адзіно́кі, ‑ая, ‑ае.
1. Які знаходзіцца, размяшчаецца адасоблена ад іншых прадметаў. Люблю сум дзічкі адзінокай, Забытай ў полі пастушкамі. Лойка. Над адзінокім ціхім стогам Дыміцца сіняя імгла. Танк.
2. Які не мае сям’і, сваякоў, блізкіх. Гэй, сустрэнь, любы, Прыгарні, любы, Мяне маладую, Бо ніхто ж мяне, Адзінокую, Не шкадуе. Глебка. Адзінокі лось пазнаў тады, Што з людзьмі карысць яму дружыць. Бялевіч. // Які адчувае сябе чужым сярод людзей, далёкім ад іх. Пракоп адчуў сябе пабітым і адзінокім. Колас. // Не характэрны для пэўных умоў, рэдкі. Адзінокія крокі.
3. Які праходзіць, адбываецца ва ўмовах адзіноты. Адзінокая старасць.
•••
Адзін-адзінокі гл. адзін.
адзіно́та, ‑ы, ДМ ‑ноце, ж.
1. Адасобленасць у выніку страты родных ці блізкіх або ў выніку жадання пабыць (пажыць) асобна ад іншых. Гадзіна адзіноты. Гібець у адзіноце. Не пакінуць у адзіноце. На адзіноце (сам) з сабою. Пабыць (быць) на адзіноце. □ Упершыню ў гэтую хвіліну Максімка адчуў, што яго назаўсёды пакідае трывожны страх сіроцкай адзіноты. Якімовіч. [Яснотка:] — Люблю, ведаеце, адзіноту. А .. тут такі прыгожы лес, што так і цягне мяне. Крапіва.
2. Бязлюднасць, сіратлівасць. Адзінотай і пустэчай Ўсюды веяла з палёў. Колас.
3. Стан адзінокага чалавека як вынік адчужанасці, разрыву з навакольныя асяроддзем; адзіноцтва. Адчуць адзіноту. Пачуццё адзіноты. □ [Наталя] адчувала, што.. памылка яе прывяла да самага страшнага — да адзіноты, калі ты хаваеш сябе ад другіх. Скрыган.
адзіно́цтва, ‑а, н.
Тое, што і адзінота (у 2, 3 знач.).
адзіно́чка, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑чцы, Т ‑ай (‑аю); Р мн. ‑чак; ж.
1. Той, хто адзін, без сям’і, не ў пары. Усе настаўніцы і настаўнікі-адзіночкі харчаваліся ў сталовай. Дубоўка. // Той, хто робіць што‑н., займаецца чым‑н. адзін, без удзелу, без дапамогі іншых. Герой-адзіночка. Саматужнік-адзіночка.
2. Тое, што разлічана на аднаго чалавека. Лодка-адзіночка. Пасадзіць у адзіночку.
•••
Маці-адзіночка гл. маці.
адзіночналі́кавы, ‑ая, ‑ае.
У выразе: адзіночналікавы назоўнік — назоўнік, які ўжываецца толькі ў адзіночным ліку, напрыклад: пух, мяса, помста.
адзіно́чнік, ‑а, м.
Разм. Той, хто знаходзіцца ў адзіночнай камеры.
адзіно́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які робіцца, адбываецца асобна, адасоблена ад іншых падобных; адзінкавы. Адзіночны стрэл. // Які не мае побач падобных сабе, размешчаны па адным, асобна. [Іван:] — Будзем біць адзіночныя, пераважна легкавыя [машыны]. Новікаў. Па тратуары аддаваліся гулка крокі адзіночнага чалавека. Бядуля.
2. Такі, які выконваецца, ажыццяўляецца сіламі аднаго, без удзелу, без дапамогі другіх. Адзіночны промысел.
3. Прызначаны для аднаго, разлічаны на аднаго. Адзіночная камера. // Звязаны са знаходжаннем у адзіноцтве, у ізаляванні ад іншых. Адзіночнае зняволенне.
•••
Адзіночны лік гл. лік (у 6 знач.).
адзі́нства, ‑а, н.
1. Цэльнасць, непадзельнасць. Адзінства камуністычнай партыі. Адзінства камуністычнага руху. Інтэрнацыянальнае адзінства пралетарыяту. Маральнапалітычнае адзінства. □ На базе агульнасці карэнных інтарэсаў рабочых, сялян, інтэлігенцыі склалася непарушнае сацыяльна-палітычнае і ідэйнае адзінства савецкага народа. Праграма КПСС. // Сканцэнтраванасць чаго‑н. у адным месцы, у адных руках, у адных рамках і пад. Адзінства месца, адзінства часу і адзінства дзеяння — характэрныя асаблівасці класічнай трагедыі.
2. Спалучэнне ў адным цэлым, непарыўнасць сувязі. Адзінства тэорыі і практыкі. Адзінства формы і зместу.
3. Агульнасць, супадзенне, поўнае падабенства. Адзінства думкі.
адзі́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Толькі адзін. Адзіны сын. Адзіная ўцеха. □ Сцерагчы маю краіну, Як мой скарб святы, адзіны, Паклянуся я. Колас. А быць можа — хто знае! — Гэта ты і была, Ты, адзіная ў свеце, Лёс мой, зорка мая. Гілевіч.
2. Цэлы, непадзельны; з’яднаны. Адзіная сям’я народаў. □ Партыя, урад наш — мы ўсе адзіны. Колас. Галоўныя героі і мноства сюжэтна нязначных персанажаў ствараюць уяўленне адзінага і адначасова вельмі шматаблічнага вобраза народа, які з’яўляецца героем «Векапомных дзён». Дзюбайла.
3. Агульны для ўсіх, той самы, аднолькавы. Адзіныя патрабаванне Адзіная сістэма. Адзіны арфаграфічны рэжым. Адзіны погляд. Адзінае кіраўніцтва. □ Для сучаснага этапа нацыянальна-вызваленчай барацьбы народаў характэрным з’яўляецца той факт, што ў многіх краінах склаўся або складаецца адзіны нацыянальны фронт. «Звязда». Задача ў нас была адна, І лёс адзіны нас сасватаў. Астрэйка.