Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

адро́зненне, ‑я, н.

Рыса, асаблівасць, якая робіць адметнымі адзін прадмет, адну з’яву ад другога прадмета, другой з’явы. Класавыя адрозненні ў грамадстве. Дыялектныя адрозненні.

•••

Знакі адрознення гл. знак.

адро́знівацца, ‑аецца; незак., ад каго-чаго.

Мець асаблівасці, рысы, якія адрозніваюць адзін прадмет ад другога. [Маладзейшы] вельмі адрозніваўся ад свайго панурага таварыша і выглядам, і жвавасцю рухаў. Самуйлёнак.

адро́зніваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да адрозніць.

2. З’яўляцца адметнай асаблівасцю, адзнакай аднаго прадмета, адной з’явы ў параўнанні з іншымі прадметамі, з’явамі. Толькі тое магло б больш-менш адрозніваць гэтую сям’ю, што старэйшая дачка.. любіла шмат і весела смяяцца. Брыль.

адро́зніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каго-што.

Заўважыць розніцу паміж прадметамі, з’явамі; распазнаць, вылучыць. [Сцяпан:] — Іншага сабаку — ваўкарэзіну нават спрактыкаванаму воку цяжка адрозніць ад ваўка. Пальчэўскі. На парозе з’явіліся дзве невялічкага росту бялявыя дзяўчынкі, настолькі падобныя адна да аднае, што іх можна было адрозніць толькі па прычосках. Грахоўскі.

адро́слы, ‑ая, ‑ае.

Які адрос пасля стрыжкі, скошвання. Адрослыя валасы. Адрослая атава.

адро́стак, ‑тка, м.

Частка чаго‑н., якая адыходзіць убок; адгалінаванне. Які куст, такі і адростак. Прыказка. // Адгалінаванне якога‑н. органа. Адростак сляпой кішкі. □ Па трэцім і чацвёртым годзе жыцця рогі лася маюць тры адросткі. В. Вольскі.

адро́шчваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да адрасціць.

адрубны́, ‑ая, ‑ое.

Які мае дачыненне да адрубоў. Адрубная гаспадарка.

адрубы́,

гл. водруб.

адру́злы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які страціў пругкасць, свежасць; вялы, зморшчаны (пра твар, скуру і пад.). Адрузлы, з чырвона-карычневымі плямамі загару, твар у Вабейкі ільсніўся ад поту. Хадкевіч. Чорныя вочкі хутка глянулі і зноў схаваліся пад адрузлымі павекамі. Самуйлёнак.