. Вызваліцца, адмовіцца ад якіх‑н. прывычак, думак, пачуццяў і пад. Хлопцы адкінулі ў адносінах да Маі ранейшае панібрацтва і стараліся быць галантнымі. Карпюк. Перш за ўсё, як зусім Непатрэбную рэч, Жаль, што сэрца сціскаў мне, Адкінуў я прэч. Куляшоў.

4. Адвесці ўбок ці апусціць уніз што‑н., замацаванае адным краем. Хвошч адамкнуў куфэрак, адкінуў вечка і задаволена пацёр твар абедзвюма рукамі. Лупсякоў. // Рэзкім рухам адвярнуць, адагнуць край чаго‑н., што звісае, пакрывае. Адкінуць з грудзей коўдру. □ Вольга адкінула з ілба непакорную пасму валасоў і з дакорам паківала галавой. Даніленка. // Адвесці назад, убок; закінуць (галаву, руку, нагу). Пан узяў рог пакручасты, Пазалочаны, блішчасты, Важна выставіў нагу, Галаву крыху адкінуў Ды расправіў грудзі, спіну І ў ражок той тру-гу-гу. Колас.

5. Зменшыць на пэўную колькасць пры адыманні; адняць. Адкінуць сем ад пятнаццаці. // Не прыняць пад увагу пры лічэнні, ацэнцы каго‑, чаго‑н. Улічыць галоўнае, адкінуць выпадковае.

6. Вярнуць чужое (знойдзенае, украдзенае і пад.); падкінуць.

7. безас. Вярнуцца (пра хваробу). Ён быў прастудзіўся, не вылежаў, пайшоў рамантаваць свой грузавік, і яго адкінула зноў. «Работніца і сялянка».

8. Адбіць, стварыць (цень, водсвет і пад.). Электрычнае святло адкінула роўны водсвет на людскія твары. У стэпе, залітым месячным святлом, курган адкінуў густы цень.

•••

Адкінуць хвост (ногі, капыты) — захварэць, памерці.

адкіпа́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. адкіпаць — адкіпець (у 1 знач.).

адкіпа́ць, ‑ае.

Незак. да адкіпець (у 1 знач.).

адкіпе́лы, ‑ая, ‑ае.

Які згус, ссеўся пры высокай тэмпературы.