Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сасма́глы, ‑ая, ‑ае.

1. Зняможаны, змучаны ад смагі, гарачыні. [Хлопцы] прышкандыбалі дадому змучаныя і сасмаглыя. Ваданосаў. Пап’е сасмаглы падарожнік, Асушыць конь сваё карыта, А восень агалосіць пожні Птушыным развітальным крыкам. Вітка.

2. Перасохлы (пра губы, горла, рот). [Яўхім] выцер пачарнелыя, сасмаглыя губы, зморана супакоіў: — Духата. Мележ. // Вялы ад недахопу вільгаці (пра траву і пад.). Сасмаглыя пасевы з неба Адразу ўбачыла яна [навальніца] І прагрымела: — Дождж ім трэба, Жаўцее лён і збажына! Смагаровіч.

сасма́гнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Знемагчы, змучыцца ад смагі, гарачыні. Недалёка ў кустах, у траве, верасах Булькатала паціху крыніца: — Не здавайся, салдат! Ты, магчыма, сасмаг? Дам уволю табе я напіцца. Бялевіч. / у перан. ужыв. Паведаміла матка і аб крамніку Ёселю, які нібы матцы сваёй прызнаўся, што яго сэрца даўно сасмагла па Рыве. Лынькоў.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Перасохнуць (пра губы, горла, рот). Прыступамі так хапала жывот, што хоць садзіся. На твары выступіў пот і сасмаглі губы. Мыслівец. / у безас. ужыв. Сасмагла ў роце. // Звянуць, пасохнуць ад недахопу вільгаці (пра траву, пасевы і пад.). Сасмаглі дрэвы навакол. І ўсё, што з іх радні. Лужанін.

сасма́жаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад сасмажыць.

сасма́жыцца, ‑жыцца; зак.

Стаць смажаным, гатовым для яды.

сасма́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., што.

Прыгатаваць для яды смажаннем. — Дастань хіба сала ды сасмаж, — звярнуўся.. [Кандрат] да жонкі, — яны ж, мусіць, не посцяць... Галавач. Грыбы трэба было зварыць ці сасмажыць у чым-небудзь. А ў чым жа іх зварыш? Хіба што ў бляшанцы. Сабаленка.

сасмакта́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад сасмактаць.

сасмакта́ць, ‑смакчу, ‑смокчаш, ‑смокча; зак., што.

1. Высмактаць (якую‑н. вадкасць) поўнасцю, да канца.

2. Смокчучы, паступова зрасходаваць. Сасмактаць цукерку. Сасмактаць драбок цукру. // Разм. груб. Скурыць (тытунь, папяросу, люльку). Сасмактаць пачак папярос.

3. Разм. Змардаваць, знясіліць смактаннем. Кацяняты сасмакталі кошку.

сасмо́ктваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да сасмактаць.

сасмя́глы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і сасмаглы. Узрушаны Косця, з двара У скочыўшы хуценька ў дом, Сасмяглы, прыпаў да вядра, Напіўся сцюдзёнкі нагбом. Калачынскі. Аблізаўшы сасмяглыя, гаркаватыя губы, Лёдзя паспрабавала ўсміхнуцца. Карпаў. Сінія званочкі, сінія званкі Стаялі сасмяглыя, сонныя. Бураўкін.

сасмя́гнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Тое, што і сасмагнуць. Апошнюю кроплю з біклагі не п’юць [салдаты], хоць сасмяглі зусім. Гаўрусёў. Твар лейтэнанта быў белы, як крэйда, губы сасмяглі. Курто. А лета было сухім, без дажджынкі, зямля сасмягла, патрэскалася. Лынькоў.