Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

адглянцава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад адглянцаваць.

адглянцава́цца, ‑глянцуюся, ‑глянцуешся, ‑глянцуецца; зак.

Набыць глянец, стаць выглянцаваным, адпаліраваным. Яна [дарога] так адглянцавалася аўтамабільнымі шынамі, што калі глядзіш на яе седзячы на пярэднім сядзенні, дык, здаецца, гэта і дарога не дарога, а роўная, як струнка, рака. Лынькоў.

адглянцава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; зак., што.

Навесці глянец, бляск на што‑н.

адгніва́ць, ‑ае.

Незак. да адгнісці, адгніць.

адгні́сці, ‑гніе; зак.

Згніўшы, адваліцца, адпасці. Дзядзька Цімох плот загарадзіў яшчэ да мяне з новага частаколу, а гэты — каторы збуцвеў, у каторага канцы адгнілі — склаў у кучу на дровы. Баранавых.

адгні́ць, ‑гніе; зак.

Тое, што і адгнісці.

адго́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Разм. Аддзяка, адплата дагаджэннем за дагаджэнне каму‑н. [Бабуля:] — А з норкі выбегла Мышка, у збегла на лаўку, на плячо Марыльцы і шэпча ёй на вуха: «Дзеўка-дзявіца, русая касіца, дай мне лыжачку кашы. Я табе буду ў адгодзе ў вялікай прыгодзе». Брыль.

адго́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да адгадзіць.

адго́н, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. адганяць — адагнаць (у 1, 2, 4 знач.).

2. Малако, з якога сепаратарам аддзелена, адагнана смятанка. З дзесяці машын здадзенага малака сем машын адгону вяртаюць калгасу. Дуброўскі.

3. Прадукт адгонкі парай. Спіртавыя адгоны.

адго́нка, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.

Спец. Дзеянне паводле дзеясл. адганяць — адагнаць (у 4 знач.).