адкармі́ць, ‑кармлю, ‑корміш, ‑корміць; зак., каго.
Тое, што і выкарміць (у 2 знач.). Адкарміць свіней. // Добрай ежай, кормам паправіць; аздаравіць. Я тады быў малы і бачыў, як гаспадар стараецца гэтага каня адкарміць і падняць на ногі. Чорны.
адкаса́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад адкасаць.
адкаса́цца, ‑аецца; зак.
1. Адвярнуцца, апусціцца (пра адзенне). Рукавы адкасаліся.
2. перан.; ад каго-чаго. Вызваліцца, пазбавіцца ад чаго‑н. дакучлівага, непатрэбнага; адчапіцца. [Ратушняк] баяўся заснуць, але, каб адкасаўся сон, трэба было злазіць з саней і ісці ззаду. Пташнікаў.
адкаса́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Адвярнуць, апусціць што‑н. закасанае. Выйшаў Грыша на грудок, абцёр з ног гразь, адкасаў калашыны. Пальчэўскі.
адка́сванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. адкасваць — адкасаць.
адка́свацца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да адкасацца.
2. Зал. да адкасваць.
адка́сваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да адкасаць.
адкасі́цца, ‑кашуся, ‑косішся, ‑косіцца; зак.
Разм.
1. Закончыць касьбу.
2. Кінуць касіць, перастаць працаваць на касьбе па нейкіх прычынах. Ну, дзе там ужо.. [Дзядзьку Еўтуху]: стары, адкасіўся чалавек. Бялевіч.
3. Косячы, прайсці пэўную адлегласць. Адкасіцца ад мяжы на дзесяць крокаў.
адкасі́ць, ‑кашу, ‑косіш, ‑косіць; зак.
1. Пракасіць каля чаго‑н. Адкасіць ад мяжы.
2. Адпрацаваць на касьбе за што‑н. [Мышкін:] — Улетку ці адажне жонка, ці сам адкосіш, няхай ужо, па-суседску разлічымся. Галавач.
3. Перастаць касіць, зрабіўшы норму або страціўшы сілы.
4. Пакасіць пэўны час. Тры дні адкасіць.
адкасну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
Адстаць, адчапіцца, адвязацца. [Аўгіня:] — Адкасніся ад мяне. Ідзі прэч. Колас. [Хмялеўскі:] — Ды каб я ад Халусты адкаснуўся, то чалавекам стаў бы. Чарнышэвіч. Калі любіш — ажаніся, а не любіш — адкасніся. Прыказка.
•••
Адкасніся ад маёй галавы — перастань дакучаць, адчапіся.