адкаласава́ць, ‑суе; зак.
Выпусціць колас. Лета было ў.. разгары. Даўно адкаласавала жыта. Шашкоў.
адкалашма́ціць, ‑мачу, ‑маціш, ‑маціць; зак., каго-што.
Разм. Моцна пабіць.
адкало́цца, ‑калюся, ‑колешся, ‑колецца; зак.
1. Аддзяліцца, адваліцца ад таго, што колецца, бурыцца.
2. перан. Парваць сувязь з кім‑, чым‑н., выйсці са складу якой‑н. арганізацыі, групы і пад. Адкалоцца ад таварышаў. □ Хто б мог падумаць, што паненка сапраўды адколецца ад шляхты. Бажко.
адкало́ць, ‑калю, ‑колеш, ‑коле; зак., каго-што.
1. Колючы, аддзяліць; адламаць, адшчапаць. Хвалі крыгу адкалолі, Вір пад крыгай забурліў. Лодку ўзяць Сымон не здолеў, Так на крызе і паплыў. А. Александровіч. [Максім] секануў другі раз на вяршок вышэй і адкалоў тоўстую трэску. Шамякін.
2. перан. Разлучыць з кім‑н., аддзяліць ад каго‑, чаго‑н.
3. Разм. Зрабіць, сказаць што‑н. нечаканае, недарэчнае. Адкалоць штуку. □ Пры сустрэчы з Шаманскім Якуб Малашчыцкі адкалоў той жа завучаны рэверанс са словамі: «Ваша чэсць». Дуброўскі.
адкалупа́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад адкалупаць.
адкалупа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Аддзяліць, калупаючы; адкрышыць, адарваць пазногцем, пальцам ці якой‑н. прыладай. Антон нервова пальцамі адкалупаў нейкую карынку на зрубе. Грамовіч.
адкалу́пвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да адкалупваць.
адкалу́пваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да адкалупаць.
адкалупі́ць, ‑луплю, ‑лупіш, ‑лупіць; зак., што.
Разм. Аддзяліць, укалупнуўшы; адкалупнуць. Паклаўшы люльку, выняў [дзядзька] скалку, Адкалупіў ён цыру галку І гасіць крэсівам. Колас.
адкалу́плены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад адкалупіць, адкалупнуць.