са́нкцыя, ‑і, ж.

1. Зацвярджэнне вышэйшай інстанцыяй якога‑н. акта, што надае яму прававую сілу; прызнанне законнасці якой‑н. з’явы. Ніхто не можа быць падвергнуты арышту інакш як па пастанове суда або з санкцыі пракурора. Крымінальна-працэсуальны кодэкс БССР. Увечары, маючы санкцыю на высяленне, .. [домакіраўнік] прыйшоў разам з міліцыянерам. Скрыган. // Кніжн. Адабрэнне чаго‑н., дазвол на што‑н. Конюху Міхалю Слагадзе — выдаваць коней і калёсы для перавозкі камення без санкцыі брыгадзіра, па першаму патрабаванню зборшчыкаў. Сергіевіч.

2. Мера ўздзеяння за парушэнне закона. Санкцыі суда за хабарніцтва.

3. У міжнародным праве — мера ўздзеяння ў адносінах да дзяржавы, якая парушае свае абавязацельствы, дагаворы. Эканамічныя санкцыі. Ваенныя санкцыі.

[Ад лац. sanctio — строгая пастанова.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)