Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

адарва́насць, ‑і, ж.

Стан адзіноты, адчужанасці, адсутнасць сувязі з кім‑н., чым‑н. Пазіраючы на гэтыя балоты-пустэлі, Лабановіч часамі пачуваў у сэрцы нейкую адарванасць ад жыцця і свету. Колас. Колькі разоў здаралася: стамляўся [Якаў], пачынаў сумаваць у дарозе, уяўляліся нават адзінота, адарванасць ад людзей. Кулакоўскі.

адарва́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад адарваць (у 1, 3, 4 знач.).

адарва́цца, ‑рвуся, ‑рвешся, ‑рвецца; ‑рвёмся, ‑рвяцеся; зак.

1. Аддзяліцца, адпасці. Каля берага [Макоўчык] нецярпліва пацягнуўся да галіны, але схапіў толькі кволы парастак з некалькімі клейкімі лісткамі. Парастак не вытрымаў і адарваўся. Мележ. Ноччу, калі ўціхамірылася і ўляглося ўсё на вуліцы, мы [палонныя] намацалі слабейшую ліштву, і яна лёгка адарвалася. Адамчык.

2. Аддзяліцца, адысці ад каго‑, чаго‑н. Постаць адарвалася ад крыжа і наблізілася да Колі. Пестрак. Таня кінулася насустрач. Прыпала да .. [Міколы], абхапіла рукамі за шыю і не магла адарвацца. Новікаў. // Аддзяліцца ад зямлі. Самалёт, падскокваючы, пабег па палянцы, а потым, нібы з вялікімі намаганнямі, адарваўся ад зямлі і павіс у паветры. Сабаленка.

3. Перастаць часова займацца чым‑н. па якой‑н. прычыне. Гуляючы з цацкамі на падлозе, .. [Міша] увесь час паглядаў на дарослых, — ці не адарвецца хто-небудзь з іх ад работы і ці не можна будзе з ім хоць трохі пагаварыць. Шахавец. Хлопцы разоў пяць прачыталі лістоўку і ўсё ніяк не маглі ад яе адарвацца. Якімовіч. [Міхал] адарваўся ад сваіх думак, падняўся, пайшоў.. [Мані] насустрач. Васілевіч.

4. перан. Страціць сувязь з кім‑, чым‑н., аддаліцца ад чаго‑н. [Гарнастай:] — Мне тут, хоць бы ты і хацеў, дык ніяк ад людзей не адарвешся. Навуменка. За гады вучобы.. [Лемяшэвіч] крыху адарваўся ад вёскі, не меў знаёмых старшынь калгасаў, а ў раманах, якіх ён перачытаў нямала, і ў кіно старшыні былі падобныя адзін на аднаго. Шамякін. Трымаліся.. [кветкі] пры самай зямлі, баючыся адарвацца ад яе цяпла. Вітка. Гэта была шчырая роспач маці, якая бачыць немінучую гібель свайго дзіцяці, калі яно адарвецца ад яе. Васілевіч. // Вызваліцца ад чаго‑н. Адарвацца ад уплыву старых традыцый.

•••

Сэрца адарвалася ў каго гл. сэрца.

адарва́ць, ‑рву, ‑рвеш, ‑рве; ‑рвём, ‑рвяце; зак., каго-што.

1. Рыўком, пацягнуўшы, аддзяліць (частку ад цэлага, што‑н. прымацаванае). Адарваць лісток календара. □ Сцёпка борзда развязаў торбу.., адламаў кусок хлеба, адарваў надрэзаны кавалачак сала і са смакам стаў сілкавацца. Колас. // звычайна безас. Адрэзаць, знесці (пра галаву, часткі цела) машынай, снарадам і пад. Беднай гімназістцы выбухам першай нямецкай бомбы ў пачатку вайны адарвала ногі. Карпюк.

2. ад каго-чаго. Рэзкім рухам, пераадольваючы супраціўленне, адняць, аддаліць. Асокін, крыху схіліўшыся, абняў Карніцкага і адарваў ад падлогі. Паслядовіч. [Леанід] пацалаваў халодныя вусны дзяўчыны. Аля хутка адарвала свае губы і схавала твар на яго грудзях. Мележ. Пры апошніх словах хірург нейкім упартым рыўком адарваў сваю цяжкую галаву ад зямлі і флегматычным позіркам акінуў.. субяседнікаў. Васілевіч.

3. перан. Разлучыць. Ад Васіля хлопцаў усё роўна не адарвеш. Кавалёў. // Аддзяліць, пазбавіць сувязі з кім‑, чым‑н. Добры канец у яго [Свідраля] разуменні азначаў, што ён зноў вернецца да ранейшага жыцця, ад якога яго адарвалі. Дуброўскі.

4. перан. Перашкодзіць займацца чым‑н., адцягнуць (ад думак і пад.). Адарваць ад работы. □ — Толькі абыякавы чалавек можа кінуць пачатую справу, не скончыўшы яе, — адказвае Мікола Пышко. — Хіба ж цяпер мяне адарвеш, ад таго, што тут [на «Нафтабудзе»] зроблена і робіцца кожны дзень? Грахоўскі. Раптам знаёмы голас над самым вухам адарваў яго [Петрака] ад чытання. Чорны. Гаспадыня намагалася больш і цікавей гаварыць, каб адарваць ад нейкіх зацяжных і, бадай, невясёлых думак сваіх кватарантаў. Кулакоўскі.

•••

Адарваць з пупавінай — вырваць з коранем, выкараніць.

Вачэй не адарваць — вельмі захапіцца прыгажосцю каго‑, чаго‑н.

Вушы (галаву) адарваць (груб.) — набіць, пакараць.

Гнілому цяляці хваста не адарве — пра слабага, ціхмянага чалавека.

З рукамі адарваць — узяць, купіць што‑н. у каго‑н. з вялікай ахвотай.

На хаду падноскі адарваць — пра спрыт каго‑н.

адаро́насць, ‑і, ж.

Уласцівасць адаронага; даравітасць, здольнасць. Характар Максіма Астаповіча яскрава адбівае ў сабе некаторыя істотныя рысы працоўнага беларуса — яго адаронасць, працавітасць, высакароднасць. Луфераў.

адаро́ны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і адораны (у 2 знач.).

адарфава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад адарфаваць.

адарфава́ць, ‑фую, ‑фуеш, ‑фуе; зак., што.

З дапамогаю арфы выдаліць са збожжа мякіну, насенне пустазелля, смецце і пад.

адарфо́ўвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да адарфаваць.

адарфо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; што.

Незак. да адарфаваць.