Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

адзіню́сенькі, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і адзінюткі.

адзіню́ткі, ‑ая, ‑ае.

Разм. Зусім адзін.

•••

Адзін-адзінюткі гл. адзін.

адзіхаце́ць, ‑ціць; зак.

Перастаць зіхацець. Адзіхацелі зоры.

адзічэ́ласць, ‑і, ж.

Уласцівасць адзічэлага.

адзічэ́лы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і здзічэлы.

адзічэ́нне, ‑я, н.

Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. адзічэць.

адзічэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.

Тое, што і здзічэць.

адзна́ка, ‑і, ДМ ‑знацы, ж.

1. Метка, знак, пастаўлены з мэтай абазначыць што‑н., паказаць на што‑н. Адзнака на дрэве. Адзнака на карце. // Запіс, штамп і пад., якія сведчаць што‑н. — Адзінае, што я магу зрабіць, — сказаў .. [дзяжурны па станцыі], разглядаючы паперкі, — гэта адзнаку аб прычынах затрымання грузу. Самуйлёнак. [Паліцай:] — Бачыце, бачыце, пан афіцэр, тут [у кнізе запісу хворых] ёсць свежыя адзнакі аб выпісцы. Лынькоў. // Прадмет, які служыць умоўным абазначэннем чаго‑н. Тры стужкі — адзнакі аб раненнях, ордэны і медалі на гімнасцёрцы самі сабой сведчылі аб яго шляху ў гады вайны. Хадкевіч. // Знак, які астаўся пасля чаго‑н. на якой‑н. паверхні; след. Абапал дарог усюды віднеліся адзнакі нядаўніх баёў — чорныя варонкі, скарэжаныя машыны. Мележ. Дзе была запляснелая сінь, Там няма і адзнакі балота. Глебка.

2. Знак, прыкмета, акалічнасць, паводле якіх можна пазнаць, вызначыць што‑н. Адзнакі хваробы. □ І вось яно выхадзілася, выстаялася гэтае новае жыццё, набыло такія адзнакі, па якіх відаць было, што стаяць яму назаўсёды. Лынькоў. Прывычка гаварыць сам з сабой у некаторых ёсць адзнака блізкай ці сапраўднай старасці. Чорны. // Прыкмета, акалічнасць, якая прадвяшчае, прадказвае што‑н. Гадавалі вока дружныя ўсходы яравых; па ўсіх адзнаках, ураджай павінен быць добры. Гурскі.

3. Асаблівасць, рыса, якімі асоба, прадмет і пад. адрозніваюцца ад іншых асоб, прадметаў і пад. — Пад языком у.. [сакаляняці] знаходзіцца зубец — характэрная адзнака ўсіх сокалаў, — гаворыць Лёня. В. Вольскі. Разам з тым.. [Крапіва] дбайна збярог і традыцыйныя ўласцівасці, традыцыйныя адзнакі баечнага жанру. Казека.

4. Агульнапрынятае абазначэнне ступені ведаў і паводзін навучэнцаў. Жарынку не зацікавіў па-сапраўднаму ні адзін прадмет, ёй было ўсё роўна, што вучыць, абы атрымаць добрую адзнаку. Шыцік. Гартаючы сшыткі, Святлана прыкмеціла, што ў іх было многа добрых і выдатных адзнак. Шахавец.

5. Ганаровы знак, ордэн, медаль і пад. Маці беражна з хусцінкі Зорку з гонарам вымала. — Бацька твой — баец славуты, Гэта бацькава адзнака. Броўка.

•••

Дыплом з адзнакай гл. дыплом.

адзна́чаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад адзначыць.

адзнача́цца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да адзначыцца.

2. чым. Мець якія‑н. адметныя, характэрныя рысы; вызначацца чым‑н. [Драўляны ложак] адзначаўся той асаблівасцю, што за кожным недалікатным дотыкам... распадаўся. Таўлай.

3. Назірацца, выяўляцца. Адзначаліся на.. [твары] сляды перажытых пакут і нават ухмылкі былі, хоць шчырыя, ды панурыя. Чорны.

4. Зал. да адзначаць.