саніта́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
1. Жан. да санітар. Вера, седзячы ўвечары на ганку, расказала.. [Кузьмовай маці] пра свае былыя мары стаць урачом, пра тое, як падлеткам у партызанскім атрадзе яна была санітаркай, а пасля медсястрой. Дуброўскі.
2. Разм. Санітарная аўтамашына. [Трупаў:] — Пастой, пастой, а ты хто такі? [Салдат:] — Не твая справа! А раз ездзіш на санітарцы, дык і падбірай параненых. Чыгрынаў.
санітарна-...,
Першая састаўная частка складаных слоў, якая па значэнню адпавядае слову санітарны, напрыклад: санітарна-гігіенічны, санітарна-прафілактычны, санітарна-эпідэміялагічны.
саніта́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да санітарыі. Санітарная асвета. Санітарныя ўмовы работы. Санітарны стан памяшкання. // Які выконваецца паводле патрабаванняў санітарыі, звязаны з ажыццяўленнем мерапрыемстваў па санітарыі. Санітарны рэжым магазіна. Санітарны нагляд за ўмовамі працы на прадпрыемствах. □ Цяпер на парк звярнулі ўвагу. Ачысцілі ад смецця, правод зяць санітарныя рубкі. В. Вольскі. // Які выконвае абавязкі, звязаныя з санітарыяй. Санітарная інспекцыя. Санітарны ўрач. // Які выкарыстоўваецца ў санітарыі. Санітарнае абсталяванне. Санітарная тэхніка.
2. Які звязаны з медыцынскім абслугоўваннем, мае адносіны да медыцынскай службы (у арміі). Санітарная рота. Санітарная часць. Санітарны батальён. □ Усё намервалася [Мурашова] збегаць у санітарны пункт. Але Каця запярэчыла. Скрыган. Маці ляжала ў санітарнай зямлянцы, і навокал нячутна хадзілі людзі ў белым. Шамякін. // Які выкарыстоўваецца пры медыцынскім абслугоўванні. Санітарны поезд. Санітарная сумка. □ Пры адной сцяне ў глыбі пакойчыка стаяў ложак, падобны да санітарных насілак. Колас. Імчаліся то на ўсход, то на захад санітарныя машыны і абозы. Чорны.
•••
Санітарны вузел гл. вузел.
Санітарны дзень гл. дзень.
Санітарны інструктар гл. інструктар.
санітары́я, ‑і, ж.
1. Сукупнасць мерапрыемстваў, накіраваных на захаванне і ажыццяўленне правіл гігіены, на ахову здароўя насельніцтва.
2. Уст. Тое, што і гігіена.
[Ад лац. sanitas — здароўе.]
са́нкавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да санак. Там [у полі] ішла вузенькая дарога — санкавы след. Чорны.
са́нкі, ‑нак; адз. няма.
1. Тое, што і сані; невялікія сані. [Камлюк:] — Садзіся, Піліпе, да мяне ў санкі, за дарогу абмяркуем сёе-тое. М. Ткачоў. Люблю, як санкі мчацца з плачам, Пісклявы гімн зіме заводзяць, А конь, падкуты чортам, скача, Нібы па шкле, па гладкім лёдзе. Чарот.
2. Невялікія сані для катання з горан, перавозкі грузаў уручную. Па дровы мы ездзілі з Юзікам і крадком вазілі на малых санках-коўзанках. Якімовіч. На канькі, на санкі, лыжы Зваў фанфарамі каток. А. Александровіч.
3. Спец. Рухомая дэталь некаторых машын і апаратаў, якая па знешняму выгляду нагадвае невялікія сані.
4. Разм. Ніжняя сківіца.
са́нкцыя, ‑і, ж.
1. Зацвярджэнне вышэйшай інстанцыяй якога‑н. акта, што надае яму прававую сілу; прызнанне законнасці якой‑н. з’явы. Ніхто не можа быць падвергнуты арышту інакш як па пастанове суда або з санкцыі пракурора. Крымінальна-працэсуальны кодэкс БССР. Увечары, маючы санкцыю на высяленне, .. [домакіраўнік] прыйшоў разам з міліцыянерам. Скрыган. // Кніжн. Адабрэнне чаго‑н., дазвол на што‑н. Конюху Міхалю Слагадзе — выдаваць коней і калёсы для перавозкі камення без санкцыі брыгадзіра, па першаму патрабаванню зборшчыкаў. Сергіевіч.
2. Мера ўздзеяння за парушэнне закона. Санкцыі суда за хабарніцтва.
3. У міжнародным праве — мера ўздзеяння ў адносінах да дзяржавы, якая парушае свае абавязацельствы, дагаворы. Эканамічныя санкцыі. Ваенныя санкцыі.
[Ад лац. sanctio — строгая пастанова.]
санкцыяні́раванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. санкцыяніраваць.
санкцыяні́раваны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад санкцыяніраваць.