адканапа́чвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да адканапачваць.
адканапа́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да адканапаціць (у 2 знач.).
адкапа́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад адкапаць.
адкапа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Капаючы, вызваліцца з-пад таго, чым засыпаны; выбрацца наверх. Адкапацца з-пад снежнага абвалу.
адкапа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Капаючы, адкрыць, дастаць з-пад чаго‑н.; вызваліць засыпанае, заваленае чым‑н. Пакуль адкапалі ракету, давялося папацець. Бурмакоў вырашыў перавезці яе куды-небудзь па імшару, каб часам буран не засыпаў зноў. Шыцік. Мішурын перавязаў сваю руку вышэй локця і пачаў гаўкаць на слых, адкуль стогне чалавек. Здаровай рукой ён яго неўзабаве адкапаў з-пад цэглы. Чорны. // Выкапаць. Гэты клён Той вясной я знайшоў у гаі, Адкапаў там ашчадна, Прынёс. Броўка.
2. Адкідаць што‑н. ад (з) чаго‑н. Адкапаць снег ад ганка.
3. Разм. Выканаўшы сваю норму, кончыць капаць, капацца. Траншэю.. [Пшанічны] вырашыў не капаць, хай гэта робіць Глечык, а ён ужо адкапаў сваё. Быкаў. // Зрабіцца непрыгодным для капання, знасіцца ад доўгага ўжывання. Гэта лапата сваё адкапала.
4. перан. Разм. Адшукаць, знайсці, здабыць што‑н. забытае, малавядомае і пад. Рыгор цяпер выконваў абавязкі загадчыка і выпадкова адкапаў артыкул у «бяздоннай папцы». Даніленка.
адкапы́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што.
Разм. груб. Скрывіўшы, адставіць; адвесіць (пра губы). Аляксей Ісаевіч зморшчыў лоб, смешна адкапыліў губу. Хомчанка. Зазваніў званок. Гэта званіў наш маўклівы вартаўнік, што заўсёды хадзіў адкапыліўшы ніжнюю цяжкую губу. Адамчык.
адкара́скацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак., ад каго-чаго.
Разм. Пазбегнуць, пазбавіцца чаго‑н., ухіліцца, адчапіцца, адвязацца ад чаго‑н. Моцна прысцігнула гора. Здавалася, канца і краю няма яму і ніколі ад яго не адкараскацца. Крапіва. Каб як адкараскацца ад надакучлівых думак.., [Іван] хутчэй засігаў далей. Быкаў.
адкара́сквацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да адкараскацца.
адкаркава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад адкаркаваць.
адкаркава́цца, ‑куецца; зак.
Адаткнуцца, адкрыцца (пра ўсё, што закрыта коркамі).