адштурхо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да адштурхнуць.
адшуга́ць, ‑ае; зак.
Перастаць шугаць. Полымя адшугала. □ Не вярнуцца больш горкай бядзе — Навальніцы, вятры адшугалі... Васілёк.
адшука́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. адшукаць.
адшука́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад адшукаць.
адшука́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Знайсціся, аб’явіцца. Дзеці пражылі разам восем год. Потым адшукалася маці Чэрскай. Галавач.
адшука́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Знайсці, выявіць у выніку пошукаў, намаганняў. Яша з дапамогай людзей адшукаў сякіх-такіх родзічаў, але жыў у іх толькі да канца зімы. Кулакоўскі. Ідуць гідролагаў атрады Даўніх рэчышч адшукаць сляды. Звонак.
адшу́кванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. адшукваць — адшукаць.
адшу́квацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да адшукацца.
2. Зал. да адшукваць.
адшу́кваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да адшукаць.
адшуме́ць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; зак.
Кончыць, перастаць шумець. Дождж адшумеў па бярэзніку, па дубняку, Ціха зрабілася ў лесе. Куляшоў. Адшумелі свой час неспакойныя восеньскія вятры. Колас. // перан. Прайсці, закончыцца (пра што‑н. шумнае, гучнае). Тры гады таму назад на гэтай зямлі адшумела вайна. Брыль. Адшумеў лістапад, адзвінелі дажджы. Панчанка.