Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

адзіно́чнік, ‑а, м.

Разм. Той, хто знаходзіцца ў адзіночнай камеры.

адзіно́чніца, ‑ы, ж.

Жан. да адзіночнік.

адзіно́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які робіцца, адбываецца асобна, адасоблена ад іншых падобных; адзінкавы. Адзіночны стрэл. // Які не мае побач падобных сабе, размешчаны па адным, асобна. [Іван:] — Будзем біць адзіночныя, пераважна легкавыя [машыны]. Новікаў. Па тратуары аддаваліся гулка крокі адзіночнага чалавека. Бядуля.

2. Такі, які выконваецца, ажыццяўляецца сіламі аднаго, без удзелу, без дапамогі другіх. Адзіночны промысел.

3. Прызначаны для аднаго, разлічаны на аднаго. Адзіночная камера. // Звязаны са знаходжаннем у адзіноцтве, у ізаляванні ад іншых. Адзіночнае зняволенне.

•••

Адзіночны лік гл. лік (у 6 знач.).

адзі́нства, ‑а, н.

1. Цэльнасць, непадзельнасць. Адзінства камуністычнай партыі. Адзінства камуністычнага руху. Інтэрнацыянальнае адзінства пралетарыяту. Маральнапалітычнае адзінства. □ На базе агульнасці карэнных інтарэсаў рабочых, сялян, інтэлігенцыі склалася непарушнае сацыяльна-палітычнае і ідэйнае адзінства савецкага народа. Праграма КПСС. // Сканцэнтраванасць чаго‑н. у адным месцы, у адных руках, у адных рамках і пад. Адзінства месца, адзінства часу і адзінства дзеяння — характэрныя асаблівасці класічнай трагедыі.

2. Спалучэнне ў адным цэлым, непарыўнасць сувязі. Адзінства тэорыі і практыкі. Адзінства формы і зместу.

3. Агульнасць, супадзенне, поўнае падабенства. Адзінства думкі.

адзі́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Толькі адзін. Адзіны сын. Адзіная ўцеха. □ Сцерагчы маю краіну, Як мой скарб святы, адзіны, Паклянуся я. Колас. А быць можа — хто знае! — Гэта ты і была, Ты, адзіная ў свеце, Лёс мой, зорка мая. Гілевіч.

2. Цэлы, непадзельны; з’яднаны. Адзіная сям’я народаў. □ Партыя, урад наш — мы ўсе адзіны. Колас. Галоўныя героі і мноства сюжэтна нязначных персанажаў ствараюць уяўленне адзінага і адначасова вельмі шматаблічнага вобраза народа, які з’яўляецца героем «Векапомных дзён». Дзюбайла.

3. Агульны для ўсіх, той самы, аднолькавы. Адзіныя патрабаванне Адзіная сістэма. Адзіны арфаграфічны рэжым. Адзіны погляд. Адзінае кіраўніцтва. □ Для сучаснага этапа нацыянальна-вызваленчай барацьбы народаў характэрным з’яўляецца той факт, што ў многіх краінах склаўся або складаецца адзіны нацыянальны фронт. «Звязда». Задача ў нас была адна, І лёс адзіны нас сасватаў. Астрэйка.

адзіню́сенькі, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і адзінюткі.

адзіню́ткі, ‑ая, ‑ае.

Разм. Зусім адзін.

•••

Адзін-адзінюткі гл. адзін.

адзіхаце́ць, ‑ціць; зак.

Перастаць зіхацець. Адзіхацелі зоры.

адзічэ́ласць, ‑і, ж.

Уласцівасць адзічэлага.

адзічэ́лы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і здзічэлы.