Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

адка́т, ‑у, М ‑каце, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. адкочваць — адкаціць і адкочвацца — адкаціцца.

2. Спец. Зваротны рух ствала ці ўсёй гарматы пасля стрэлу. Тысячы жэрлаў гармат з адкатам узрыгваюць першы агонь. Брыль.

адката́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм. Кончыць катацца.

адка́тачны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Прызначаны для адкаткі, звязаны з адкаткай. Адкатачны вагон. Адкатачныя работы.

адка́тка, ‑і, ДМ ‑тцы, ж.

Спец. Вываз здабытых карысных выкапняў з забояў і шахтаў. Напалову завершана механізацыя працэсаў бурэння, падземнай адкаткі руды і пароды. «Полымя».

адка́тчык, ‑а, м.

Горнарабочы, які працуе на адкатцы.

адкаці́цца, ‑качуся, ‑коцішся, ‑коціцца; зак.

1. Коцячыся, перамясціцца ў які‑н. бок на пэўную адлегласць. Кола далёка адкацілася ад двара і, трапіўшы ў разору, бездапаможна ляжала на баку. Колас. Яблык ад яблыні далёка не адкоціцца. Прыказка.

2. перан. Адступіць, адысці пад напорам праціўніка. Змятай хваляй адкаціўся вораг, Па-над полем кружаць крумкачы. Панчанка. // Аддаліцца. Хваля адкацілася ад берага.

адкаці́ць, ‑качу, ‑коціш, ‑коціць; зак., каго-што.

Коцячы, перамясціць што‑н. у іншае месца. Адкаціць калодку з-пад ног. Адкаціць калёсы ўбок. □ Ужо адкаціў кулямёты Да самай мяжы батальён. Куляшоў.

адкача́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.

Вярнуць чалавеку прытомнасць. Адкачаць тапельца.

адка́чвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да адкачваць.

адка́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да адкачаць.