Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

аддрукава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., што.

1. Тое, што і надрукаваць.

2. Разм. Старанна выпісаць (літары, лічбы).

аддрыжа́ць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; ‑жым, ‑жыце; зак.

Скончыць, перастаць дрыжаць. Ні болю вострага, ні жалю, І струны сэрца аддрыжалі. Колас.

аддуба́сіць, ‑башу, ‑басіш, ‑басіць; зак., каго.

Разм. Бязлітасна пабіць (кулакамі, палкай). Язэпу не хацелася ісці да дзеда. Баяўся, што дзед расстаўляе яму пастку: заманіць у хату, а там заб’е або добра аддубасіць. Асіпенка.

адду́ха, ‑і, ДМ ‑дусе, ж.

Разм.

1. Кароткі перапынак для адпачынку. Два дні ішоў дождж — сцябаў зямлю без аддухі, без літасці. Пташнікаў.

2. Тое, што і аддушына (у 2 знач.).

адду́шына, ‑ы, ж.

1. Адтуліна для выхаду паветра, дыму, пары. Замест акон ледзь свяціліся надземныя аддушыны. Баранавых.

2. перан. Тое, што дае выхад якім‑н. пачуццям, імкненням і пад. Вось хоць бы і тутэйшы народ: бедны, ледзь-ледзь зводзіць канцы з канцамі, таўчэцца, кідаецца ў розныя бакі, шукаючы аддушыны, і мала хто знаходзіць яе. Колас.

аддыме́ць, ‑міць; зак.

Скончыць, перастаць дымець.

адды́мны, ‑ая, ‑ае.

Такі, які можна зняць, аддзяліць. Аддымныя дзверцы.

адды́ха, ‑і, ж.

Тое, што і аддуха. Машэка плыў, марнеў з нягоды, Аддыху рэдка меў калі. Купала.

адды́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Перайсці да спакойнага роўнага дыхання (пасля бегу, рэзкіх рухаў і пад.); перавесці дух. [Маці] трымае хустку ў руцэ, прыціснула руку да грудзей, мусіць, задыхалася вельмі, спатыкаецца ад стомы і страху, падае, узнімаецца, сцішае на хвіліну крокі, каб аддыхацца, ізноў ідзе подбежкам. Галавач. Мімаволі падкасіліся ногі, і Анісся прыхілілася да заснежанага плоту, каб аддыхацца, сабрацца з думкамі. Лынькоў.

аддыха́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да аддыхнуць.